Ці будзем з яблыкамі?

Лента новостей

— І не толькі, — запэўніў мяне выконваючы абавязкі начальніка ўчастка “АграСад” СВП “АграМір”  Сяргей Агнеўскі. – Яблынь насаджана дастаткова, а зараз закладваецца яшчэ перспектыўны ягаднік. Вя­дзецца вялікая работа. Ра­зам з той плошчай, якая ўжо маецца, будзе немалы сад, які вырошчваецца па новых тэхналогіях.
А пацікавіцца ў чарговы раз, як выконваецца ў нашым раёне Дзяржаўная комплексная праграма развіцця бульбаводства, агародніцтва і пладаводства Рэс­пуб­лікі Беларусь на 2011 – 2015 гады, і што новага ў сельскагас­падарчым прад­прыем­стве, якое зрабіла стаўку на сучасныя метады ў гэтай галіне, падштурхнула мяне ня­даўняя цікавая  тэлеперадача, дзе вялася гутарка пра актуальныя праблемы ў аграрным сектары. У ёй прагучала інфармацыя, што ў многіх сельгаскааператывах на вельмі ўрад­лівых глебах вырошчваюцца травы для кармоў, тады калі іх можна было б выкарыстоўваць больш эфектыўна і мець адпаведную аддачу.
— Беларусы амаль пе­расталі есці яблыкі, — эмацыянальна гаварылася ў тэлеперадачы.
І сапраўды, цана на іх высокая, асабліва зімой і вясной! Не кожная сям’я можа сабе дазволіць такія дарагія яблыкі, напрыклад,  з Лацінскай Амерыкі. З краіны вывозіцца валюта, якая так патрэбна айчыннай эка­номіцы. Чаму б не паклапаціцца пра імпартазамяшчэнне? Да та­го ж сітуацыя, як канстатавалася, да­ходзіць да сапраўд­нага абсурду – лю­дзям зараз спрытныя гандляры прапануюць ім­партныя яблыкі ўраджаю 2012 года! Можна ўявіць, як яны апрацаваныя, што дагэтуль не сапсаваліся, і якая ад іх на самай справе карысць…
Сяргей Іванавіч згодны з такім поглядам і расказаў, што на бераставіцкай зямлі робіцца ўсё магчымае, каб наш сад быў такі, каб да нас прыязджалі па перадавы вопыт. А гэта значыць, што акцэнт робіцца не толькі на ўрадлівасць, але яшчэ і на тое, каб прадукцыя была экалагічна чыстая, каб яе можна  было  выкарыстоўваць для дзіцячага харчавання, а гэта вельмі важна. Наша гутарка працягвалася на полі. Сяргей Агнеўскі паказаў мне вытворчы працэс, які ішоў поўным ходам. Надвор’е было цудоўнае, сонечнае, сапраўднае ба­біна лета, якое мы так доўга чакалі. Гэтыя восеньскія дзянькі вельмі прыдатныя для пасадкі дрэўцаў і кустоўя. Два трактары з навяснымі пасадачнымі машы­намі рухаліся па мяккай падрыхтаванай глебе. Мне было вельмі цікава, як можна меха­нізаваць пасадку – гэта ж далікатны для раслін працэс? Аказваецца, сучасныя інжынеры — канструктары паклапаціліся і пра гэта. Трактар марудна і плаўна рухаецца па разоры, а за ім на навясной машыне дзве жанчыны раўнамерна садзілі маленькія саджанцы чорнай парэчкі. Адна падавала іх з вялікай кучы карэньчыкамі ўніз, другая ўсаджвала ў зямлю. Спецыяльныя ме­та­лічныя дыскі тут жа іх закопвалі. А за пасадачнай машынай ішоў мужчына і прыціскаў глебу да маленькай расліны, каб там не было паветра і шчылін, і яна добра прынялася. Здаецца, нічога складанага там не было, але як жа дапамагае такая механізацыя! Механізатар СВП “АграМір” Валерый Бучылка пасадзіў ужо немалыя плошчы, гаворыць, што ў такой рабоце ёсць свая спецыфіка. Выконваць пасадку трэба вельмі старанна, таму што вынік бу­дзе відавочны вясной, і шкада, калі некаторыя расліны не прымуцца.
Яшчэ адна навіна – працаваць  сюды прыехалі 5 маладых спецыялістаў.  Я пагутарыла з садаводам Святланай Сакалоўскай. Яна ўжо займалася і праполкай, і пабелкай дрэўцаў, і іх акуліроўкай. Вядома, што работа нялёгкая. Але мне вельмі спадабалася, што дзяўчына разумее важ­насць прафесіі, а значыць, будзе з маладога спецыяліста толк!
Магчыма, чытачам бу­дзе цікава, ці даў мне Сяргей Іванавіч прадэгуставаць яблык з новага ўраджаю? Так. І скажу шчыра – яблык вялікі, чырвона-зеленаватага колеру, сака­віты і вельмі смачны! І не таму, што з нашай роднай зямлі, і я перабольшваю з “патрыятычных”  пачуццяў, а таму, што гэта сапраўды так! Ні ў якія параўнанні не ідуць з ім тыя, імпартныя. Нашы лепшыя. І пачаставацца імі ў гэтым сезоне змогуць бераставіцкія школьнікі – сельгаспрадпрыемства паспрыяе школе, каб не куплялі ў іншых пастаўшчыкоў па больш дарагой цане. Дарэчы, многія з вучняў добра папрацавалі ў садзе на канікулах.
У далейшых планах СВП “АграМір” – закуп дадатковай тэхнікі, каб зменшыць долю ручной працы.
Ніна Наддэ,
фота аўтара


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *