«Чараўніцтва каляднай цацкі»

Лента новостей

–назва выставы навагодніх цацак і ўпрыгожванняў 1930-1980-х гадоў, наладжанай у чытальнай зале райбібліятэкі. Кожная цацка на ёй – нібы ажыўшы кавалачак гісторыі нашай краіны.
На выставе прадстаўлена каля 40 ёлачных упрыгожванняў, якія прынеслі бібліятэкары са сваіх хатніх калекцый. Гэта, напрыклад, гусь, вішанька, лімон, яблыкі – цацкі, зробленыя з прэсаванай бавоўны ў 30-40-я гады мінулага стагоддзя; зорачка, нанізаныя на дрот шарыкі, саломка-гірлянда таксама 40-х гадоў; кукуруза, гронка вінаграду, сноп жыта, груша, шышка, перац, шарык з зорачкай, Дзед Мароз, заяц, сава, а таксама Снягурка і Дзюймовачка на прышчэпках з 50-60-х гадоў; снегавічок з пенапласту і сюжэтныя цацкі – конік, клоўн, слон, замак, домікі, ваўчок – 70-80-х гадоў.
Гісторыя ёлачных цацак досыць цікавая. Першыя ёлачныя ўпрыгожванні былі прыдатнымі да яды – гэта фігурныя пернікі і печыва. Затым сталі вырабляцца больш даўгавечныя ўпрыгожванні. Залацілі яловыя шышкі, пустыя яечныя шкарлупіны пакрывалі тонкім слоем латуні. А са скручаных алавяных дроцікаў рабілі мішуру. Моднымі ўпрыгожваннямі для лясной прыгажуні ў той час лічыліся запаленыя свечкі, якія мацаваліся на галінках пры дапамозе тонкага дроту. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны на заводзе «Москабель» круцілі ўпрыгожванні з дроту. У справу ішлі адыходы вытворчасці, але з адыходаў атрымліваліся цудоўныя работы. З пачатку 50-х гадоў сталі вырабляць падарункавыя наборы цацак — «малютак». Гэта было вельмі зручна, бо многія людзі таго часу жылі ў камуналках. Цацкі з ваты рабілі да сярэдзіны пяцідзесятых. Іх выраблялі з прэсаванай бавоўны. Таксама ў гэты час увайшлі ў моду цацкі на сельскагаспадарчую тэму: памідоры, морквы, снапы жыта і г.д.
Калі ж сталі ўпрыгожваць елку навагоднімі шарамі? Паводле падання, аднойчы выдаўся неўраджай яблыкаў. Тады вернікі прыйшлі да шкловыдзімальшчыкаў з просьбай зрабіць шкляныя яблыкі для свята. З тых часоў шары лічацца класікай ёлачных упрыгожванняў. Першыя ёлачныя шарыкі былі зроблены ў 1848 годзе ў мястэчку Лаўша ў Цюрынгіі (Германія).
Вядома, наша сучасная ёлка, увітая электрычнымі гірляндамі, вельмі адрозніваецца ад сваёй папярэдніцы пачатку мінулага стагоддзя. Але было ў тых крыху наіўных, але такіх прыгожых навагодніх лясных прыгажунях нешта кранальнае і па-асабліваму святочнае. Старыя цацкі не такія яркія і гламурныя, як сучасныя, але яны былі зроблены з вялікай любоўю да дзяцей нашымі дзядулямі і бабулямі, мамамі і татамі з радасцю і задавальненнем. Таму гэтыя ўпрыгожванні вартыя павагі і памяці, вартыя таго, каб мы любаваліся імі, цікавіліся іх гісторыяй стварэння.
Валянціна Чыкун,
загадчыца аддзела абслугоўвання райбібліятэкі



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *