Харавы калектыў Вялікабе­раставіцкай сярэдняй школы стаў першым ў вобласці

Лента новостей

3Харавы калектыў Вялікабе­раставіцкай сярэдняй школы імя С.В.Прытыцкага «Бельканта» заняў першае месца ў абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу харавой творчасці «Спяваем разам».
Агляд-конкурс «Спяваем ра­зам», які прайшоў у канцы сту­дзеня ў Гродзенскім дзяржаўным абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі, адкрыў Год культуры ва ўстановах адукацыі вобласці. У ім прынялі ўдзел харавыя калектывы з Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Гродзенскага, Лідскага, Слонімскага, Смаргонскага раёнаў і г. Гродна. Усяго 12 хароў, 9 з якіх носяць званне «ўзорнага».
– Агляд-конкурс праводзіцца з мэтай развіцця дзіцячай харавой творчасці і яе папулярызацыі, грамадзянска-патрыятычнага і духоўнага выхавання падрастаючага пакалення, – расказвае кіраўнік хору Вера Яроміч. – Мы, вядома ж, вельмі рады такой высокай адзнацы членаў журы, сярод якіх прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, педагогі-харавікі з Гродна і Мінска. Усе харавыя калектывы былі вельмі моцныя і прадэманстравалі дастойны ўзровень выканальніцкага майстэрства. Нас жа назвалі своеасаблівым «адкрыццём» года: усіх кранула душэўная манера выканання дзецьмі твораў, чысціня і выбудаванасць галасоў, уключэнне ў харавое выступленне партыі на скрыпцы Арцёма Грамыкі і Вольгі Карпач, а таксама выступленне салістаў Вольгі і Ксеніі Карпач.
Харавы калектыў Вялікабе­раставіцкай сярэдняй школы выканаў пяць рознахарактарных твораў. У выкананні школьнікаў, якія, дарэчы, з’яўляюцца актыў­нымі ўдзельнікамі дзіцячага хору нядзельнай школы храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы г.п.В.Бераставіца, прагучалі кампазіцыі духоўнай і ваенна-патрыятычнай тэматыкі, творы савецкіх кампазітараў, акапэльная музыка. Па рашэнні журы, хлопчыкам і дзяўчынкам з хору «Бельканта» прысуджана першае месца. Яны будуць прадстаўляць Гродзеншчыну на рэспубліканскім этапе агляду-конкурсу ў Мінску. Пажадаем ім поспеху!

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *