У Старадварэцкім яслях-садзе-базавай школе прывіваюць цікаўнасць да працы на зямлі

Образование Общество

Праблема замацавання моладзі на сяле з’яўляецца актуальнай і вельмі вострай, асабліва ў апошнія гады. Як прывабіць моладзь, як узмацніць іх жаданне жыць і працаваць у сельскай мясцовасці?

У Старадварэцкім яслях-садзе-базавай школе шмат гадоў праводзіцца мэтанакіраваная работа па прафесійнай арыентацыі вучняў, прапагандзе прафесій сельскагаспадарчага профіля. На прышкольным участку дзеці вучацца, як правільна садзіць і даглядаць агародніныя культуры. Нават у дзіцячым садку выхаванцы вырошчваюць зеляніну на падаконніку і потым з гонарам перадаюць яе повару школьнай сталовай.

Асаблівую зацікаўленнасць у вучняў сярэдніх і старэйшых класаў выклікаюць работы ў яблыневым садзе, які пасаджаны недалёка ад школы. Ад ранняй вясны да восені вучні даглядаюць пладовыя дрэвы, а потым з задавальненнем частуюцца духмянымі яблыкамі, якія намнога смачнейшыя ад таго, што ў  іх часціца сваёй працы.

Чаму ж можна навучыць дзяцей у садзе? Рана вясной яны праводзяць абрэзку. Спачатку пад кіраўніцтвам настаўніка, а потым навучаючы адзін аднаго. Амаль усе зацікаўленыя вучні ведаюць, што такое “ваўчок” у кроне дрэва, якія галінкі трэба вырэзваць у першую чаргу. Сапраўднымі кансультантамі для “навічкоў” сталі вучні 9 класа Уладзіслаў Кавальчук, Яўген Барада, Ганна Высоцкая. Яны перадаюць свае навыкі не толькі сябрам, але і дарослым членам сям’і і нават суседзям.

Вясной, у час руху соку, вучні прышчэпліваюць адны сарты яблынь на другія. Яны добра засвоілі, што на адно дрэва можна прывіць 5-6 сартоў, гэта значыць, што кожная галінка можа быць іншага сорту, толькі пажадана, каб гэтыя сарты былі аднолькавымі па тэрміну паспявання.

А вось навыкі прышчэпак вучні набываюць нават зімой на занятках па інтарэсах, выкарыстоўваючы галінкі вярбы. Канешне, не ўсім вучням гэта цікава, затое сярод тых, каму на самай справе гэта падабаецца, ёсць сапраўдныя знатакі.

На сваёй “навуковай пляцоўцы” вучні часта праводзяць розныя эксперыменты.

Вельмі зацікавіла навучэнцаў  праца вучня 9 класа Уладзіслава Кавальчука “Цікавыя спосабы размнажэння пладовых дрэў”. Работа праводзілася па размнажэнні дрэў зялёнымі чаранкамі на паветры. Такім спосабам можна размножыць каштоўныя сарты і выратаваць дрэва, якое гіне. Гэтым спосабам размнажэння зацікавіліся не толькі вучні, але і настаўнікі, а таксама члены журы  раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Крокі ў навуку”, дзе работа заняла прызавое месца. Неабходную кансультацыю вучні маглі атрымаць у загадчыка кафедрай плодаагародніцтва і лугаводства Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, кандыдата сельскагаспадарчых навук Аляксея Сцяпанавіча Бруйло.

Шмат работы ў школе праводзіцца і па экалагічнаму выхаванню вучняў, па вывучэнні прыроды роднага краю.

Разам з вучнямі пачатковых і сярэдніх класаў праводзіцца экалагічнае  даследванне свайго месцапражывання па спецыяльнай шкале. Вучні вызначаюць, ці дастаткова экалагічнае тое месца, дзе знаходзіцца іх дом. І, калі бал экалагічнасці невысокі, вырашаюць, дзе паблізу пасадзіць дрэвы.

Вучні 5 класа правялі экалагічнае даследванне мікрараёна школы і вызначылі, што экалагічнымі праблемамі з’яўляюцца наступныя: паблізу школы праходзіць асфальтаваная дарога, знаходзіцца малочнатаварная ферма  і мехдвор аграфірмы “Стары Дворац”. Вучні прапанавалі    змяншыць іх негатыўны ўплыў і    пасадзіць алею дрэў вакол школы з боку асфальтаванай дарогі. Пасадка дрэў запланавана  на вясну 2018 года  сумесна з аграфірмай “Стары Дворац”.

Гэта работа перамагла ў раённым этапе конкурса “Я пазнаю свет” і прыняла ўдзел у абласным этапе.

Кажуць, што свой лёс вызначае сам чалавек. Аднак, вельмі прыемна адзначыць, што ў нашай школе кожны год вучні выбіраюць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Так, вучэбна-даследчая дзейнасць аказала ўплыў на выбар прафесіі Дзяніса Жураўка, які зараз з’яўляецца навучэнцам   Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, Яўгена Гудача, студэнта  Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта,  шмат вучняў паступае ў   Жыровіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж  і   Бераставіцкі дзяржаўны  прафесійны сельскагаспадарчы ліцэй.

Сваю будучую спецыяльнасць абраў і адзін з самых актыўных удзельнікаў навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд  Уладзіслаў Кавальчук, вучань 9 класа. Ён марыць стаць аграномам і падкрэслівае, што вялікую ролю ў выбары прафесіі адыгралі тыя навыкі і веды, якія ён атрымаў у школе.

Прыемна таксама адзначыць, што кіраўніком аграфірмы “Стары Дворац” з’яўляецца Святаслаў Анатольевіч Кавальчук, выпускнік школы, які бывае ў нас частым госцем і цесна супрацоўнічае са школай.

Толькі добрымі справамі, выхаваннем любові і павагі да людзей працы і прыроды мы можам выхаваць чалавека адказнага за лёс роднай зямлі, за сваю будучыню.

Зоя Уцепяргенава,  настаўніца  біялогіі і хіміі  Старадварэцкага ясляў- сада-базавай школы                                                

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *