У «Будуары» «Бераставіцкай газеты» — Яніна Скрундзеўская

Лента новостей

Быць жанчынай… Ці проста гэта ў сучасным свеце, калі ад  прыгожай паловы чалавецтва патрабуецца быць не толькі любячай і клапатлівай жонкай і маці, умелай гаспадыняй, але і з поўнай адказнасцю несці ўскладзеныя на іх прафесійныя абавязкі? Сваімі поглядамі на ролю і месца жанчыны ў грамадстве і сям’і з чытачамі нашай газеты дзеліцца старшыня пярвічнай арганізацыі, член прэзідыума раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, намеснік галоўнага ўрача Бераставіцкай ЦРБ Я.Я.Скрундзеўская.

— Яніна Янаўна, што для Вас значыць быць жанчынай? Якой павінна быць сучасная жанчына?
— Жанчына – яна ва ўсе вякі жанчына. І я думаю, што цяпер нічога асабліва не змянілася. Самая галоўная місія жанчыны – быць маці, прадаўжальніцай роду, захавальніцай сямейнага ачага. І тая жанчына, якая прысвячае сябе выключна кар’еры, рызыкуе ў рэшце рэшт застацца, як кажуць, каля разбітага карыта. Я лічу, што ніякія грошы, ніякія пасады не заменяць для жанчыны сямейнага шчасця.
— Як Вам удаецца сумяшчаць даволі паспяховую кар’еру і сям’ю?
— Для мяне сям’я заўсёды стаіць на першым месцы. Вядома, мая праца адбірае шмат часу, але я імкнуся так спланаваць свой дзень, каб часу хапала і на сям’ю, на ўзаемаадносіны з блізкімі. Я лічу, што жанчына, якая шчаслівая ў сям’і, лягчэй дасягне пэўных вяршынь у прафесійнай дзейнасці.
— Каму лягчэй дабіцца паспяховай кар’еры: мужчыне ці жанчыне?
— Ведаеце, жанчынай быць заўсёды складаней, грамадства прад’яўляе да нас большыя патрабаванні, чым да мужчын. Тое, што часта даруецца мужчыне, не дазволена жанчыне. Але гэта, магчыма,  у пэўным сэнсе аберагае нас ад непатрэбных непрыемнасцей. А наогул, калі жанчына разумная, яна даб’ецца ўсяго, чаго захоча. І калі часамі мы ўступаем першынство мужчынам, гэта не значыць, што мы горшыя, проста мудрая жанчына прапускае мужчыну наперад.
— Як Вы лічыце, наколькі важны для жанчыны знешні выгляд, ці дапамагае ён у працы і ва ўзаемаадносінах з людзьмі?
— У народзе нездарма кажуць, што сустракаюць па адзежцы. Пры першым кантакце заўсёды ацэньваюцца знешнія дадзеныя, па тым, як жанчына адносіцца да сябе, можна зрабіць пэўныя вывады аб яе характары. Калі яна сочыць за сабой, добразычлівая і прыязная, то і людзям з ёю  прыемна. Добра, калі жанчына ад прыроды прыгожая, але не гэта галоўнае. Жанчына павінна падабацца самой сабе і ўспрымаць сябе такой, якая яна ёсць. Як жанчына сябе “прыпаднясе”, так да яе і будуць адносіцца другія.
— Ці ёсць у Вас свае “сакрэцікі”, як добра выглядаць, захаваць надаўжэй здароўе і маладосць?
— Усім рэкамендую: абмяжуйце сябе ў спакусах (тут ужо кожны сам ведае, што да іх аднесці, яны ў кожнага свае), больш рухайцеся, добра адпачывайце, усміхайцеся, дабаўце ў сваё жыццё больш пазітыву, навучыцеся радавацца кожнаму дню. І не бойцеся свайго ўзросту, бо кожны ўзрост па-свойму цудоўны.
— Наколькі важна для жанчыны клапаціцца аб сваім здароўі, што думаеце Вы аб гэтым як спецыяліст у медыцынскай галіне?
— Жанчына проста абавязана клапаціцца аб сваім здароўі, яна з’яўляецца прадаўжальніцай роду і ад яе здароўя залежыць здароўе яе будучых дзяцей. Ніколі ад кепскага семені не будзе добрага племені – памятаеце, аб гэтым сказана яшчэ ў Бібліі. Таму сачыць за здароўем жанчыне проста неабходна і, вядома, не забываць пра прафілактычныя агляды.  Ну а калі хвароба ўсё ж такі з’явілася, не трэба ўпадаць у адчай, а навучыцца з ёй жыць, не паддавацца. Ведаеце, са сваіх назіранняў магу сказаць, што падрастаючае пакаленне, я маю на ўвазе маладых дзяўчат, цяпер вельмі аслабленае. Курэнне, ранняе палавое жыццё адназначна не дадае ім здароўя, і тут ужо вельмі важна, каб бацькі паклапаціліся аб сваіх дзецях. Прэстыж здароўя павінен стаць культам у сям’і. Гэта ж так цудоўна, калі ўсе разам у выхадны дзень, напрыклад, на лыжах паедуць у лес. Такая прагулка не толькі ўмацуе здароўе, але і будзе спрыяць з’яднанню сям’і.
— Калі мы ўжо закранулі тэму сям’і, хацелася б, каб Вы трохі расказалі пра свой сямейны вопыт.
— Мой сямейны стаж ужо 28 гадоў. Муж – хірург, працуем разам  у адной установе. Пазнаёміліся ў час вучобы ў медінстытуце, на 5 курсе пажаніліся. Муж – чалавек вельмі цікавы, з абвостраным пачуццем справядлівасці і адказнасці. Яшчэ ў студэнцкія гады ён быў старастам групы, камандзірам студатрада, пастаянна аб кімсьці клапаціўся, дапамагаў вырашаць праблемы аднакурснікам. Гэтым і пакарыў маё сэрца. Надзейны і адказны па жыцці, ён цудоўны муж і бацька,  любіць дысцыпліну і парадак.
У нас двое дзяцей: дачцэ 27 гадоў, яна ўжо замужам, жыве і працуе ў Польшчы, сыну – 21, ён яшчэ студэнт.
Сям’я – гэта вялікая адказнасць, трэба паважаць і цаніць свайго партнёра і ўспрымаць яго такім, які ён ёсць. Калі ўжо злучылі свае лёсы, трэба навучыцца жыць разам і пераадольваць усе цяжкасці, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху. Сямейнае жыццё – гэта прымяненне тэорыі кампрамісаў на практыцы. І я заўсёды кажу, што жанчыне трэба быць мудрэйшай і час ад часу  лепш уступіць, чым ісці на канфлікт.
— Як будуеце свае ўзаемаадносіны з дзецьмі, што важна ў іх выхаванні?
— Важна, каб дзеці адчувалі сябе роўнымі членамі сям’і, з імі трэба весці адкрытую размову аб усіх праблемах, аб сямейным бюджэце. Трэба, каб дзеці мелі сваё кола абавязкаў і ведалі рамкі, якія нельга пераходзіць. Ва ўрачоў часта бываюць і тэрміновыя выклікі, і начныя дзяжурствы, здаралася, што нашы дзеці заставаліся адны,  але яны ніколі не хныкалі і не скардзіліся, бо ведалі, што дапамога мамы ці таты зараз камусьці проста неабходна.
А яшчэ трэба, каб у сям’і былі свае традыцыі, сямейныя святы. І на свята дзеці павінны прыехаць, нягледзячы ні на якія абставіны. У нас у гэтым плане вельмі паказальны прыклад свекрыві, яна з’яўляецца як бы аб’яднальным цэнтрам сям’і. Летам заўсёды збірала ўсіх унукаў да сябе і жартам называла сябе начальнікам піянерскага лагера. У бабулі дзеці не проста адпачывалі, а былі заняты патрэбнай працай. І гэта, безумоўна, паспрыяла таму, што яны цяпер добра сябруюць між сабой.
А наогул, дзеці – гэта самае галоўнае дасягненне ў маім жыцці, мне здаецца, яны выраслі добрымі людзьмі.
— Чым смачненькім любіце парадаваць сваіх блізкіх?
— Пакуль дзеці былі дома, я часцей выпякала  розныя прысмакі, торт “Медавік” нядрэнна атрымліваецца, фірменная страва  — блінчыкі з грыбамі, іх  вельмі любяць мае родныя. І цяпер, калі ўсе збіраюцца дома, абавязкова стараюся прыгатаваць штосьці асабліва смачнае.
— Яніна Янаўна,  што б Вы пажадалі нашым чытачам?
— Ніколі не маркоціцца, ісці толькі наперад, не азірацца па баках  і не баяцца. Жыццё – гэта пастаянная надзея на лепшае. І калі ў гэта шчыра  верыць, то ўсё  сапраўды будзе добра.
— Дзякуй за размову, Яніна Янаўна! І няхай у Вас і ў Вашай сям’і ўсё ладзіцца.

Ірына МІКЛАШ

З кулінарнай кнігі
Я.Скрундзеўскай

Яніна Янаўна дзеліцца з чытачамі нашай газеты некаторымі са сваіх любімых кулінарных рэцэптаў.

Адбіўныя катлеты з сырам
Мяса парэзаць на невялікія кавалкі, адбіць, пасаліць, папярчыць. Кожны кавалачак абкачаць у муку з абодвух бакоў.
Яйкі ўзбіць, дабавіць працёрты на буйную тарку сыр (расійскі ці іншы), усё перамяшаць. Мяса абмакнуць у прыгатаваную сумесь і абсмажыць на патэльні з абодвух бакоў.

Бульба ў гаршчочках
На дно гаршчочка кладзём невялікі кавалак сметанковага масла, 2 бульбіны рэжам невялікімі кавалачкамі, моркву -кружочкамі. Солім, пасыпаем прыправай для бульбы і на 20 хвілін ставім у мікрахвалёўку.
Затым дастаём, кладзём у гаршчочак парэзаную кубікамі лустачку варанай каўбасы, трохі цыбулі,  пасыпаем усё працёртым сырам і яшчэ на 3-4 хвіліны ставім ў мікрахвалевую печ.

Блінчыкі з грыбамі
Для цеста: 1 літр малака добра ўзбіваем з 2-3 яйкамі, дабаўляем солі па смаку і крышку цукру, некалькі кропель алею і муку, каб атрымалася негустое цеста, усё добра ўзбіваем міксерам. Выпякаем як мага танчэйшыя блінчыкі.
Для начынкі: адварваем стакан рысу, на патэльні абсмажваем некалькі парэзаных цыбулін і морквін, затым дабаўляем адвараныя грыбы, яшчэ некалькі хвілін смажым усё на алеі, затым дабаўляем адвараны рыс і 2 дробна парэзаныя вараныя яйкі, усё добра вымешваем,  запаўняем гэтай начынкай блінчыкі, і абсмажваем з абодвух бакоў.
Прыемнага апетыту!



1 комментарий по теме “У «Будуары» «Бераставіцкай газеты» — Яніна Скрундзеўская

  1. Замечательно, что есть Янина Яновна в нашей больнице, глядя на неё понимаеш, какими должны быть настоящие медики! Настоящий профессионал! Здоровья и благополучия,Янине Яновне и её семье!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *