У КСУП “Пархімаўцы” вядзецца хімпраполка збожжавых

Лента новостей

Некалькі дзён назад чарговым месцам маёй дыслакацыі сталі палеткі камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Пархімаўцы”. Зараз тут амаль паўсюдна цешаць вока дружныя зелянюткія пасевы, і каб нішто не парушала гэтую ідэальную карціну, у сельгаспрадпрыемстве прыступілі да наступнага этапу – хімічнай праполкі.

Важнейшы, за пасляпасяўнымі работамі, працэс адбываецца пад пільным кіраўніцтвам агранома па ахове раслін Аляксандры Хадыка. Яе разам з трактарыстам-машыністам Аляксандрам Сініцай і вадзіцелем Уладзімірам Лучко застаю на палетках падчас хімпраполкі яравых збожжавых культур, а іменна яравога ячменю. І пакуль хлопцы выконваюць сваю справу, напаўняюць агрэгат вадою, я маю магчымасць пагутарыць з маладым спецыялістам Аляксандрай. Дзяўчына нарадзілася на Бераставіччыны, у аграгарадку Пагранічны. У КСУП “Пархімаўцы” трапіла па размеркаванні пасля заканчэння факультэта аховы раслін Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсістэта і на пасадзе агранома па ахове раслін працуе ўжо трэці год.
– Сёння адным з галоўных элементаў у тэхналогіі вырошчвання любой сельскагаспадарчай культуры з’яўляецца барацьба з пустазеллем, якая накіравана на фарміраванне высокіх ураджаяў і павышэнне якасці прадукцыі, – адразу зазначае мая суразмоўца, адначасова дастаючы сшытак з патрэбнымі запісамі. – Нашае сельгаспрадпрыемства забяспечана ўсімі неабходнымі прэпаратамі, таму хімпраполка носіць масавы характар. Напрыклад, на дзясятага мая ўжо поўнасцю апрацаваны хімпрэпаратамі пасевы аўсу і яравой пшаніцы – 15 і 10 гектараў адпаведна, хутка завяршыцца і хімпраполка пасеваў яравога ячменю – гербіцыдамі апрацавана 245 гектараў з 295 запланаваных.
Дарэчы, да структуры пасяўных плошчаў сельгаспрадпрыемства яравая пшаніца далучылася сёлета. Перавагу тут аддалі сярэдняспеламу і высокаўраджайнаму гатунку “Рассвет”. На колькі ж апраўданым будзе такі эксперымент, пабачым літаральна праз некалькі месяцаў. А пакуль…
Вялікая ўвага надаецца тут і хімапрацоўцы іншых сельскагаспадарчых культур: завершана хімпраполка азімых збожжавых і інсектыцыдная (прыз­на­чаная для барацьбы са шкод­нымі насякомымі) апрацоўка пасеваў азімага рапсу, вядзецца фунгіцыдная (напраўленая на барацьбу з захворваннямі раслін) апрацоўка азімых збожжавых і многае іншае.
Па словах агранома па ахове раслін Аляксандры Хадыка, пустазельныя расліны прычыняюць вялікую шкоду збожжавым культурам. У працэсе канкурэнцыі за месца “пражывання”, яны паглынаюць пажыўныя рэчывы ўзмоцненымі тэмпамі, зацяняюць расліны. Уплывае пустазелле і на якасць збожжа, засмечваючы яго прымешкамі свайго насення. А гэта цягне за сабою дадатковыя выдаткі на ачыстку і сушку збожжавага матэрыялу.
Па-гэтаму, эфектыўным спосабам барацьбы са своеасаблівым “інародным целам” на палетках з’яўляецца прымяненне гербіцыдаў, якія аказваюць негатыўны ўплыў на пустазелле, а культурную расліну не пашкоджваюць.
Пры гэтым апрацоўка пасеваў гербіцыдамі павінна грунтавацца на выніках абследавання пасеваў і ўсталяванні крытычных велічынь засмечанасці пустазеллем. У абавязковым парадку павінны выконвацца: тэмпературны рэжым (плюс 12-25 градусаў цяпла), хуткасць ветру, тэрміны, дозы і правільны падбор гербіцыду пры апрацоўцы пасеваў.
А тым часам непасрэдна сам працэс унясення хімпрэпаратаў на палетках КСУП “Пархімаўцы” ўпершыню ажыццяўляе ўжо знаёмы нам трактарыст–машыніст Аляксандр Сініца, што на здымку. Амбіцыйны малады чалавек разумее, што з’яўляецца не апошнім звяном у ланцужку пад назвай “ураджай-2018”, таму і прызнаецца: трымаць у далоні праз пэўны час важкі, наліты жыццёвай сілай колас і ведаць, што гэта таксама вынік тваёй працы, — пачуццё бясцэннае.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *