Штучныя гнёзды для вялікага крахаля ўстанавілі ў Бераставіцкім раёне

Лента новостей

Біялагічны заказнік мясцовага значэння “Свіслач”, што раскінуўся на мяжы Бераставіцкага і Гродзенскага раёнаў, быў створаны амаль 15 гадоў таму. Сёння гэты ўчастак нізіннага балота ў пойме ракі Свіслач выбіраюць месцам свайго гнездавання і прыпынку ў час пералётаў многія рэдкія не толькі для Беларусі, але і для сусветнай фаўны віды птушак. На дадзены момант арнітафаўна тэрыторыі прадстаўлена больш чым 150 відамі птушак, з якіх каля 40 занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.  

Менавіта гэтае, некранутае чалавекам месца, аблюбаваў і вялікі крахаль – самая буйная качка, што гняздуецца на тэрыторыі нашай краіны. Каб захаваць і памножыць унікальную папуляцыю дадзенага віду, днямі на тэрыторыі заказніку прайшла незвычайная акцыя па ўстаноўцы скрынь для гнездавання гэтай рэдкай птушкі.

Па словах начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандра Курылы, гнёзды былі створаны ў рамках дзяржаўнай праграмы “Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў на 2016-2020 гады”. Партнёрамі Бераставіцкага райвыканкама выступілі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшыны”. Менавіта імі была праведзена грунтоўная работа па даследаванні і вывучэнні гэтых рэдкіх птушак, распрацавана будучая мадэль гнёздаў, абрана месца для іх ўстаноўкі і іншае.

— Вялікі крахаль – птушка вельмі прыгожая, — гаворыць намеснік старшыні Гродзенскага аддзялення ГА “Ахова птушак Беларусі” Дзмітрый Вінчэўскі. – У самца ў шлюбным уборы галава і верхняя частка шыі чорныя з цёмна-зялёным металічным адлівам. Самка, маладыя птушкі i самец у няшлюбным ўборы — з белым нiзам, папялістымi бакамi i спiной. Цёмна-ржавага колеру галава з чубам рэзка адмежаваная ад белай шыі i белага горла. На тэрыторыі рэспублікі зафіксавана прыблізна 100 пар гэтага віду птушак. У гнездавы перыяд яны засяляюць прэснаводныя вадаёмы з лясістымі берагамі. Добра падыходзяць невялікія азёры ці вадасховішчы, дзе зазвычай птушка трымаецца недалёка ад берага ў цені дрэў. Гняздуецца часцей за ўсё ў дуплах, норах, пад камянямi або дрэвамі, вырванымі з каранямі, займае і гнездавыя скрыні.

Таму нездарма адна з такіх штучных скрынь была размешчана на высокім старым дрэве бліз вёскі Знайдзіна, якраз непадалёк ад каналу, каб птушка лёгка змагла ўзляцець і ў выпадку небяспекі сесці на ваду.

Па словах Дзмітрыя Яўгеньевіча, ужо гэтай вясною у выпадку паспяховага гнездавання, плануецца павелічэнне колькасці штучных скрынь з трох да дзесяці.

Дарэчы, дапамогу пад час ўстаноўкі штучных гнёздаў аказалі і супрацоўнікі Бераставіцкага РАНС.

Я ж, назіраючы за ўсім, адначасова лавіла сябе на думцы, што сёння тэрыторыя заказніка валодае вялікім турыстычным патэнцыялам. Заказнік, як і ўся пойма ракі Свіслач ад в. Знайдзіна да вусця Свіслачы, вельмі перспектыўнае месца для арганізацыі і развіцця тут перш за ўсё экатурызму. А ўлічваючы, што прама з абочыны дарогі мы маем мажлівасць назіраць за жыццём насельнікаў нізіннага балота і берагавых схілаў самой Свіслачы, гэтая ідэя яўна не павінна застацца па-за ўвагай. Застаецца толькі ўвасобіць яе ў жыццё.

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *