У РУСП «Масаляны» дбаюць пра захаванне тэхналогій пры нарыхтоўцы кармоў

Лента новостей

IMG_3413IMG_3403Без асаблівых спасылак на спякоту і холад працуюць аграрыі Бераставіччыны. У нашым моцным аграрным раёне людзі навучыліся супрацьстаяць “капрызам надвор’я”, маючы ў сваёй працоўнай скарбонцы адзін адмысловы сакрэт – “дыктатуру тэхналогій”. Менавіта такім правераным шляхам ідуць сельскагаспадарчыя вытворцы ўсяго свету.
Нарыхтоўку кармоў з траў першага ўкосу сельгаскааператывы Бераставіччыны завяршылі аднымі з першых у Гродзенскай вобласці.
— Хаця травы і не так парадавалі, як гэта было ў больш спрыяльныя гады, праблем з кармамі ў нас не будзе — , гаворыць першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Кадргулаў.
У полі зроку нарыхтоўшчыкаў у першую чаргу якасць. Другі ўкос таксама ўнясе “сваю лепту” ў папаўненне харчовага запасу для буйной рагатай жывёлы.
Каб на месцы паглядзець, якая ўвага надаецца захаванню тэхналогій, зберажэнню літаральна кожнай ахапкі зялёнай масы, я пабывала ў РУСП “Масаляны”. Гэтая гаспадарка вядомая на ўсю вобласць эфектыўным развіццём малочнай жывёлагадоўлі, у час нядаўняга абласнога семінара тут пабывалі госці з іншых раёнаў і вельмі станоўча ацанілі ўбачанае. Далейшае эфектыўнае раскрыццё генетычнага патэнцыялу рагуль немагчымае без якаснага кармлення. І ад таго, як пастараюцца аграрыі летам, будзе залежаць “апетытны стол” карміцелек зімой. А яны “дэгустатары” добрыя – малако ў каровы на языку.
Загадчык участка Віктар Сарока прыехаў у РУСП “Масаляны” маладым спецыялістам пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта і зразумеў, што іншай зямлі яму, на якой хацелася б жыць і працаваць, не трэба. Бадзёрасць і малады імпэт засталіся ў яго, як і ў першыя дні пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы, але практычнага вопыту ўжо значна прыбавілася. Ёсць у яго такой “прыземленай” працы і свая рамантыка, і ўзнёсласць, і нават паэзія, а ўпэўніцца ў гэтым можна, паглядзеўшы ў вочы зацікаўленага маладога чалавека. Ён так умее расказаць пра пералівістыя хвалі зялёных сенажацей росным ранкам, гатункі траў і іх каштоўнасць для жывёлы, пра людзей, якія працуюць на нарыхтоўцы і трамбоўцы, што літаральна ўяўляеш перад сабой жывы складаны механізм. Мне вельмі спадабалася таксама, як гаворыць гэты спецыяліст з працаўнікамі – з вялікай павагай да іх укладу ў агульную справу, дабрынёй, ветлівасцю, а гэта заахвочвае людзей выкладвацца, дапамагае пераадольваць стомленасць.
Работа на зялёнай ніве няпростая. На касілках заняты адказныя механізатары Дзмітрый Данільчык, Аляксандр Максімік, Іосіф Пляўга, Віктар Багай. Па-майстэрску аперыруюць граблямі Войцех Пляўга і Мікалай Біндзей. На кормаўборачных камбайнах за штурваламі Юрый Навагроцкі і Андрэй Пракопчык. Зялёную сыравіну дастаўляюць да сянажнай траншэі вадзіцелі Андрэй Крэчка, Аляксандр Кароль, Анатоль Канеўскі, Аляксандр Гіжук, Мікалай Ясюля.
Злакавыя і бабовыя, большую частку з якіх складае люцэрна, добра ўтрамбоўваюцца. Здробненая падвяленая маса з кансервантам вельмі прыемная на выгляд, а калі патрымаеш жменьку такога корму ў руках, можна ўпэўніцца, якая яна далікатная, і які ў яе прыемны пах. Люцэрна – спрадвеку незаменная каштоўная культура для жывёлагадоўлі. Багатая бялком, вітамінамі, яна выдатна ўсвойваецца арганізмам, павышае надоі. Ды і для глебы яна карысная, абагачае яе азотам, таму гэта добры папярэднік для многіх культур пры севазваротах.
На трамбоўцы на “Амкадорах” працавалі механізатары Валерый Буйко і Уладзімір Кулевіч. Работа ў іх нялёгкая, але на маё пытанне, ці не баяцца яны перакуліцца, як здаралася гэта некалі пры рабоце на “Кіраўцах”, яны адрэагавалі ўсмешкамі, запэўніўшы, што ў іх такое немагчыма. Тэхніка сучасная, а каб чалавек не стамляўся, кожную гадзіну даецца пэўны адрэзак часу на адпачынак.
Віктар Сарока спецыяльным доўгім тэрмометрам памераў тэмпературу сянажнай масы ў некалькіх месцах і на рознай глыбіні. Такі тэмпературны кантроль, а таксама вымярэнне вільготнасці, праводзіцца пастаянна. Тэмпература не павінна перавышаць 37 градусаў, а вільготнасць павінна быць у межах 45 – 60 працэнтаў. У РУСП “Масаляны” належныя патрабаванні захоўваюцца, усё ў норме. Рэгулярна наведваюць гаспадаркі пры нарыхтоўцы кармоў і работнікі райветстанцыі, якія таксама вядуць строгі кантроль за якасцю. Такая жыццёва неабходная “дыктатура тэхналогій”” – залог бяспекі таго, што будзе потым на нашым стале.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *