Яшчэ раз пра родную мову

Лента новостей Образование

 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны  дзень роднай мовы. Менавіта 21 лютага 1957 года ў краіне Бангладэш загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення.  Кожная з іх непаўторная, але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай.

Мова – не проста сродак зносін,  яна – своеасаблівае люстэрка жыцця народа. У кожным куточку Зямлі, дзе б’ецца беларускае сэрца, жыве беларуская мова. Жыве па-рознаму: у штодзённай гаворцы, у казках, песнях, у падручніках, нарэшце, проста жыве ў генах людзей. Менавіта праз слова адраджаецца душа чалавека. У ёй адлюстроўваюцца звычаі, традыцыі, побыт народа. Яшчэ ў дзяцінстве мова дапамагае нам адкрыць для сябе вялікі свет жыцця.

Нам, беларусам, у спадчыну засталася ўнікальная мова –жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Становіцца вельмі прыкра, што сёння “… не звініць і не льецца раздольна-вячыстая мова”.

Каб прывіць навучэнцам цікавасць і любоў да роднай мовы, у Пархімаўскім яслях-садзе – базавай школе праходзяць цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы да Міжнароднага дня роднай мовы. Гэта віктарына “Родная мова — матчына мова, ззяе вясёлкай кожнае слова”, праводзяцца акцыі “Размаўляем па-беларуску”, “Маё любімае беларускае слова”. Зладжана выстава “У родным слове – цэлы свет”. Акрамя гэтага, навучэнцам прапаноўвалася паспрабаваць свае сілы ў выставе малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў.

Мова… Яе трэба берагчы і паважаць. Нездарма выдатны пясняр беларускай зямлі Францішак Багушэвіч заклікаў: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”

Хочацца верыць, што навучэнцы, якія душой дакрануліся да багатай культурнай спадчыны беларускага народа, будуць імкнуцца, каб роднае слова гучала ў вяках.

Святлана Войшэль, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пархімаўскага ясляў-сада-базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *