“Чалавек – сам каваль свайго шчасця…”

Общество Человек и его дело

Не так часта здараецца, каб маладая гарадская дзяўчына захацела жыць у вёсцы, а не ў вялікім горадзе.
У падаўляючай большасці выпадкаў гэта бывае з дакладнасцю “ды наадварот”. Многіх дзяўчат і юнакоў прывабліваюць менавіта “агні вялікага горада”. Але інспектар па кадрах РСУП “Алекшыцы” Святлана Сарокіна з мужам Дзмітрыем, галоўным эканамістам гэтай гаспадаркі, выбрала месцам жыхарства сваёй сям’і менавіта аграгарадок Алекшыцы, які называе сапраўдным малым і кампактным гарадком, дзе можна жыць не горш, а часам і лепш, чым у абласным цэнтры.
Хаця вышэйшая адукацыя ў Гродзенскім аграрным універсітэце зусім не выключала прыдатны варыянт працы ў сельскай мясцовасці, але і спосабаў уладкавацца па спецыяльнасці ў Гродне ў маладых спецыялістаў таксама было дастаткова. Нават бацькі Святланы ад душы жадалі, каб сям’я дачкі жыла з імі побач, і ўнукаў яны маглі б бачыць часцей. Але жыццё склалася зусім па-іншаму, і маладая абаяльная жанчына лічыць, што іх сям’і сапраўды пашанцавала.
З мужам Дзмітрыем дзяўчына пазнаёмілася ў час вучобы, калі вучылася ў аграрным універсітэце на эканаміста і бухгалтара. Хлопец таксама быў студэнтам, але закончыў гэтую вышэйшую навучальную ўстанову на год раней, і па размеркаванні трапіў у Бераставіцкі раён.
— А чым Вам, Святлана, Дзіма спадабаўся? Што ў ім было адметнага, чаго ў іншых не было?
— Спачатку мы проста сябравалі. Удзельнічалі разам у студэнцкіх мерапрыемствах, бывалі ў розных паездках. А потым паступова сяброўства перарасло ў нешта большае. Мне падабалася, што ён не такі, як іншыя, больш далікатны, выхаваны, стараўся клапаціцца пра мяне. Я зразумела, што ён надзейны чалавек, з ім можна разам ісці па жыцці. А потым мы ажаніліся.
Спачатку Дзмітрый працаваў у СВП “АграМір”, а калі Святлана атрымала дыплом, яны вырашылі пераехаць у Алекшыцы. Гаспадарка гэтая моцная, тут можна было быць упэўненым у заўтрашнім дні. “Новаспечанай” сям’і далі спачатку кватэру, потым камфортны дом. Сваё жыллё для маладых – гэта вялікая радасць, і з якім натхненнем вілі яны “сваё гняздо”! Пачынала Святлана бухгалтарам, а зараз працуе інспектарам па кадрах РСУП “Алекшыцы”.
— І першая мая работа, і сённяшняя падобныя тым, што трэба быць адказным чалавекам. Лічбы і дакументацыя заўсёды патрабуюць уважлівасці і адказнасці. Але зараз я яшчэ і працую з людзьмі. Яны розныя, як і ўсюды. Да іх патрэбны індывідуальны і чулы падыход. Нехта разумее цябе з першага слова, а некаму трэба і тры разы адно і тое ж патлумачыць. Галоўнае – быць добразычлівым, камунікабельным, пастарацца дапамагчы чалавеку, каб усё было, як трэба, каб ён пайшоў задаволены.
Работа прыносіць маральнае задавальненне Святлане. Прыходзіць на сваё працоўнае месца яна з добрым настроем, з ім і ідзе дамоў. А сям’я – гэта “другі бок медаля”, і яе вялікае шчасце. Цудоўны дом з прысядзібным участкам, дзе летам разносіцца водар яркіх кветак, дзе дзетак прама з градкі можна пачаставаць першымі духмянымі чырвонымі клубніцамі або свежым хрумсткім агурком, значыць для маладой маці вельмі шмат. Тут ёсць дзе прыкласці рукі, праявіць сваю творчую фантазію. Ды і для дзяцей уласны ўтульны падворак і вясёлыя гульні на свежым паветры – сапраўдная выгода. А ўсе справы па дому жонка з мужам робяць разам.
— У нас сын Арцём, яму 8 гадоў, ён ходзіць у другі клас мясцовай школы, і дачка Юля, ёй тры гадкі, яна наведвае дзіцячы садзік. Муж мне ва ўсім дапамагае.
Не ўсім жанчынам, шчыра кажучы, так шанцуе. Выхаванню дзяцей аддаюць Святлана і Дзмітрый “усіх сябе”. Гэта вельмі важна, адзначае яна:
— Дзеці павінны вырасці сумленнымі людзьмі. Лічу, што гэта самае галоўнае. У свеце дарослых жыць вельмі няпроста. Але калі дзяцей змалку навучыш быць сумленнымі, працалюбівымі, стараннымі, усё потым будзе складвацца добра.
— Але ж усе дзеці – свавольнікі і “неслухі”. Што Вы робіце, калі сын ці дачка проста Вас не слухаюцца? – пытаюся.
— Гутару з імі. Стараюся пераканаць, навучыць, як трэба сябе паводзіць у канкрэтнай сітуацыі. Або тата гутарыць. Бывае, і гэтага недастаткова. Тады ўдваіх разам гутарым, пакуль дзіця не згаджаецца з намі. А пакарання стараемся пазбягаць, лепш “знайсці агульную мову”.
Задаволена мама і мясцовай школай:
— У нашым аграгарадку школа нават лепшая, чым гарадскія. Тут менш дзяцей у класах, ім надаецца больш увагі. Яны больш простыя, роўныя паміж сабой, больш добразычлівыя, чым у горадзе, больш сябруюць, дапамагаюць адзін аднаму, і старэйшыя школьнікі таксама. Мікраклімат у сельскай мясцовасці больш спрыяльны, цёплы, для выхавання гэта вельмі важна.
Работа, вучоба, адпачынак… На гэтых, вобразна кажучы, “трох кітах” грунтуецца жыццё любой сям’і з дзецьмі. Пра адпачынак жа – асобная гутарка, лічыць Святлана:
— Самы лепшы адпачынак для нас – на прыродзе. Летам ездзім з дзецьмі купацца на возера, а зімой можна захапляцца адпаведнымі відамі спорту.
Сакрэт такога прыемнага адпачынку – тое, што дружная сям’я заўсёды разам, таму і весела ўсім, і карысна для здароўя. Дарэчы, урачы і псіхолагі сыходзяцца на думцы, што актыўны фізічны рух і шчыры вясёлы смех — чароўная “таблетка” для ўмацавання імуннай сістэмы, бо гэта “жывы пазітыў”. Гэта пацвярджае само жыццё – наўрад ці хто захварэе, калі ў яго радуецца “і цела, і душа”. Кожны з нас адчуваў такі выдатны феномен на сабе.
А напаследак пагутарылі мы са Святланай пра тое, ці дапамагаюць ім з мужам такія дакладныя прафесіі ў фарміраванні своеасаблівага “падмурку дабрабыту” — бюджэту іх сям’і?
— Безумоўна, – запэўніла маладая мама. – Усе выдаткі кожны месяц дакладна пралічваем разам з мужам. Мы выкупляем дом, аплачваем розныя паслугі, выдаткоўваем вызначаную суму на харчаванне, вопратку, догляд за машынай і іншае. Дарэчы, тое, што гаспадарка прадстаўляе працаўнікам прадуктовыя наборы, таксама шмат для людзей значыць. Гэта добрая падтрымка. Стараемся нешта і адкладваць, каб была “падушка бяспекі” для сям’і. А ўвогуле, усяго, чаго мы дабіліся з мужам у жыцці, мы дабіліся з ім самі, самастойна, без дапамогі бацькоў. Цёплы дом, работа па душы, моцны тыл, родныя “крывіначкі” – наш “капітал”. Чалавек – сам каваль свайго шчасця.
Сапраўды, з гэтым немагчыма не згадзіцца.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *