Чырлідынг — адпачынак з карысцю

Лента новостей

Арганізацыя вольнага часу навучэнцаў з’яўляецца адным з важных сродкаў фарміравання асобы дзіцяці. У нашай школе сістэма дадатковай адукацыі дае магчымасць займацца карыснымі і цікавымі справамі розным узроставым групам, пачынаючы з дзіцячага сада. Работа ўсіх гурткоў садзейнічае развіццю творчых, пазнавальных, фізічных здольнасцей дзяцей. Аб’яднанні па інтарэсах дапамагаюць вучням адкрыць сябе, рэалізаваць закладзеныя прыродай таленты, развіваюць асабістыя якасці кожнага дзіцяці.
Хачу адзначыць, што з вялікім задавальненнем старэйшыя і малодшыя школьнікі наведваюць аб’яднанні па інтарэсах фізкультурна-спартыўнага профілю, а ў прыватнасці — гурток “Чырлідынг”. Чырлідынг – новы напрамак забаўляльнага, спартыўна-танца­вальнага адпачынку нашай моладзі. Прычым, заняткі чырлідынгам з’яўляюцца не толькі адной з форм забеспячэння актыўнасці школьнікаў, але і дадатковым сродкам аздараўлення вучняў.
Ганна Васільеўна Псышчаніца, педагог дадатковай адукацыі, змагла зацікавіць не толькі дзяўчынак, але і хлопчыкаў гэтым напрамкам дзейнасці. І малодшыя, і старэйшыя вучні з ахвотай наведваюць заняткі. Мы заўважылі, што школьнікі, якія займаюцца спартыўнымі танцамі, сталі больш адказнымі, умеюць падтрымаць сваіх сяброў. Пры гэтым яны маюць магчымасць развівацца як інтэлектуальна, так і фізічна. Школьнікі ведаюць, што здароўе – галоўная каштоўнасць жыцця, і чырлідары – за здаровы лад жыцця. У нашых чырлідараў развіваюцца творчыя здольнасці, дух спартыўнага сяброўства, звычкі здаровага ладу жыцця, упэўненнасць у сябе і сваіх сябрах.
Чырлідары з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі школьных мерапрыемстваў. У мінулым навучальным годзе прымалі ўдзел у абласным конкурсе мастацкай самадзейнасці. Вучні школы выступаюць на бацькоўскіх сходах, на святах, якія право­дзяцца ў школе. Свае таленты юныя чырлідары дэманструюць не толькі перад вучнямі школы, але і перад працаўнікамі СВК “Макараўцы”. Так, у кастрычніку на свяце “Хвала працаўнікам сяла” бурнымі апладысментамі сустрэлі выступленне нашых вучняў працаўнікі мясцовай гаспадаркі. А яшчэ выступленне нашых чырлідараў вельмі ўразіла журы раённага фестываля дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў “Моладзь 21 века”.
І хоць аб’яднанне існуе толькі другі год, мы можам з упэўненасцю сказаць, што чырлідынг даў магчымасць вучням быць больш арганізаванымі і дысцыплінаванымі. Мы бачым, што нашы вучні праводзяць свой вольны час не на вуліцы, а ў спартыўнай зале школы. Весела і з карысцю.
Алена Будніцкая, намеснік дырэктара
па выхаваўчай рабоце
Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *