У гонар механізатара СВК “Цецяроўка” Аляксандра Кухарчыка двойчы ўздымаўся сцяг працоўнай славы

Лента новостей Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_5665Абуджаецца родная прырода, у лясах радуюць вока першыя веснавыя кветкі. Красавік усміхнуўся людзям сонечным цёплым надвор’ем, такім прыдатным для сяўбы. Пасля доўгага зімовага перапынку аграрыі рады прыступіць да гэтага важнага віду сельскагаспадарчых работ. Кожны год для іх гэта вельмі адказная і напружаная пара. Нездарма гавораць: “Веснавы дзень год корміць”. У СВК “Цецяроўка” трэба засеяць немалы клін – 1866 гектараў. Пад авёс тут адвялі 100 гектараў, пад ячмень – 861, пшаніцу – 100, проса – 50, зернебабовыя – 290, кукурузу на зерне – 465, цукровыя буракі – 200, кукурузу на сілас – 795 гектараў. Стаўка ў гэтай гаспадарцы робіцца на павышэнне культуры земляробства, сучасныя эфектыўныя тэхналогіі і, безумоўна, на “чалавечы фактар”. Без увішных клапатлівых рук сапраўдных гаспадароў не будзе добра працаваць самае лепшае абсталяванне.
Кожная сустрэча з чалавекам, рукі якога пахнуць хлебам, — падзея. Самае лепшае ўражанне пакінула і наша апошняя кароткая гутарка з механізатарам СВК “Цецяроўка” Аляксандрам Кухарчыкам (на здымку), які сеяў у той дзень ячмень. Працаўнікі сельскай гаспадаркі ўвогуле людзі немнагаслоўныя, заняты нялёгкай справай, умеюць усё выказаць лаканічна і проста. Менавіта такім сціплым і простым чалавекам аказаўся мой нядаўні цікавы субяседнік, калі на некалькі хвілін прыпыніўся на ўскрайку шырокага поля. Шчыры “сябар”, яго магутны трактар, таксама быццам адпачываў у гэты маленькі адрэзак часу ад сваіх паўсядзённых турбот.
Аляксандр Мікалаевіч мясцовы, пасля заканчэння Бераставіцкага прафтэхвучылішча і службы ў арміі вярнуўся ў родную гаспадарку, дзе працуе і зараз, а стаж работы яго ўжо набліжаецца да 40 гадоў. Спачатку ён працаваў вадзіцелем, вазіў на грузавіку сянаж, збожжа, потым перасеў на трактар і шмат сезонаў адпрацаваў на сяўбе і іншых відах работ. Яго “жалезны конь” МТЗ-952 свайго ўвішнага “аса” не падводзіць. Работа ў механізатара вельмі нялёгкая, а з узростам чалавек, вядома, больш стамляецца.
У гэтай гаспадарцы дастойна ацэньваецца ўклад лідараў, якія паказваюць прыклад іншым. У СВК “Цецяроўка” згодна з умовамі матэрыяльнага стымулявання працы аграрыяў, занятых на веснавых палявых работах, па выніках працы за тыдзень уздымаецца сцяг працоўнай славы і выплачваецца прэмія механізатарам, якія выканалі і перавыканалі заданне пры захаванні тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліны. У гонар Аляксандра Кухарчыка сцяг уздымаўся ўжо двойчы. Вопытны механізатар выдатна праявіў сябе на закрыцці вільгаці і зараз стараецца на сяўбе.
У Аляксандра Мікалаевіча тры сыны, два з якіх працуюць у СВК “Цецяроўка”. Дзмітрый – вядучы інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка, а Максім – загадчык рамонтнай майстэрні “Кватары”. Так што ў іх ўжо дынастыя. Выхоўваў сваіх хлопчыкаў бацька заўсёды на ўласным прыкладзе – а гэта найлепшы метад выхавання.
Вясна шпарка ўваходзіць у “свае правы”, хутка зазелянее поле маладзенькімі парасткамі ўсім на радасць. Будзе і наш непрыкметны герой любавацца сваім роўным і прыгожым полем. Які б вялікі абшар атрымаўся, каб скласці ўсе засеяныя ім плошчы разам!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *