У СВК імя Варанецкага ахвотна ідуць працаваць маладыя

Общество Сельское хозяйство

IMG_4820СВК імя Варанецкага – моц­ная гаспадарка, адзін з “флагманаў” аграрнага сектару Бераставіччыны. Сель­гас­кааператыў вядомы сваі­мі поспехамі ў вобласці і рэспуб­ліцы.
Прыемна было пабываць у майстэрні гэтай гаспадаркі. Тут сучаснае абсталяванне, а для працаўнікоў створаны добрыя ўмовы для выніковай працы. Паклапаціліся пра душ, пральныя машыны, каб можна было асвяжыцца пасля змены, а брудную вопратку не насіць дамоў.
Зараз у полі зроку аграрыяў рамонт тэхнікі. Загадчык майстэрні Іосіф Калантай, які на гэтай няпростай пасадзе ўжо 10 гадоў, а ў гаспадарцы чацвёрты дзясятак, гаворыць, што ўвага надаецца дэфектоўцы, даследаванню, якія запчасткі патрабуюцца на сельгасмашыны. А многія запчасткі, безумоўна, каштуюць зараз вялікіх грошай, таму хутка ўсё зрабіць не атрымаецца. Падобныя праблемы ўзнікаюць кожны год ва ўсіх сельгаскааператывах краіны, але нашы землякі паспяхова з імі спраўляюцца.
Прыемна, што ў СВК імя Варанецкага ахвотна ідуць працаваць маладыя. Гэта гаворыць аб тым, што ў сельгаскааператыва ёсць будучае. Электрагазазваршчык Аляксандр Пачапнёў – мясцовы хлопец, прафесійную адукацыю атрымаў у Бераставіцкім сельскагаспадарчым ліцэі.
— А чаму Вы вырашылі падаць дакументы менавіта туды? – пытаюся ў майго маладога субяседніка.
— Я хацеў менавіта ў гэты ліцэй, — шчыра адказаў Аляксандр. – Мне падабаецца прафесія электрагазазваршчыка. Яна цікавая, добра аплачваецца, магу сам сябе забяспечваць, быць самастойным.
Хлопец сур’ёзны, хоча цвёрда стаяць на нагах. Ён расказаў, што вучыцца зварачнай справе ў ліцэі было вельмі цікава. Захапіла яго і тэорыя, і практыка. Асаблівы акцэнт рабіўся на тэхніцы бяспекі, што вельмі важна ў прафесіі электрагазазваршчыка. Тэмпература зварачнай дугі дасягае тысячы градусаў па Цэльсію. Спецыяльнае прыстасаванне прымяняецца для таго, каб абараніць зрок. Дарэчы, глядзець на такі зварачны “блакітны агонь” таксама нельга, як гэта робяць часам недасведчаныя людзі. Вопратка электрагазазваршчыка павінна быць сухой, а сам працэс патрабуе вялікай асцярожнасці. Напрыклад, пырскі металу пры зварцы могуць мець тэмпературу да 1800 градусаў і выклікаць моцныя апёкі. Наогул, такая работа патрабуе вялікай адказнасці, легкадумны чалавек не можа быць прадстаўніком такой сур’ёзнай прафесіі.
А ўмець рэзаць метал і зварваць яго – гэта таксама майстэрства, тут патрэбны дакладнасць, навыкі, вопыт і нават творчасць. Нездарма навучэнцы ліцэя ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах. А першы дзень, калі хлопцу дазволілі рабіць зварку металу ўласнымі рукамі, запомніўся яму назаўсёды. Ён упершыню адчуў асалоду ад сваёй прафесіі. У ліцэі Аляксандр атрымаў і пасведчанне вадзіцеля легкавой і грузавой машын, але працаваць захацеў менавіта электрагаза­зваршчыкам.
У СВК імя Варанецкага нядаўні былы навучэнец ліцэя працуе ўжо больш за год. Яго старэйшыя калегі па працы Мікалай Авенка і Тадэвуш Іядкоўскі многаму яго навучылі, дапамаглі зрабіцца сапраўды ўпэўненым у сабе працаўніком. Зараз сельгастэхніку Аляксандр рамантуе не горш за іх. Нядаўна малады электрагазазваршчык прыводзіў у парадак плугі, трактарныя прычэпы, збіраецца рамантаваць ёмістасць для вывазкі арганічных угнаенняў. Усё, што ні даручаць, ён выконвае старанна, таму ўжо заслужыў добрую рэпутацыю ў калектыве. Хлопец таксама стараецца, каб тэхніка доўга служыла, не падводзіла ў гарачую пару, была надзейнай.
Калі адносіны да працы сур’ёзныя, і выконвае яе малады чалавек з душой, шчыра любіць сваю прафесію, усё ў яго будзе добра.
— Мне падабаецца мой занятак, — гаворыць Аляксандр. – Я хацеў працаваць менавіта ў СВК імя Варанецкага.
Саша – хлопец сучасны. У вольны час, як і многія, ён цікавіцца інтэрнэтам, інтарэсы ў яго рознабаковыя, ён павышае свой кругагляд. Прыемна, што малады чалавек вызначыўся са сваім лёсам і працуе з добрым бадзёрым настроем. Ужо зараз у яго ўмелыя рукі, а з вопытам будуць і залатыя…
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *