Царква Святога Дзмітрыя Салунскага ў Малой Бераставіцы адзначае сёлета 150-годдзе з часу асвячэння.

Лента новостей

N. Orda ordaАдной з першых праваслаўных цэркваў на Бераставіччыне з’яўляецца царква Святога Дзмітрыя Салунскага ў Малой Бераставіцы. Гэты помнік архітэктуры рэтраспектыўнага рускага стылю адзначае сёлета 150-годдзе з часу асвячэння.

Мураваны будынак царквы быў асвечаны ў кастрычніку 1866 года. Але ў справах Гро­дзенскага гістарычнага архіва ўпамінаецца год заснавання царквы 1748-ы. Першым святаром тага­часнай уніяцкай царквы быў Сямён Анацэвіч (1728-1791), бацька знакамітага беларускага гісторыка, археографа, педагога Ігната Анацэвіча, які падкрэсліваў сваё мясцовае паходжанне псеўданімам «Жэгота з Малой Бераставіцы». Справу айца Сямёна прадоўжыў яго старэйшы сын Міхаіл Анацэвіч (1773-1837), канонік Брэсцкі, дэкан Гродзенскі і Сакольскі, святар Малабераставіцкай царквы. Каля яе сцен захаваўся помнік уніяцкаму святару Міхаілу, які за­казаў у Пецярбургу Ігнат Анацэвіч. А прывёз помнік у Малую Бераставіцу пля­меннік Вацлаў (паводле завяшчання Ігната ад 21 лістапада 1844 г.).
Выгляд тагачаснай царквы апісаны ў «Акце ад 25 ліпеня 1864 г. часовага Губернскага Камітэта па збудаванню і рэканструкцыі праваслаўных цэркваў Гродзенскай губерніі». На двух лістах запісана: «Деревянная православная церковь в селе Малая Берестовица устроена 116 лет тому назад. Представляла собой амбар без главного фасада с ветхой башенкой. Находилась вблизи костела. Иконостас грубой и простой работы католического стиля… Прихожане (всего 2470 душ) объявили готовность пожертвовать на постройку новой церкви по 2 рубля и более, всего составляет 800 рублей».
У тым жа акце гаворыцца, што на будаўніцтва новай царквы прызначаны губернскі архітэктар Восіп Міхаэліс. У ліпені 1864 г. ён складае каштарыс на капітальную перабудову драўлянай царквы ў Малой Бераставіцы агульным коштам 2273 руб.50 кап. Непасрэдным будаўніком царквы быў дваранін з Саколкі Іван Казіміравіч Арлоўскі, які ў 1865 г. заключыў кантракт з Царкоўным Саве­там па будаўніцтву Мала­бераставіцкай царквы. У Савет уваходзілі святар Мала­бераставіцкай царквы Стэфан Бабулевіч і пяць старэйшын. Гэта мясцовыя шляхцічы Сямён і Дзмітрый Садаўнічыя, Мікалай Ківей­ша, а таксама Іван Тарасюк і Павел Бацян.
22 лютага 1866 г. будаўнік царквы Іван Арлоўскі нечакана спыняе кантракт па прычыне нявыплаты яму грошаў мясцовым Цар­коўным Саветам. Урэгуляваць канфлікт прыйшлося Гродзенскаму павятоваму Камітэту па будаўніцтву праваслаўных цэркваў. Яго старшыня генерал-маёр Прасалаў 12 мая 1866 г. дазваляе скласці “Акт пагаднення паміж будаўніком царквы дваранінам Іванам Арлоўскім і Малабера­ставіцкім Царкоўным Саветам” на пяці ўмовах. У пункце 2 Арлоўскі абяцае скончыць будаўніцтва царквы з устаноўкай іканастаса 26 кастрычніка 1866г.У 5-м пункце Царкоўны Савет абяцае даставіць усе неабходныя будаўнічыя матэрыялы. Пры за­клю­чэнні акта пры­сутнічаў святар Вя­лі­ка­бераставіцкай царквы Ануфрый Шэ­мяціла, які ў той час таксама быў кура­тарам будаўніцтва Святамікалаеўскай царквы ў Вялікай Бераставіцы.
Свае абавязацельствы Іван Арлоўскі выканаў, атрымаўшы суму 4 000 рублёў. За будаўніцтвам Мала­бераставіцкай царквы назіраў губернскі архітэктар Восіп Мі­хаэ­ліс. У журнале Гро­дзен­скага Камі­тэта па будаўніцтву права­слаўных цэркваў ад 26 верасня 1866 г. запісана паведамленне архітэктара: «Постройка МалоБерестовицкой церкви уже окончена, за исключением постановки иконостаса и укладки пола, церковь эту предполагается освятить 26 октября 1866 г.».
Вясной 1867 г. новы святар Малабераставіцкай царквы Лукіан Раманоўскі (1838-1872) прымае будынак. Ён скардзіцца на недасканалы іканастас і драўляную падлогу, якая зроблена на скорую руку, і просіць Гродзенскі павятовы камітэт, каб Арлоўскі выправіў недахопы.
Першым, хто ацаніў прыгажосць новай мураванай царквы Св. Дзмітрыя ў Малой Бераставіцы, стаў кампазітар і мастак Напалеон Орда. 4 красавіка 1868 г. ён зрабіў малюнак царквы з боку званіцы, каб падкрэсліць велічнасць будынка (на фота). Мастак вандраваў паміж Малой і Мураванай Бераставіцамі па запрашэнні сям’і Ваў­кавіцкіх. Напрыклад, у красавіку Напалеон Орда выканаў таксама малюнкі касцёла Св. Антонія, фун­да­ванага Антонам Ваў­кавіцкім у 1851-1861гг., і палаца Юндзінаў-Сол­танаў у Мураванай Бераставіцы.
За свае 150 гадоў існа­вання храм не пры­цяр­пеў кардынальных змяненняў. Ён дзейнічаў як у часы нямецкай акупацыі, так і ў савецкі перыяд. Менш пашанцавала яго суседу – касцёлу Св. Антонія Падуанскага, які згарэў у 1952 г. і быў адноўлены ў 1991-1994 гг. На працягу ХХ стагоддзя службу ў царкве Св. Дзмітрыя вялі протаіерэі Мікалай Ержыкоўскі, Матфей і Аляксандр Пяцельскія, Уладзімір Шыла. З 1986 г. да сённяшняга часу ў цар­к­ве служыць протаіерэй Вячаслаў Бачароў.
Андрэй Втарушын, настаўнік Бераставіцкай ДШМ, лаўрэат Прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *