Феерверк для бабулі

Лента новостей

Чароўны жнівень няспешна крочыць па зямлі, шчодра надзяляючы людзей сваімі дабротамі. Ужо ўбраны залатыя хлебныя нівы, а ў садах спеюць і наліваюцца свежым сокам духмяныя грушы і яблыкі. У сінім небе, шырока раскінуўшы белыя з чорным крылы, павольна лунае бусел, быццам шукае для сябе самага лепшага месца сярод гэтага раю на зямлі. На ўтульным невялічкім падворку з зялёнай травой каля сціплай вясковай хаты ў задуменні сядзіць бабуля, за ёю гаспадарліва паходжвае белы кот. Я адчыняю веснічкі і вітаюся, сталая жанчына прыязна ўсміхаецца. Першае ўражанне, якое, як кажуць, самае трапнае, не падманвае мяне – з якім цікавым чалавекам давялося пазнаёміцца!
Быццам на імклівай “машыне часу” я на момант пераношуся ва ўласнае дзяцінства, паслужлівая памяць вяртае на бабулін з дзедам родны хутар. Такім жа ізумрудным дываном рассцілалася і там мяккая трава. І нават імя ў гэтай бабулі аказваецца такое самае, як у маёй – Люба. І гэта як дотык да нечага роднага, вясковага, спрадвечнага – нашых каранёў. Гаспадыня запрашае ў хату, і быццам пазнаеш і зноў сустракаешся з напаўзабытым ранейшым пачуццём, і сэрца грэе ціхая радасць. З сучасных рэчаў у яе толькі тэлевізар і халадзільнік, а печ, канапа з пакрывалам з яркімі кветкамі, просты стол амаль такія ж, як і ва ўсіх іншых сталых лю­дзей. Няма тут вялізных, як “абэржа”, і пульхных мяккіх вугалкоў, ды толькі пануе своеасаблівая прыемная атмасфера, сапраўдная добрая аўра гэтага сціплага дома. Таму, напэўна, і гутарка ў нас атрымалася цёплая, па душах, а час ляцеў непрыкметна.
Любоў Міхайлаўна Дзешка, жыхарка вёскі Яскалды, расказвае пра сябе нешматслоўна. Нядаўна, у жніўні, споўнілася ёй 90 гадоў. Дзяцінства яе было, як і любой вясковай дзяўчынкі ў той далёкі ўжо час, зусім іншае, чым, напрыклад, у нашых унукаў зараз. Сялянскіх дзяцей змалку прывучалі да работы, бо толькі так вялікая сям’я магла выжыць у нястачы. На ўласным прыкладзе, а не словамі, вучылі дарослыя сваіх сыноў і дачок. Дзеці пасвілі кароў, дапамагалі даглядаць хатнюю жывёлу, рупіліся разам з жанчынамі на агародзе, і колькі яшчэ дабаўлялася работ ім з узростам! Падлеткі і касілі, і варочалі сена, адзін занятак пастаянна змяняўся другім. Цяжкая фізічная сялянская праца была неад’емнай ад паўсядзённага тагачаснага жыцця. Яна была верным спосабам мець кавалак хлеба, забяспечыць вялікую сям’ю. І гэтая з самага маленства звычка да працы саслужыла Любе добрую службу на ўсё жыццё.
А потым была вайна. Успамінае Любоў Міхайлаўна адзін страшны эпізод з таго часу, як спалохаўшыся прыходу немцаў, яны з бацькамі пакінулі сваю хату і ўцякалі, а потым і ўвогуле ледзьве не пазбавіліся яе, таму што пакуль гаспадароў не было, дом маглі спаліць… Люба была прыгожай дзяўчынай, нават і зараз аб гэтым можна здагадвацца, хаця прайшло так шмат гадоў з яе маладосці. Паказваючы мне свае хусткі, якіх у яе ўжо накапілася нямала, жанчына накідвае адну, другую. І я заўважаю, што кожная з іх ёй вельмі да твару, нават цяжка выбраць якую-небудзь лепшую. Замуж дзяўчына выйшла за мясцовага хлопца, такога ж працавітага, як і сама. Калі пабраліся шлюбам, разлічвалі далей толькі на свае рукі. Муж быў удзельнікам вайны. Расказвае Любоў Міхайлаўна мне і пра тую ранейшую вясковую цеснату, у якой прыйшлося ёй жыць са сваім мужам і дзецьмі ў хаце разам са сваёй маці.
— А Вам муж быў харошы? – пытаюся я.
— Так, мне харошы, — адказвае яна. – Я хацела з ім жыць сваёй сям’ёй, і мы сталі збіраць грошы на ўласную хату, каб жыць асобна.
З Любай у іх нарадзілася чацвёра дзяцей. Калгасніцы тады не ведалі “дэкрэтных адпачынкаў”, ніхто і марыць не мог, што, так як цяпер, можна будзе даглядаць дзіця аж да трох гадоў.
— Я варочала ячмень, а назаўтра ўжо мела хлопчыка, — расказвае Любоў Міхайлаўна.
За ўсё сваё жыццё давялося ёй папрацаваць і на ферме, і пасвіць каровы, і быць паляводам.
— Каровы цяжка пасвіць было, цэлы статак, — успамінае яна. – Яны ж лезуць усюды, за гэта на мяне крычалі.
А старшынь гаспадаркі — Анатоля Аляксеевіча Ардынца, а таксама Антона Ігнатавіча Папоўскага ўспамінае яна добрым словам. Першы з іх даў ёй лесу на хату, транспарт, дапамог з шыферам. І хата сапраўды атрымалася выдатная, утульная, у якую так часта цяпер прыязджаюць да яе дзеці, унукі, праўнукі. Другі таксама вельмі добразычлівы чалавек, клапаціўся пра людзей. Пры такіх адносінах і працаваць было лягчэй. Жанчына расказвае:
— Я ніколі не хварэла. За ўсё сваё жыццё толькі два разы пабывала ў бальніцы. Адзін раз апендыцыт быў, а другі раз руку нацягнула. Ніколі не думала, што дажыву да 90 гадоў, а ў 80, бывала, яшчэ хадзіла на працу. У мяне ўжо два прапраўнукі ёсць. Колькі Бог даў мне шчасця!
На нядаўні юбілей да свайго дарагога роднага чалавека сабралася ўся вялікая сям’я. Шчыра павіншавалі жанчыну і ад гаспадаркі. І гэты жнівеньскі дзень запомніўся Любові Міхайлаўне мноствам цёплых слоў і пажаданняў, букетамі кветак, падарункамі, а таксама яркім феерверкам. Такі нечаканы і цудоўны сюрпрыз зрабіў сваёй добрай і любай бабулі ўнук.
Добрага Вам здароўя, Любоў Міхайлаўна!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *