“Я прысвяціла жыццё любімай справе …“

Лента новостей Человек и его дело

IMG_0800 1Вось ужо больш за чвэрць стагоддзя дорыць свае веды навучэнцам Малабераставіцкага ліцэя добрая, спагадлівая і працавітая настаўніца беларускай і рускай моў Ларыса Лушчыцкая. Нядаўна яна адсвяткавала свой ​​55-гадовы юбілей. Напярэдадні гэтай падзеі я запыталася ў Ларысы Мікалаеўны, ці шкадуе яна аб выбары сваёй прафесіі. На што пачула: “Я ніколі ні аб чым не шкадавала. Думка аб тым, што жыццё прысвяціла любімай справе, будзе заўсёды грэць маю душу”.
Сёння ні для каго не сакрэт, што сучасны настаўнік- мовазнаўца павінен спалучаць у сабе творчасць, розум, багаты ўнутраны свет і нязгасную ўнутраную энергію. Асноўная яго задача — не толькі навучыць правільна пісаць і развіваць у вучняў цікавасць да чытання, але і абуджаць у сэрцы кожнага «пачуцці добрыя». Менавіта гэту задачу і ставіць перад сабой Ларыса Мікалаеўна.
Пра родныя мясціны
— Нарадзілася я ў 1958 годзе ў вёсцы Агароднікі Капыльскага раёна Мінскай вобласці. У 1966 го-дзе пайшла ў першы клас школы, якая насіла імя Кузьмы Чорнага. Пасля яе заканчэння я паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, а потым па размеркаванні трапіла ў Дзямідавіцкую сярэднюю школу, якая знаходзілася ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Там тры гады выкладала рускую мову і літаратуру. Самыя лепшыя моманты ў жыцці звязаны менавіта з гэтым месцам. На жаль, так склаліся абставіны, што я павінна была змяніць месца жыхарства.
Пра другую радзіму
— Варта сказаць пра тое, што Бераставіччына ніколі не была для мяне чужынай. Яна не толькі радзіма майго дзядулі (жыў ён у вёсцы Непарожнеўцы), але і маіх братоў і сясцёр.
У той момант, калі я прыехала сюды, убачыла аб’яву ў газеце, што патрабуюцца выкладчыкі беларускай і рускай моў. Так я трапіла ў Малабераставіцкі ліцэй. А Бераставіччына стала для мяне другой радзімай.
Пра людзей
добрых
— Я вельмі ўдзячная лёсу, што ўсё жыццё са мной побач крочаць добрасумленныя і дастойныя людзі. Мой былы класны кіраўнік Святлана Шанчук, настаўніца беларускай мовы Вольга Марціновіч, настаўніца рускай мовы Ганна Гардзіевіч шмат зрабілі для станаўлення мяне як асобы.
Мне пашанцавала ў жыцці, таму што ў мяне былі і такія вопытныя настаўнікі, якія вучылі нас не толькі граматыцы, але і жыццю. Гэта і Надзея Журыд — настаўніца матэматыкі, якая прайшла ўсю вайну ў якасці разведчыцы. На сам рэч, такіх педагогаў шмат было ў нашай школе.
З вялікім задавальненнем успамінаю свой былы моладзевы калектыў у Дзямідавіцкай школе. Там я спаткала шмат добрых людзей, якія неаднаразова дапамагалі мне ва ўсім. Асобнае дзякуй хачу сказаць і майму сучаснаму калектыву. Яшчэ калісьці былы дырэктар ліцэя Віктар Рабаў і настаўнікі прынялі мяне вельмі добра. І па сённяшні дзень мне прыемна працаваць тут і настаўнікам, і куратарам. Сёлета я дам пуцёўку ў жыццё ўжо ў дванаццаты раз сваім выпускнікам.
Пра прызванне
— Люблю ўспамінаць аб тым, як выбрала для сябе гэту прафесію. Трэба адзначыць, я заўсёды любіла ўрокі мовы і літаратуры. Асабліва таму, што іх вялі цудоўныя настаўніцы. Яшчэ малой дзяўчынкай глядзела на іх і марыла стаць такой жа справядлівай і разумнай. Яны ўмелі так цікава распавядаць на ўроках, што ўвесь клас заслухваўся. Дзякуючы ім я і стала настаўніцай.
Не буду ўтойваць, часам бывае настолькі цяжка, што здаецца, кінуў бы ўсё ды і паехаў бы куды вочы глядзяць… Але потым, калі заўважаеш, што дзеці да цябе цягнуцца — забываеш усё дрэннае і пачынаеш адчуваць супакаенне і радасць.
Сярод маёй радні шмат медыкаў і прадстаўнікоў іншых прафесій. Толькі мая стрыечная сястра больш за 40 гадоў вучыла дзяцей малодшых класаў. Яе дачка пайшла па матуліных слядах — стала настаўніцай англійскай мовы. Калі яна пачынае скардзіцца, што ёй цяжка працаваць, маці адказвае: “Ну, на што вы, моладзь, скардзіцеся?! Я вось шмат гадоў кожны дзень ездзіла на веласіпедзе або хадзіла пешшу ў школу аж за пятнаццаць кіламетраў. Дзеля любімай справы можна ахвяраваць многім”.
Успамінаецца такая прыемная гісторыя. Быў вусны экзамен па беларускай літаратуры. Дзеці запыталіся ў мяне, якія кветкі я люблю. Я адказала ім, што палявыя. Пасля экзамену яны прынеслі мне велізарны букет пралесак! Зараз цяжка выказаць пачуцці, якія апанавалі мяне ў той момант. Ці не варта быць дзеля гэтага настаўнікам?
Пра любімыя заняткі
— Яшчэ з пятага класса я стала збіраць кнігі. Маю вялікую бібліятэку (каля тысячы экзэмпляраў) і ўвесь час яе папаўняю.
У дзяцінстве з вялікім задавальненнем чытала Пушкіна, Шамякіна, Быкава. Зараз аддаю перавагу беларускай літаратуры.
Сярод любімых заняткаў — праца на агародзе, вырошчванне кветак. Люблю рыхтаваць незвычайныя стравы, кансервіраваць агародніну.
Пра духоўныя каштоўнасці
— На жаль, нам выпала жыць у вельмі няпросты час, калі многія духоўныя каштоўнасці і традыцыі, на якіх было выхавана маё пакаленне, пераасэнсаваныя і нават страчаныя, таму сучаснаму настаўніку на парадак цяжэй працаваць у такой сітуацыі. Шкада, што цяпер шмат маладых спецыялістаў ідуць ва ўніверсітэт вучыцца на настаўніка для таго, каб проста атрымаць “корачку”, а пасля, адпрацаваўшы два гады – едуць назад у горад.
Тым жа, хто абраў прафесію настаўніка дзеля прызвання, я б хацела пажадаць пастаянна працаваць над сабой, самаўдасканальвацца, больш чытаць. Памятайце, што задача настаўніка — выхаваць добрага чалавека, прывіваючы пры гэтым вечныя каштоўнасці.
Анастасія Лешанюк,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *