У СВК імя Варанецкага ўбралі азімы рапс

Лента новостей

IMG_6503Рапс – расліна сапраўды адметная. У жывой прыродзе ў яго няма прамых “продкаў”, гэта ўдалы гібрыд свірэпы і капусты. “Дзіця” ў іх выйшла на славу, і “знешні выгляд” уражвае, і карысць людзям ад яго вялікая. Калі рапсавае поле цвіце, яно здалёк прываблівае вока яркім жоўтым колерам, а калі расліна набірае сілу, можна палюбавацца яе экзатычным магутным сцяблом і буйнымі струкамі, дзе выспяваюць чорныя каштоўныя зярняты.
Сусветныя лідары па вытвор­часці гэтай запатрабаванай культуры – еўрапейскія краіны, Канада і Кітай, і ў яе знаходзіцца ўсё больш шчырых прыхільнікаў сярод сельскагаспадарчых вытворцаў. Карысны алей і экалагічнае біяпаліва вырабляюць з рапсу, знайшоў ён прымяненне ў жывёлагадоўлі і нават у касметыцы.
У СВК імя Варанецкага азімы рапс убралі за пятніцу, суботу і нядзелю. Было яго тут 80 гектараў. Выгадную культуру пасеялі ў мінулым годзе, у аптымальны тэрмін як раз пасля ўборкі збожжавых, якія з’яўляюцца добрымі папярэднікамі для рапсу. Каб ён апраўдаў чаканні нашых руплівых земляробаў і парадаваў добрым ураджаем, належную ўвагу надалі захаванню сучасных тэхналогій сяўбы і вырошчвання, добраму догляду.
На магутных камбайнах Лексіён убіралі азімы рапс камбайнеры Антон Іядкоўскі, Іван Радзюкевіч і Андрэй Аўтух. У нядзелю паспелі закончыць уборку як раз да моцнага дажджу. А ўраджайнасць азімага рапсу ў СВК імя Варанецкага – 40 цэнтнераў з гектара.
***
Няўстойлівае вільготнае над­вор’е не дае “разгарнуцца” на хлебнай ніве нашым земляробам. Азімы ячмень пачалі ўбіраць у СВК “Макараўцы” і СВК “Цецяроўка”.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *