У Малабераставіцкай школе вядзецца актыўная работа па даследаванні ўдзелу воінаў-землякоў ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі

80 лет Великой Победы Лента новостей

У Малабераставіцкай сярэдняй школе вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню вучняў. Цэнтрам дадзенай работы з’яўляецца народны гісторыка-краязнаўчы музей «Вытокі», адным з галоўных кірункаў работы якога з’яўляецца захаванне гістарычнай памяці аб подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
З 2015 года ўдзельнікі пошукава-даследчай групы “Памяць” вядуць актыўную дзейнасць па даследаванні ўдзелу воінаў-землякоў ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пошукаўцы, нашчадкі пакалення пераможцаў, лічаць неабходным аддаць даніну павагі і памяці землякам, пацвердзіць фактамі значны ўклад іх у Вялікую Перамогу, папоўніць новымі звесткамі старонкі слаўнай гісторыі беларускага народа.
Напярэдадні святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў групе “Памяць” ёсць чым ганарыцца: праведзены пошук і даследаванне франтавога лёсу 256 воінаў-землякоў. Матэрыялы аб франтавіках увесь час дапаўняюцца новымі архіўнымі дакументамі і фотаздымкамі.
Падчас пошуку высветлілася, што існуе зусім мала звестак пра ваенны лёс большасці тых землякоў, што не вярнуліся з вайны. Нават многія родныя і блізкія па розных прычынах не ведаюць, дзе пахаваныя франтавікі. Нам удалося знайсці дакументы і ўстанавіць месцы гібелі і пахавання, а таксама паўторнага пахавання многіх землякоў, зной­дзены фотаздымкі мемарыялаў і брацкіх магіл. Што немалаважна, знойдзены дакументы аб подзвігах і ўзнагародах франтавікоў.
Напрыклад, воіны-землякі К.К. Бандарык, С.А. Галавач, А.В. Грышэнь, І.Д. Дарошка, І.Р. Дудко, І.К. Карпач, Д.М. Курганскі, І.І. Садаўнічы, М.І. Муха, Ф.А. Ціунчык былі прызваныя на фронт летам і восенню 1944 года, яны ваявалі на 2-ім і 3-ім Беларускім франтах, 2-ім Украінскім фронце. Вывучыўшы адпаведныя дакументы, мы атрымалі ўяўленне аб жорсткіх баях, якія выпалі на іх долю. Бандарык Канстанцін Канстанцінавіч, Дудко Іван Рыгоравіч, Карпач Іван Канстанцінавіч, Курганскі Дзмітрый Мікалаевіч ваявалі ва Усходняй Прусіі, прынялі ўдзел ва Усходне-Прускай аперацыі. Вядома, што на гэтай тэрыторыі фашысты фанатычна абаранялі кожны рубеж. 13 студзеня 1945 года войскі 3-га Беларускага фронту пачалі наступленне і зламаўшы супраціўленне фашыстаў 18 студзеня прарвалі варожую абарону на поўнач ад горада Гумбінен. У гэты час, як устаноўлена паводле дакументаў, на тэрыторыі Гумбіненскай акругі нашы землякі прынялі апошні бой.
Жыхар вёскі Хілякі Садаўнічы Іван Іванавіч біў фашыстаў на літоўскай зямлі ў складзе роты снайпераў 371-ай стралковай дывізіі. Чатыры землякі ў складзе войскаў 2-га Беларускага фронту ўдзельнічалі ва Усходне-Памеранскай аперацыі. 12 сакавіка 1945 года ў ходзе наступлення савецкія войскі авалодалі важнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў на подступах да Гданьска ( Данцыга) і Гдыні — гарадамі Тчэў (Дзіршаў), Вейхерово (Нойштадт).
Баі былі жорсткія. Аб гэтым сведчыць пісьмо з фронту Ціунчыка Феадосія Антонавіча: “23 марта 1945 год. Дорогие родные! Сообщаю вам, что я жив и здоров, чего и вам желаю. Был в бою 22 марта, остался, слава Богу, живой. Что там в этом бою творилось, вам не передать. Хлопцы, которые были со мной, не все остались живыми. Антон Гришень и Роман Войшель ранены. Степан Головач умер. Дорогие родные! В этом бою я вместе с товарищами захватил в землянке 10 немцев, которые были напуганы, как дикие звери. Кланяюсь всем родным и знакомым. Большое спасибо, Люба, за письмо!”
Гэта пісьмо было апошнім. Менавіта на той зямлі загінулі Ціунчык Феадосій Антонавіч, Галавач Сцяпан Антонавіч, Грышэнь Антон Васільевіч, Дарошка Іван Данатавіч.
Радзіма высока ацаніла мужнасць і адвагу нашых землякоў. Мы ўстанавілі, што Дарошка Іван Данатавіч быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. З Загада № 022/Н 28.2.1945 г.: “В наступательном бою 24.02. 1945 г. показывая образцы личной храбрости и отваги в числе первых ворвался в траншею противника, увлекая за собой товарищей».
Жыхар вёскі Кавалі Муха Мікалай Іванавіч у складзе войск 2-га Украінскага фронту дайшоў з баямі да Аўстрыі, прыняў ўдзел у Венскай аперацыі . “Приказ подразделения №12/н от 15.04.1945 о награждении медалью “За отвагу”… санинструктора стрелковой роты, гвардии красноармейца Муху Николая Ивановича за то, что он в бою 24.3.45 г. презирая опасность, под огнём противника, вынес с поля боя 17 раненых, в том числе 12 раненых с их оружием”.
Пасля складанага пошуку нам ўдалося вызначыць месцы першаснага і паўторнага пахавання воінаў-землякоў.
Прозвішча, імя, імя па бацьку Месца паўторнага пахавання
Бандарык
Канстанцін
Канстанцінавіч Расія, горад Азёрск, пл. Перамогі, Калінінградская вобласць, брацкая магіла, пахавана 793 воіна
Галавач
Сцяпан
Антонавіч Польшча, горад Вейхерово, вул. Мыш­левска, могілкі воінаў Савецкай арміі, чатыры брацкія магілы, пахавана 720 савецкіх воінаў
Грышэнь
Антон
Васільевіч Польшча, горад Лемборк, могілкі воінаў Савецкай арміі, пахавана 706 савецкіх воінаў
Дарошка
Іван Данатавіч Польшча, горад Жуково, могілкі воінаў Савецкай Арміі, пахавана 4011 воінаў
Дудко
Іван Рыгоравіч Расія, пасёлак Любліно, Калі­нінград­ская вобласць, брацкая магіла, пахавана 279 савецкіх воінаў
Карпач
Іван
Канстанцінавіч Расія, пасёлак Ватуціна, Калінінград­ская вобласць, брацкая магіла, пахавана 345 савецкіх воінаў
Садаўнічы
Іван Іванавіч Літва, горад Кібартай, могілкі савецкіх воінаў, пахавана 2 289 савецкіх воінаў
Муха
Мікалай
Іванавіч Аўстрыя, Бургенланд, вёска Цурндорф, брацкая магіла на грамадзянскіх могілках, 36 загінуўшых
Ціунчык
Феадосій
Антонавіч Польшча, горад Вейхерово, мемарыял, пахавана 728 савецкіх воінаў
Курганскі
Дзмітрый
Мікалаевіч Расія, пасёлак Высокае, Калі­нінградская вобласць, брацкая магіла, пахавана 112 савецкіх воінаў

Такім чынам, землякі загінулі падчас вызвалення Літвы і Польшчы, жорсткіх баёў на тэрыторыі Усходняй Прусіі і Усходняй Памераніі, Аўстрыі. Яны ўдзельнічалі ў важнейшых стратэгічных ваенна-наступальных аперацыях, падчас якіх вырашаўся лёс фашысцкай Германіі. А гэта значыць, яны ўнеслі свой важкі ўклад у агульную справу Перамогі.
З мэтаю захавання гістарычнай памяці, звесткі па выніках даследавання змяшчаюцца ў створаную электронную Кнігу памяці і альбом “Навечна ў памяці нашай”. Таксама інфармацыя аб усіх 256 воінах размяшчаецца на інтэрнэт-партале Pobeda 1945.su. Матэрыялы пошукава-даследчай дзейнасці папаўняюць фонды народнага музея “Вытокі” і публікуюцца на старонках віртуальнага музея школы.
Неабходна адзначыць, што мы імкнёмся па меры магчымасці данесці да родных і блізкіх вынікі даследавання. Вельмі прыемна пачуць словы ўдзячнасці, пераканацца, што дзякуючы нашаму пошуку члены сямей змаглі паехаць на месцы пахавання і ўпершыню ўсклалі кветкі на брацкія магілы, дзе пахаваны іх родныя, убачылі пліты з прозвішчамі франтавікоў.
Работа пошукава-даследчай групы “Памяць” па вывучэнні баявога шляху воінаў-землякоў працягваецца.
Тамара Эйсмант, захавальнік музейных фондаў народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі” Малабераставіцкай сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *