Яшчэ адна цікавая і карысная экскурсія для членаў раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў

Лента новостей

Чарговым мерапрыемст­вам, прысвечаным 25-год­дзю ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”, стала яшчэ адна экскурсійная паездка нашых землякоў з абмежаванымі магчымасцямі па родным краі. Пабываўшы ў пачатку ліпеня ў гісторыка-археалагічным музеі, у Каложскай царкве і іншых гістарычных і памятных мясцінах старажытнага Гродна, цяпер яны накіраваліся ў Ваўкавыск.
– І там нас чакала не менш цікавая і надзвычай карысная пазнаваўчая экскурсія, – кажа старшыня раённай арганізацыі ГА “БелТІ” Ларыса Дудар. – Мы пабывалі ў мясцовым ваенна-гістарычным музеі імя П. Багратыёна. І там вельмі многа даведаліся пра гісторыю горада, Ваўкавыскага краю. З якой цікавасцю і з якім хваляваннем разглядвалі экспанаты, што дайшлі да нас з сівой глыбіні стагоддзяў! І гэта не толькі прылады працы – сякеры, косы, малаткі, кручкі для лоўлі рыбы, але і жаночыя ўпрыгожанні. Нас вельмі ўразіла і здзівіла, што тагачасныя грэбені, пацеркі і інш. не надта моцна адрозніваюцца ад тых, якія носяць сучасныя жанчыны.
Музей носіць назву ў гонар генерала Пятра Іванавіча Багратыёна, стаўка 2-й заходняй арміі якога перад пачаткам вайны 1812 года размяшчалася ў Ваўкавыску. Дарэчы, у будынку былой стаўкі музей і знаходзіцца. Многа месца ў ім адведзена старажытнай гісторыі горада. Дзякуючы старанню краязнаўцы-аматара Георгія Пеха і тым археалагічным раскопкам, якія ён доўгі час праводзіў, у тым ліку на Шведскай гары ў Ваўкавыску і ў наваколлі, фонды музея ўтрымліваюць надзвычай цікавыя экспанаты. Якраз з імем Георгія Іосіфавіча Пеха і звязана стварэнне музея, дырэктарам якога пэўны час ён з’яўляўся.
Мы з вялізнай цікавасцю знаё­міліся з экспанатамі такіх пастаянна дзейнічаючых экспазіцый, як “Старажытны Ваўкавыск у Х-ХІІІ стагоддзях. Барацьба славянскіх народаў з іншаземнымі захопнікамі”, “Ваеннае майстэрства ў ХІV – пачатку ХІХ стагоддзяў”, “Айчынная вайна 1812 года” і “Войны ХХ стагоддзя” і інш. Калекцыі музея, як мы мелі магчымасць на свае вочы ўбачыць, надзвычай багатыя. У прыватнасці, гэта датычыцца калекцыі французскай зброі і абмундзіравання – напрыклад, значкі французскіх галаўных убораў займаюць нават асобны стэнд. Дарэчы, у час вайны 1812 года паблізу горада адбывалася Ваўкавыская бітва. Мы ўбачылі зброю і абмундзіраванне тага­часных расійскіх салдат, іх парыкі. Уразілі гарматы і ядры, вінтоўкі і пісталеты. Многае мы ўбачылі і пачулі пра гусараў, пра адзіную ў тую пару “кавалерист-девицу” Дураву.
Шмат змаглі даведацца ў музеі і пра тое, як змагаліся на Ваўкавышчыне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якім быў тут партызанскі і падпольны рух і як вызваляўся ад ворагаў горад, раён. Уразіла многае, але найбольш шчымелі сэрцы нашых экскурсантаў каля стэнда, які расказвае пра фашысцкі канцэнтрацыйны лагер у Ваў­кавыску. Ад яго захавалася шыльда на нямецкай мове, гледзячы на якую ў цябе бягуць дрыжыкі па целе. Захаваліся вопратка, абутак і асабістыя рэчы вязняў… Нам расказалі, што баланду ў лагеры налівалі толькі тым, хто меў сваю міску ці які іншы посуд, астатніх пакідалі галоднымі. Тут загінула многа людзей, асабліва яўрэйскай нацыянальнасці.
– Далей наш турыстычны маршрут пралёг да Жыровіцаў і царквы ў Сынкавічах, – працягвае Ларыса Аляксандраўна. – Многія з нас ужо былі ў гэтых святых мясцінах, але ўсім хацелася пабываць менавіта на службе, і гэта, да вялікай радасці кожнага, удалося.
– Мы атрымалі незабыўныя ўражанні і значна папоўнілі свае веды па гісторыі роднага Гродзенскага краю, – кажа мая субяседніца. – І за гэта ўдзячны раённай уладзе, якая з неаслабнай увагай адносіцца да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, выдзяляе сродкі і на турыстычныя паездкі. А ажыццявіць гэтыя паездкі нам дапамагае “Аўтамабільны парк №18 г.п.Бераставіца” ААТ “Гроднааблаўтатранс” і вопытны, вельмі ўважлівы да нас, інвалідаў, вадзіцель гэтага парка Барыс Сідаровіч.

Марыя Драпеза
Фота Франца Фрыдэля



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *