Фестываль праваслаўных песнапенняў «Каложскі благавест»

Лента новостей

4 44Дні калядных свят заўсёды вельмі радасныя і светлыя. А для благачынняў Гродзенскай епархіі – яшчэ і музычныя. Бо на працягу гэтых святочных дзён сярод прыходскіх хароў вобласці праводзіцца І тур Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў «Каложскі благавест». Па сутнасці, гэта самастойнае творчае мерапрыемства ў рамках фестывалю. Конкурсныя выступленні праходзяць занальна.

8 студзеня прыходскія хоры Бераставіцкага благачыння – а гэта калектывы з Масалян, Алекшыц, Малой Бераставіцы, Пагранічнага і Вялікай Бераставіцы, а таксама прыходскія хоры Свіслаччыны выступалі на сцэне Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў. Удзельнічаў у І туры фестывалю таксама дзіцячы хор нядзельнай школы храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы г.п.В.Бераставіца (рэгент Вера Яроміч). Калектыў прадэманстраваў выдатнае выканальніцкае майстэрства, выступіў на высокім прафесійным узроўні, за што быў адзначаны дыпломам і, адпаведна, пуцёўкай у ІІ тур. Дарэчы, дзіцячых хароў на фестывалі выступае звычайна няшмат. Хор нядзельнай школы храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы на працягу многіх гадоў дэманструе высокі ўзровень выканання царкоўных твораў і заўсёды адзначаецца журы ў ліку лепшых. У ІІ тур прайшоў яшчэ адзін наш калектыў, таксама высокапрафесійны, – прыходскі хор храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы г.п.В.Бераставіца (рэгент – Вера Яроміч) і хор храма Узвышэння Святога Крыжа г.Свіслач (рэгент Галіна Мацяшук).
Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў «Каложскі благавест» пройдзе ў Гродне 11-14 лютага. Чакаецца ўдзел калектываў з Румыніі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі. Упершыню прыедуць выступіць удзельнікі з Малдовы. Па словах дырэктара фестывалю Уладзіміра Лябецкага, цяпер фарміруецца праграма «Каложскага благавесту». Традыцыйна мерапрыемствы пачнуцца загадзя. Увогуле ж фестываль працягнецца прыкладна ты­дзень. Так 8 лютага пры храме святых Барыса і Глеба (Каложская царква) адкрылася выстава ікон сучасных іканапісцаў. Наведвальнікі змогуць убачыць іконы майстроў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. Падчас фестывалю будзе дзейнічаць таксама фотавыстава, пройдуць кіналекторыі, вечары духоўнай паэзіі і аўтарскай песні. Адбу­дзецца прэзентацыя ўнікальнай і папулярнай кнігі-альбома мастацтвазнаўцы Алены Шацько «Званы праваслаўных храмаў Заходняй Беларусі».
Даведка: першы фестываль «Каложскі благавест» прайшоў у 2002 годзе. Ён быў прымеркаваны да 10-годдзя адраджэння Гродзенскай епархіі. У 2011 годзе Міністэрства культуры Беларусі прысвоіла фестывалю статус міжнароднага. Арганізатарамі выступаюць Гродзенская праваслаўная епархія і Гродзенскі аблвыканкам. У склад міжнароднага журы ўваходзяць святары са спецыяльнай музычнай адукацыяй, выкладчыкі вышэйшых музычных навучальных устаноў Беларусі, Расіі, Францыі, Румыніі, кампазітары, хормайстры, кіраўнікі харавых калектываў розных краін. Пераможцаў вызначаюць у васьмі намінацыях.
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *