У падарунак за супрацоўніцтва— унікальны фаліянт

Лента новостей

Падзячным пісьмом дырэкцыі ААТ “Гроднакніга” ўзнагароджаны аддзел культуры райвыканкама за шматгадовае і плённае супрацоўніцтва па камплектаванні кнігай бібліятэчнага фонду раёна. А ў дадатак да ўзнагароды начальніку аддзела культуры Віталію Іванавічу Ляховічу быў уручаны і падарунак—унікальны культурны рарытэт “Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII -XIX стагоддзяў”, які быў перададзены ў цэнтральную раённую бібліятэку.
Безумоўна, гэта выданне—цудоўны падарунак усім чытачам, хто цікавіцца гісторыяй, класічным мастацтвам, высокай еўрапейскай арыстакратычнай культурай. Кніга выканана ў памеры “in folio” (фармат А3), утрымлівае выявы 165 прадстаўнікоў знакамітай дынастыі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, уяўляе сабою 169 старонак факсімільных чорна-белых партрэтных гравюр і малюнкаў, 100 старонак гістарычных каментарыяў з ілюстрацыямі. Рарытэт паўтарае альбом Ра-дзівілаў XVIII ст.—унікальны помнік беларускай культуры, адзін з 6 вядомых у свеце альбомаў радзівілаўскіх партрэтаў, які сёння захоўваецца ў Мінску.
Дарэчы, гэта першая кніга новага праекта “Энцыклапедыя рарытэтаў” выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Запланаваны выпуск прыкладна 10 кніг, якія таксама надрукуюць ў вялікім фармаце і якія будуць папулярызаваць помнікі айчыннай культуры.
Выйшаў і другі рарытэт з гэтай серыі—фотаальбом “Зямля сілы. Белавежская пушча”. Як і альбом партрэтаў Радзівілаў, гэтае выданне стала лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне” 2010 года. Іх прэзентацыі адбыліся на XVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа”, якая праходзіла 9-13 лютага.
Пасля адпаведнай дакументальнай апрацоўкі падараваны рарытэт хутка будзе прадстаўлены да ўвагі бераставіцкіх чытачоў.

Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *