У РУСП “Масаляны” развіваюць малочную жывёлагадоўлю

Лента новостей

Бераставіцкі раён вызначаецца ў вобласці і рэспубліцы добрым развіццём малочнай жывёлагадоўлі. А ў РУСП “Масаляны” прыкладваюць намаганні, каб умацоўваць дабрабыт гаспадаркі і працаўнікоў. Тут удала выкарыстоўваюць тое, што маюць. Напрыклад, адноўленая ферма па дарошчванні і адкорму буйной рагатай жывёлы “Цэнтр Масаляны” з’яўляецца “моцным звяном” і выдатна функцыянуе. Нездарма ўкладзены немалыя сродкі ў яе мадэрнізацыю. Усяго тут утрымліваецца 1929 галоў жывёлы, а даглядае іх невялікі і зладжаны калектыў.
Прыемна глянуць на дагледжаную тэрыторыю, сучасную прахадную, вытворчыя памяшканні жывёлагадоўчага аб’екта.
Вядучы заатэхнік-селекцыянер РУСП “Масаляны” Алена Анохіна гаворыць, што генетычны патэнцыял галшцінскіх кароў складае 10,5 тысячы кілаграмаў малака ў год. Пры выкананні тэхналагічных патрабаванняў і добрым доглядзе буйной рагатай жывёлы можна ўпэўнена рухацца наперад, павялічваць надой. З удзячнасцю гаворыць яна і пра брыгадзіра фермы Вольгу Гурчанка, а таксама увесь калектыў аб’екта.
Вольга Іванаўна прыехала на масалянскую зямлю з Гомельшчыны разам з мужам, якога ў маладосці размеркавалі ў гэтую гаспадарку. Сям’ю забяспечылі добрым жыллём і тут яна засталася назаўсёды, таму што “ад дабра дабра” людзі не шукалі. Дачка стараннага брыгадзіра таксама працуе на гэтай ферме, так што ў іх ужо склалася свая дынастыя.
Жывёлавод Уладзімір Багданаў прыехаў з Гродна, яго жонка з гэтых мясцін. Сям’і таксама далі камфортнае жыллё. Уладзімір даглядае цялят узростам ад месяца да чатырох. Пільным вокам ён сочыць, ці здаровенькія, ці добра ядуць. Даглядаць іх трэба, як малых дзяцей.
Дарэчы, рухавыя цяляткі аддзячваюць людзям за добры догляд, даверліва падыходзяць да сваіх кармільцаў, паглядаюць на іх. Прыемна паглядзець на такую карціну. Пародзістая жывёла вельмі прыгожая.
Ферма чыстая, ахайная, відаць, што тут працуюць нераўнадушныя людзі. Яны клапоцяцца пра жывёлу, як пра ўласную. Пры такіх старанні і адказнасці кожнага чалавека на сваім месцы можна спадзявацца, што ранейшая ферма, якая пасля мадэрнізацыі атрымала сапраўднае “другое жыццё”, і далей будзе паказваць прыклад удалага гаспадарання.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *