17 снежня — Дзень беларускага кіно

Лента новостей

“Больш фільмаў цікавых і яркіх…” – такія пажаданні выказваюць гледачы да сучаснай кінаіндустрыі, і датычыцца гэта таксама і нашага айчыннага кіно. З той пары, калі браты Лум’ер падарылі чалавецтву новы від мастацтва, прайшло шмат гадоў і створана нямала шэдэўраў. Лепшыя фільмы адзначаюцца сусветна-вядомымі прэміямі, а іх пракат прыносіць вялікія касавыя зборы. І не заўсёды стварэнне добрых стужак патрабуе грандыёзных выдаткаў. Ёсць прыклады, калі не прыходзілася ўкладваць многа грошай, а дзякуючы таленту сцэнарыста, рэжысёра і акцёраў фільм заваёўваў вялікія сімпатыі гледачоў. А знакаміты рэжысёр Сцівен Спілберг спачатку проста быў рабочым на кінастудыі, а потым задаў сабе пытанне: “Ці змагу я здымаць фільмы лепшыя, чым яны?” (яго работадаўцы). І вельмі добра зрабіў, таму што зараз яго шэдэўрам радуецца цэлы свет.
У нашым айчынным кіно ёсць свае пэўныя здабыткі. У Беларусь ахвотна прыязджаюць вядомыя акцёры з Расійскай Федэрацыі і іншых краін. Вельмі станоўча выказаўся пра ўмовы творчай працы ў нас выдатны акцёр і рэжысёр Уладзімір Машкоў. Ахвотна прыязджае і здымаецца тут артыст Сяргей Бязрукаў. А ў мінулым годзе ў жыццё была ўвасоблена творчая задумка Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы і Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, а таксама ЗАА “Цэнтрал Партнершіп”. Аўтарамі сцэнарыя мастацкага фільма “Брэская крэпасць” сталі Аляксей Дудараў, Кацярына Цірдатава, Уладзімір Яромін і Канстанцін Вераб’ёў, а рэжысёрам Аляксандр Кот. І зусім не пашкодзіла фільму тое, што здымацца ў ім не запрасілі вядомых “зорак”. Ролі ігралі Павел Дзеравянка, Яўген Цыганоў, Андрэй Мярзлікін, Юрый Анпілогаў, Кірыл Балтаеў, Сяргей Уласаў, Анатоль Кот, Алёша Капашоў і іншыя. Стужка яскрава расказвае пра гераічную абарону Брэсцкай крэпасці, якая прыняла на сябе першы ўдар фашысцкіх захопнікаў. У аснову сцэнарыя пакладзены дакладныя падзеі і лёсы яе абаронцаў. Ёсць у фільме і кранаючая гісторыя кахання. Шмат гадоў пазней ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Акімаў вяртаецца ў памяці да тых вогненных дзён. А тады ён быў 15 – гадовым юнаком, закаханым у дзяўчыну Веру.
Гэты фільм у нашым раёне, па словах дырэктара ўнітарнага кінавідовішчнага прадпрыемства «Бераставіцакінавідэасетка» Аляксандра Марозіка, многія змаглі ўбачыць, хаця кінатэатр у гарпасёлку не функцыянуе. Відэаперасоўная ўстаноўка прыязджае ў школы, дзіцячыя сады, сельгаскааператывы і арганізацыі. За 11 месяцаў гэтага года сеансаў для гледачоў было 833, а грошай зароблена больш за 18 мільёнаў рублёў. План на год – 20 мільёнаў. Мяняецца жыццё, адышла ў нябыт звычка “хадзіць у кіно”, але затое з’явіліся іншыя зручнасці.
А дагаворваецца аб тэматычных паказах метадыст Ірына Яроцкая. Менавіта дзякуючы ёй глядач Бераставіччыны не застаецца без пазнавальнай і цікавай інфармацыі, дакументальных і мастацкіх фільмаў.
Увогуле, пра будучыню беларускага кіно існуе думка: дапамогуць яму набыць шырокую папулярнасць … маладыя. Не заўсёды ўсё вырашаюць грошы – абы арыгінальныя ідэі праз талент маглі быць данесены да гледача. З маладой энергіяй і імпэтам можна шмат зрабіць, было б жаданне! Галоўнае — данесці свой погляд да гледача, прымусіць яго быць нераўнадушным, суперажываць. А простыя сюжэты, напрыклад, на вечную тэму кахання можна браць проста з жыцця…
На здымку: метадыст Ірына Яроцкая і вадзіцель машыны з перасоўнай апаратурай Іван Відукоў.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *