У музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы прайшоў рэгіянальны музейны экалагічны конкурс “Экалогія. Чалавек. Будучыня”

Культура Образование Общественные объединения

3 сакавіка ў музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы  прайшоў рэгіянальны музейны экалагічны конкурс “Экалогія. Чалавек. Будучыня”, арганізатарамі якога выступілі Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”, музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы  і грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Адкрыў мерапрыемства навуковы супрацоўнік музея Вавёркі Мікалай Пацэнка, які прывітаў гасцей на бераставіцкай зямлі, прадставіў журы і ўдзельнікаў конкурсу.

Як расказала дырэктар Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек” Наталля Пуцілоўская, гэты конкурс  праводзіцца ўжо ў 10 раз. Спачатку ён ствараўся як музейны конкурс для  школ горада Масты, затым да яго сталі далучацца ўстановы адукацыі Мастоўскага раёна, а праз некалькі гадоў ён стаў рэгіянальным, удзел у якім ужо прынялі многія раёны Гродзенскай вобласці.  У мінулым годзе вучні Малабераставіцкай сярэдняй школы ўдзельнічалі ў міжраённым экалагічным конкурсе, які праходзіў на базе  Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек”,  а ў гэтым годзе конкурс прыняў музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы.

У конкурсе, які прывівае любоў да роднай прыроды і дапамагае шукаць шляхі вырашэння экалагічных праблем, актуальных для  нашага рэгіёну, у гэты раз  прынялі ўдзел пераможцы раённых этапаў  — экалагічны атрад “Вясёлка” Мілявічскага ясляў-сада-сярэдняй школы Мастоўскага раёна і экалагічны атрад “100%” Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы.

Напачатку каманды прадставілі свае візіткі, расказалі аб экалагічных акцыях, у якіх яны ўдзельнічаюць. Затым яны дэманстравалі свае экалагічныя веды ў віктарыне, пазнавалі птушку па апісанні, адгадвалі расліны з гербарыю.   Бадай, самымі захапляльнымі этапамі  сталі конкурс экалагічнай моды “Чысты свет”, у якім каманды прадставілі  мадэлі адзення з бытавых адыходаў, а таксама музычны конкурс, у якім яны прадэманстравалі свае творчыя здольнасці.

Паміж спаборніцтвамі юныя эколагі з  цікавасцю паглядзелі відэафільм “Жаўрук-смяцюх. Птушка  2017 года”, а таксама прэзентацыі “Як назіралі за птушкамі ў мінулым” і “Як назіраюць за птушкамі цяпер”, якія прадэманстраваў арнітолаг Дзмітрый  Вінчэўскі, рэдактар сайту “Птушкіштодня”.

Па выніках конкурсу каманды-ўдзельнікі набралі аднолькавую колькасць балаў і раздзялілі такім чынам перамогу. Яны атрымалі граматы і невялікія падарункі ад арганізатараў экалагічнага конкурсу, а старадварэцкіх школьнікаў запрасілі абавязкова  наведаць музей “Лес і чалавек” у Мастах.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *