У СВП “АграМір” ушанавалі ветэранаў

Лента новостей

IMG_3118Увесь цывілізаваны свет адзначыў вялікае свята – 70-гадовы юбілей Вялікай Перамогі над фашызмам. Перамога кардынальна змяніла гісторыю, дала выдатны шанц чалавецтву будаваць новае жыццё, паважаючы гуманізм і правы кожнага чалавека. У нашай краіне няма сям’і, якую б ні зачапіла Вялікая Айчынная вайна сваім злавесным чорным крылом. У працоўных калектывах віншавалі са святам Вялікай Перамогі ветэранаў вайны і працы, і такія шчырыя цёплыя сустрэчы кожны раз атрымліваліся “са слязамі на вачах”. Працаўнікоў СВП “АграМір” і тых паважаных людзей, якія зараз на заслужаным адпачынку, але бачылі жудасную вайну сваімі вачамі і рабілі, што маглі, каб наблізіць жаданую Перамогу, на мінулым тыдні прыйшлі павіншаваць намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама Сяргей Чыкун і першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Кадргулаў. Яны выказалі самыя добрыя словы павагі і ўдзячнасці ў адрас тых, хто змагаўся разам з усім народам супраць захопнікаў, а таксама пажадалі ветэранам працы, якія стаялі ля вытокаў гаспадаркі, “па крупінкам” ствараючы яе цяперашні дабрабыт, і ўсяму калектыву, моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, бадзёрасці, радасці і шчасця. А СВП “АграМір” пажадалі далейшых значных эканамічных поспехаў. Сяргей Ягоравіч выказаў таксама спа­дзяванне, што ў гарадскім пасёлку з’явіцца новы фірменны магазін. Такі магазін з прадукцыяй ААТ “АграМір” і яго філіяла быў бы сапраўдным падарункам бераставічанам. Акрамя малочнай прадукцыі, людзі змаглі б купіць і прадукцыю з сада СВП “АграМір”.
У час сустрэчы за “салодкім сталом” панавала цёплая прыемная атмасфера. Нядаўні юбіляр, 90-гадовая Анастасія Сцяпанаўна Сцепанюк, у якой склалася працоўная дынастыя, бо праўнучка яе працуе ў СВП “АграМір” аграномам-садаводам, расказала пра тыя страшныя вогненныя гады, якія ёй давялося перажыць. А “дзіця вайны”, Зінаіда Аляксандраўна Плоцкая, якая пачынала тут рахункаводам, расказала пра свой лёс, падзілялася ўспамінамі, як цяжка было выжыць, калі кожны дзень даводзілася марыць пра хлеб. Слухаць такія эмацыянальныя шчырыя аповеды немагчыма было без слёз. Такія слёзы ачышчаюць душу, прымушаюць цаніць дабро і мірнае жыццё з усімі яго простымі радасцямі і турботамі.
Дырэктар СВП “АграМір” Ніна Лазавіцкая шчыра павіншавала гасцей і працаўнікоў з Вялікай Перамогай, расказала, як сёння развіваецца гаспадарка. Радуюць шчодрыя ўраджаі збожжавых, квітнее цудоўны сад, ёсць выдатная вытворчая база для сучаснага вядзення малочнай жывёлагадоўлі. Ветэраны працы могуць параўнаць, як цяжка раней было працаваць даяркам, і як змяніліся ўмовы працы зараз.
Шчырыя віншаванні, цёплыя словы, прыгожыя кветкі стварылі сапраўдную атмасферу свята. Пагутарылі людзі і пра мірнае жыццё – свае надзённыя клопаты і тое, чым любяць займацца ў вольны час. Няхай ва ўсім свеце людзі жывуць у міры і згодзе, а войны назаўсёды адыдуць у нябыт і застануцца толькі змрочнымі чорнымі плямамі ў гісторыі як напамін нашчадкам пра тое, што ні ў якім разе нельга дапускаць.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *