У Малабераставіцкай сярэдняй школе пачаў сваю работу лагер “Краяведы”

Лента новостей Летнее оздоровление Образование

5 ліпеня на базе Малабераставіцай сярэдняй школы пачаў сваю работу кругласутачны лагер “Краяведы”. На працягу двух тыдняў 15 хлопцаў і дзяўчат сапраўды будуць жыць у школе. Для пражывання падрыхтаваны асобныя памяшканні, арганізавана пяціразовае харчаванне з уключэннем у меню гародніны, фруктаў і сокаў. Дырэктар лагера Алена Каламеец расказвае, што ў план работы лагера ўключаны мерапрыемствы, якія накіраваны на вывучэнне малой радзімы, вобласці, краіны і праводзяцца ў межах  рэспубліканскіх акцый. Шэраг мерапрыемстваў запланаваны на базе школьнага музея “Вытокі”.

Мы завіталі ў лагер і адразу трапілі на паседжанне адкацыйнага праекта “ШАГ”. Сення гаворка ішла пра беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, юбілеі з дня нараджэння якіх адзначаюцца ў гэтым годзе. У бібліятэцы  падлеткі пазнаёміліся з выставай кніг аўтараў-юбіляраў. Бібліятэкар філіяла ”Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” Галіна Рэйшаль запрасіла выхаванцаў лагера на гучныя чытанні “Беларускія пісьменнікі-юбіляры”. Галіна Віктараўна пазнаёміла з асобамі выдатных беларускіх аўтараў, сярод іх — Максм Багдановіч, Васіль Вітка, Ніл Гілевіч і іншыя, а хлопцы і дзяўчаты прачыталі іх творы. А затым бібліятэкар прапанавала прыняць удзел у віктарыне “Назаві, чый партрэт”.  Правядзенне мерапрыемства суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй.

Сваімі ўражаннямі пра лагер дзеляцца “Краяведы”:

Андрэй Сіцько

-Лагер “Краяведы” я наведваю ўжо некалькі гадоў. Цікаўлюся гісторыяй сваёй радзімы. На працягу навучальнага года праводжу экскурсіі па экспазіцыі “Вялікая Айчынная вайна на Бераставіччыне” ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі “Вытокі”. У лагеры  сабраліся мае сябры, з якімі мы весела праводзім час. Вечарамі мы збіраемся каля кастра.Збіраюся прынесці з дома гітару  і іграць на ёй для сваіх сяброў. Лагер яшчэ толькі пачаў сваю работу, а да нас ужо прыязджалі супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны прадэманстравалі нам пажарную машыну і форму, а таксама арганізавалі пажарны крос.

Лебедзь Раман

— У лагеры я старажыл, здаецца, у гэтым годзе ўжо ў пяты раз. Падабаецца сама атмасфера лагера, сябры. Асабліва чакаем вячэрніх пасядзелак каля кастра. Спасцігаем асаблівасці ладу жыцця турыста, часам, як і сення, начуем у палатках. З нецярпеннем чакаем паездкі ў горад Мінск. Хочам наведаць экспазіцыю “Лінія Сталіна”. Учора прымалі ўдзел у акцыі “Чысты бераг”. Лічу, што кожны можа паўдзельнічаць ва ўборцы, каб ачысціць вадаёмы ад смецця.

Чубарых Анастасія

—  Даўно марыла трапіць іменна ў гэты лагер. Чула, што тут весела і цікава праводзяць час. Учора мы наведалі Свіслач, для нас правялі экскурсію па гораду. Цікавасць выклікала алея, на якой знаходзіцца некалькі помнікаў выдатным людзям. А ў Цэнтры турызму і краязнаўства паспрабавалі свае сілы на скаладроме.

Наперадзе ў “Краяведаў” яшчэ шмат новых спраў і цікавых адкрыццяў. Хай лета прынясе многа ўражанняў, а адпачынак будзе карысным.

Вольга Беляня, фота аўтара і з архіва Малабераставіцкай сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *