У СВК імя Варанецкага ўведзены новы малочнатаварны комплекс

Лента новостей

IMG_3058У аграпрамысловым комплексе рэспублікі жывёлагадоўлі належыць сапраўды неацэннае месца. Задавольваецца патрэба насельніцтва ў якасных прадуктах харчавання, дыверсіфікуецца і ўмацоўваецца экспарт, і, адпаведна, эканоміка краіны. Для далейшага эфектыўнага развіцця эканомікі неабходна нарошчванне выпуску запатрабаванай прадукцыі. У гаспадарках таксама зацікаўлены ў гэтым. Асаблівая ўвага надаецца менавіта малочнай жывёлагадоўлі. Вытворчасць малака вельмі выгадная, таму добрыя гаспадары стараюцца будаваць сучасныя эфектыўныя малочнатаварныя комплексы. Ранейшыя фермы з невялікім статкам і ў многім ручной працай адыходзяць у нябыт. Хаця там і былі некаторыя важкія перавагі, напрыклад, каровы пасвіліся на зялёнай свежай траве, шмат рухаліся, што безумоўна, умацоўвала здароўе жывёлы. І усё ж аптымізаваны інтэнсіўны вытворчы варыянт “перамог”. У Беларусі актыўна працягваецца будаўніцтва новых малочнатаварных комплексаў. Такі сучасны аб’ект быў нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю ў СВК імя Варанецкага. Разлічаны ён на 777 кароў. У СВК імя Варанецкага здадзена першая чарга новага аб’екта, будуецца яшчэ адзін прасторны вытворчы будынак. Зараз функцыяніруюць 3 кароўнікі.
У сельгаскааператыве зацікаў­лены ў значным нарошчванні выпуску прадукцыі, паляпшэнні яе якасці і ўмацаванні эканомікі. Пакуль на новым жывёлагадоўчым аб’екце размяшчаюцца рагулі з МТК “Рымуцеўцы”, таму што там з 2004 года не было рэканструкцыі, і IMG_3063ранейшая даільная зала ўжо “маральна састарэла”. Там установяць такую ж сучасную, як і на новым комплексе “Валотынь”. Выпускае такое сучаснае абсталяванне фірма “Вестфалія”. Новая даільная зала вельмі зручная для кароў і для работы працаўнікоў. А ў перспектыве пагалоўе ў сельгаскааператыве значна павялічыцца, а “малочныя рэкі” будуць папаўняцца. Гэта будзе сапраўдны новы этап у далейшым развіцці малочнай жывёлагадоўлі моцнай гаспадаркі, выхад на больш высокі ўзровень.
На малочнатаварнай ферме “Валотынь” мне давялося пабачыць, як праводзіліся фірмай “Ю-Аўта” пусканаладачныя работы аптымальнай сістэмы вентыляцыі. Мікраклімат будзе рэгулявацца ў аўтаматычным рэжыме. Галоўны заатэхнік Вікенцій Адамчук, які звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай і працоўны стаж якога пачаў свой адлік у 1975 годзе пасля заканчэння тэхнікума, расказаў, якая ўвага надаецца ў СВК імя Варанецкага павышэнню культуры вытворчасці. Аптымальны мікраклімат і магутная сучасная вытворчая вентыляцыя “жыццёва неабходныя” для ўмацавання здароўя жывёлы. Статак тут вялікі, рагулі маюць патрэбу ў чыстым паветры і прытоку кіслароду. Гэта вельмі важна для любой жывёлы, каб захаваць здароўе. Да таго ж кісларод дапамагае справіцца са стрэсам, ад якога рагулі, як і людзі, таксама пакутуюць. Здаўна вядома, што стрэс негатыўна адбіваецца на надоях. Нават рэкардсменкі- карміцелькі могуць значна знізіць уласную планку, калі ім прыходзіцца “панервавацца”… Каровы на вялікіх комплексах не маюць магчымасці пастаянна дыхаць свежым паветрам і актыўна рухацца, як гэта было здаўна “задумана прыродай”, але трэба рабіць, што магчыма. Да таго ж, нельга дапускаць значнай канцэнтрацыі шкодных рэчываў у паветры памяшкання, напрыклад, аміяку. Таму вытворчая сістэма вентыляцыі айчыннай фірмы “Белтэхкам” з чатырма вежамі ў пераддаільнай зале і дзвюма ў даільнай не толькі зробіць абстаноўку спрыяльнай для даення кароў, але і дапаможа аператарам машыннага даення адчуваць сябе камфортна, значна аблегчыць іх нялёгкую працу.
Мне цікава было пагутарыць з працаўнікамі на МТК “Валотынь”. Аператары машыннага даення Алена Грышчанка і Таццяна Растрыга расказалі, што на новым аб’екце адчуваецца сапраўдны клопат пра жывёлу, людзей і эфектыўнасць вытворчасці. Ім падабаецца новае абсталяванне і добрая арганізацыя вытворчага працэсу. Напрыклад, каб падаіць адну карову на ранейшым абсталяванні, прыходзілася страчваць 10-15 мінут, а зараз можна справіцца за 5-6. Новая даільная зала змяшчае 36 кароў, а ранейшае абсталяванне абслугоўвала адразу толькі 24. Сапраўды, новыя тэхналогіі вельмі дапамагаюць людзям, ствараюць аптымальныя ўмовы для нарошчвання выпуску каштоўнай сыравіны.
З самага лепшага боку праяўляе сябе тут і зладжаны калектыў.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *