Школьнікі Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы ў час экскурсій знаёмяцца з гісторыяй Бацькаўшчыны

Лента новостей

MinskLinia StalinaVolkovyskАдной з задач сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму ў падрастаючага пакалення. Патрыятычнае выхаванне пачынаецца з пазнання каштоўнасці Радзімы. У працэсе развіцця чалавек паступова ўсведамляе сваю прыналежнасць да калектыву, класа, школы, народу, Радзімы. У Макараўскім яслях-садзе – сярэдняй школе надаецца вялікая ўвага выхаванню ў школьнікаў любові да сваёй Радзімы, да прыроды, культуры, традыцый, выхаванню гонару за герояў як мінулых гадоў, так і цяперашняга часу.
Эфектыўным шляхам далучэння школьнікаў да духоўнай скарбонкі свайго народа і развіцця патрыятызму з’яўляюцца экскурсіі па родным краі. У час экскурсій вучні глыбей знаёмяцца з гісторыяй Бацькаўшчыны, сустракаюцца з цікавымі людзьмі, вучацца разумець і цаніць мінулае і сучаснае свайго народа, узбагачаюцца новымі ўражаннямі і ведамі.
Яшчэ ў маі месяцы  ва ўстанове адукацыі быў дадзены пачатак экскурсійным маршрутам пад агульным дэвізам: «Па старонках гісторыі і воінскай славы маёй Радзімы», прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі.
Вучні пачатковых класаў пабывалі з экскурсіяй у Гродне. У цэнтральным скверы на плошчы Леніна дзеці ўсклалі кветкі да помніка воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вядома, мы не маглі не наведаць Курган Славы, не маглі не ўспомніць усіх тых, хто заваяваў нам свабоду і дараваў шчаслівае жыццё. Потым была экскурсія ў музей гісторыі Гарадніцы і гродзенскі заапарк. Дзень атрымаўся цікавым, насычаным новымі ўражаннямі і ведамі аб сваёй Радзіме і яе героях.
Падарожжа па краіне працягвалася. І вось вучні нашай школы адправіліся на экскурсію па маршруце “Макараўцы-Лінія Сталіна-Хатынь-Мінск-Макараўцы”. Першы прыпынак — гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, які быў адкрыты да 60-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Слухаючы расказ экскурсавода пра гераічную барацьбу савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вучні ўжо ў чарговы раз пераканаліся, што кожны жыхар Беларусі і вялікі, і маленькі выконваў свой абавязак перад Радзімай. Асабліва ўразіла ўсіх экспазіцыя ваеннай тэхнікі.
Сёння кожны з нас ганарыцца дасягненнямі сваёй краіны. Якое пачуццё гонару, захаплення і здзіўлення адчулі нашы вучні, калі праязджалі каля Нацыянальнай бібліятэкі, якая з’яўляецца не толькі “скарбніцай ведаў”, але і важным адукацыйным, інфармацыйным і культурным цэнтрам.
Наступны прыпынак — Беларускі Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — найбуйнейшае ў Беларусі сховішча рэліквій тых страшных дзён вайны. У кожнай зале музея дзеці наяву змаглі адчуць моманты ваенных гадоў, на хвілінку апынуцца ў тых умовах, у якіх жылі, змагаліся супраць ворагаў нашы землякі. Усіх уразіла афармленне музея, які абсталяваны шматмоўнымі аўдыягідамі, плазменнымі экранамі, якія дэманструюць фота- і кінахроніку, а асабліва ўразіла сваёй прыгажосцю “Зала Перамогі”. У гэтай светлай і прыгожай зале зрабілі на памяць фотаздымак.
І нарэшце, вучні і педагогі адправіліся ў прыгожы куточак Беларусі, але ў той жа час і самае “балючае” месца нашай зямлі – мемарыяльны комплекс Хатынь. Раней тут жылі і радаваліся жыццю простыя сялянскія людзі, але здарылася так, што такое жыццё не падабалася нашым ворагам, і вёска была спалена разам з яе жыхарамі. Дзеці ўважліва слухалі экскурсавода, і на тварах іх можна было прачытаць боль і спачуванне, неразуменне таго, што такое здарылася на нашай беларускай зямлі. Наведванне Хатыні пакінула ў душы кожнага школьніка незабываемыя ўражанні і смутак.
На гэтым падарожжы не скон­чыліся. Вучні, якія адпачывалі ў летнім аздараўленчым лагеры “Праменьчыкі”, наведалі ваенна-гістарычны музей імя Баграціёна ў горадзе Ваўкавыску. Яны там атрымалі шмат звестак з гісторыі беларускага народа: ад гісторыі горада Ваўкавыска да падзей Вялікай Айчыннай вайны. Цікава экскурсавод расказваў пра важнейшыя падзеі з жыцця П.І.Баграціёна, яго саратнікаў, а таксама пра гісторыю Ваўкавыска ў перыяд Айчыннай вайны 1812 года і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Затым цікавая праграма чакала ўсіх у Доме рамёсел, дзе непаўналетнія змаглі не проста адпачыць, а цікава правесці свой вольны час.
Наперадзе шмат новых экс­курсій і адкрыццяў, якія дапамогуць папоўніць свае веды новымі звесткамі, пазнаць свой родны край, адчуць гонар за сваю Бацькаўшчыну.
Алена Будніцкая,
намеснік дырэктара
па выхаваўчай
рабоце Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *