Іван Носка з СВК “Макараўцы”– механізатар адказны і працавіты

Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_0065Роўная, як падстрыжаная пад адзін грабеньчык, шчотка пожні нядоўга нагадвала пра залатое мора калосся, што красавалася на гэтым полі. Зараз у гаспадарках поўным ходам ідзе сяўба азімых. Вяскоўцы выкарыстоўваюць кожны прыдатны дзень.
Вось і на палях СВК “Макараўцы” на гэтым тыдні кіпела работа. А зрабіць трэба нямала – агульны клін тут складае 1870 гектараў, з якога 1500 гектараў адведзена пад збожжавыя на зерне. Ужо пасеяны 150 гектараў азімага ячменю, трэба пасеяць 700 гектараў азімага трыцікале і 650 гектараў азімай пшаніцы. Перавагу аддаюць перспектыўным гатункам – напрыклад, пшаніцы “Сукцэс” германскай селекцыі, а насенне ўжо радуе сваё. Уласнае насенне дало і трыцікале “Вітон”, па якое ездзілі ў мінулым годзе ў СВК “Прагрэс — Верцялішкі” Гродзенскага раёна. У нашых умовах такія гатункі даюць пры захаванні сучасных тэхналогій аптымальную аддачу.
Механізатар Іван Носка (на здымку) зараз заняты на куль­тывацыі. Ужо нямала гадоў прай­шло з таго часу, калі ён з новенькім пасведчаннем трактарыст- машыніста з Малабераставіцкага вучэбна-вытворчага камбіната ўладкаваўся на працу ў родную гаспадарку. За штурвал “жалезнага каня” хлопца тады не пасадзілі – не было яму яшчэ 18 гадоў, таму пачынаў слесарам, што дапамагло атрымаць добрыя навыкі ў рамонце сельгастэхнікі, і яны потым вельмі прыгадзілася. А першы трактар яго быў старэнькі Т – 25, на якім адправілі пачынаючага механізатара на збор камянёў. Той далёкі дзень запомніўся яму назаўсёды. Шмат вады ўцякло з таго часу, папрацаваў чалавек і ў фермера, але вярнуўся ў сельгаскааператыў. Любую работу яму можна даверыць і нават не сумнявацца ў якасці – усё будзе зроблена як належна. Палюбавацца на падрыхтаванае да сяўбы азімых поле давялося і мне. Ад душы пахвалілі Івана Носку за адказнасць і працавітасць намеснік старшыні па раслінаводстве Юрый Юхнюк і загадчык участка Віталій Рудкін. Кінуўшы спрактыкаваным вокам, візуальна можна вызначыць, што заслугоўвае ён вышэйшага бала за выконваемую работу. За змену механізатар падрыхтоўвае пад сяўбу ў сярэднім па 25 гектараў. У дзве змены вядзецца ў гаспадарцы сяўба, пакуль задзейнічаны дзве сеялкі, плануюць дадаць яшчэ адну.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *