Што для вас значыць Дзень Незалежнасці?

Лента новостей

Алена СІЛКОВА, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў:
–У кожнай краіне, у кожнага народа ёсць асабліва шануемыя дзяржаўныя святы. Для мяне асабіста адно з такіх святаў–гэта Дзень Незалежнасці Беларусі. Найперш я ўспрымаю яго як дзень вызвалення ад фашыстаў сталіцы нашай Радзімы. Горад Мінск–гэта сэрца нашай краіны, і з яго вызваленнем перамога над ворагам ва ўсёй Беларусі была відавочнай.
Сёння нават цяжка ўявіць сабе наша жыццё без той Вялікай Перамогі. Генацыд, які ажыццяўляла фашысцкая Германія ў адносінах да славян прывёў бы да знікнення нас як народа. Мы ж з вамі жывем у міры, спакоі, цешымся з нашых дзяцей і ўнукаў. І заўсёды памятаем, хто выратаваў нашу зямлю ад фашызму, і бясконца ўдзячны за гэта ім, ветэранам вайны. Яны зрабілі самае важнае: адстаялі незалежнасць Радзімы. Абавязак цяперашняга і будучых пакаленняў–берагчы гэты мір, рабіць усё, каб краіна наша квітнела, эканамічна мацнела.
Как не любить нам эту землю,
Как без нее нам жизнь прожить?
И эту синь, и эту зелень,
И тропку тайную во ржи…
У гэты святочны дзень хачу выказаць шчырыя пажаданні міру, здароўя і дабра ветэранам і ўсім землякам. Са святам!

Алена Буткевіч, начальнік аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама:
— Асабіста для мяне Дзень Незалежнасці звязаны, найперш, з адчуваннем надзейнасці, трываласці і стабільнасці. Менавіта гэты дзень стаў пачаткам новага жыцця для ўсіх жыхароў рэспублікі. Вялікая ўдзячнасць усім тым, хто даў нам магчымасць жыць у моцнай квітнеючай дзяржаве. Таксама ў гэты дзень, як у ніякі іншы, я адчуваю сваю грамадзянскую прыналежнасць да Рэспублікі Беларусь і гордасць за тое, што наша краіна з’яўляецца дастойным прадстаўніком на міжнароднай арэне.

Валянціна Лойка, мастацкі кіраўнік Пагранічнага ЦДК:
— Свята Незалежнасці для мяне — гэта свята гордасці за нашу прыгожую, моцную, светлую Белую Русь. Свята безадданай любові да роднай краіны, вялікай пашаны да яе гістарычнага мінулага і непераможнага нашага народа. Сімвалічна і тое, што Дзень Незалежнасці святкуецца ў Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай навалы, бо свабода і незалежнасць нашай краіны — непадзельныя. У гэты дзень хочацца ўшанаваць памяць усіх загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны і выказаць удзячнасць ветэранам за іх подзвіг і гераізм, за тое, што сёння мы жывем свабодна, пад мірным небам і з пачуццём упэўненасці ў заўтрашнім дні.

Валер’ян Сяргееў, намеснік ваеннага камісара Бераставіцкага раённага ваеннага камісарыята па тэрытарыяльнай абароне:
— Для мяне Дзень Незалежнасці – гэта свята дзяржаўнасці, патрыятызму і гонару за сваю краіну, якая змагла выстаяць і захаваць сваю незалежнасць. Гэта сімвал адзінства нашага грамадства, міра і стабільнасці, мужнасці і гераізму, павагі да традыцый, якія дазваляюць зберагчы і прымножыць усё добрае і каштоўнае, што назапасілі старэйшыя пакаленні дзеля будучага дзяцей і ўнукаў.
У гэты дзень мы абавязкова ўспамінаем аб тых, хто абараняў нашу Радзіму ад нямецка — фашысцкіх захопнікаў, адбудоўваў і падымаў краіну з руінаў. Але пакаленне мірных гадоў павінна не толькі памятаць аб подзвігах сваіх дзедаў і прадзедаў, але і штодзённай працай дабівацца таго, каб наша Беларусь развівалася і квітнела.

Ірына Вайцюк, галоўны бухгалтар РУСП «Масаляны»:
— Дзень Незалежнасці–вялікае свята. Памятаю той час, калі для нас усіх Савецкі Саюз быў адной вялікай Радзімай. А цяпер мы жывем у незалежнай краіне.
Нягледзячы на вялізныя цяжкасці, мы за апошняе дзесяцігоддзе прайшлі вялікі важны адрэзак шляху ў пабудове моцнай і квітнеючай Беларусі.
Вельмі радуе тое, што мы не спыняемся на дасягнутым, а ўпэўнена крочым наперад.
Дзяржавай аказваецца падтрымка сацыяльна неабароненай катэгорыі насельніцтва. Не застаюцца па-за ўвагай і шматдзетныя сем’і, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Захавана бясплатнае медыцынскае асблугоўванне, бюджэтныя месцы ў ВНУ. Да прыкладу, усе трое дзяцей у нашай сям’і атрымалі адукацыю за кошт бюджэту. Думаю, не ва ўсіх краінах ёсць такая магчымасць.

Андрэй Затаўка, навучэнец Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя:
— Дзень Незалежнасці — гэта, безумоўна, вельмі важнае свята, таму што з года ў год яно нагадвае нам аб тым, што наша краіна свабодная і незалежная, а таксама аб тым, якой цаной нам дасталіся гэтыя каштоўнасці. Па традыцыі я правожу гэты дзень у Мінску — абавязкова наведваю святочны парад і іншыя мерапрыемствы.
Падрыхтавалі Марыя Драпеза, Святлана Ганчарова,
Вікторыя Дзержановіч, Ніна Наддэ, Ірына Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *