У Бераставіцы тэатральны жанр дэманстравалі дзіцячыя гурткі

Культура Лента новостей

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18Абласны агляд-конкурс аматарскіх тэатральных калектываў праходзіць на Гродзеншчыне з сакавіка па лістапад. Прадстаўнікі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці па чарзе наведваюць раённыя цэнтры, дзе іх увазе, а таксама ўвазе гледачоў, канкурсанты дэманструюць свае пастаноўкі. Удзельнічаюць у аглядзе-конкурсе толькі аматарскія (дзіцячыя і дарослыя) тэатральныя калектывы, акрамя тых, хто мае званне “народны” ці “ўзорны”. Бераставіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці вылучыў на конкурс дзіцячы гурток акцёрскага майстэрства “Балаганчык” (мастацкі кіраўнік Аляксандра Каравай) і дзіцячы драматычны гурток “Пятрушка” сектара па кінавідэаабслугоўванню насельніцтва (мастацкі кіраўнік Алена Бурая).

Наколькі дакладна юныя аматары тэатральнага жанру здолелі перадаць вобразы герояў п’ес і настрой, зададзены сцэнарыем, ацэньвала вядучы метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Аліцыя Рабцава. Дарэчы, ацэньваліся і майстэрства рэжысёра, і сцэнічнае афармленне, і касцюмы акцёраў, і музычнае суправаджэнне спектакля.
Кіраўнік “Балаганчыка” Аляк­сандра Каравай прапанавала сваім падапечным падрыхтаваць на конкурс арыгінальную пас­таноўку “Золушка New” па маты­вах п’есы Тамары Габбэ “Хрус­тальны чаравічак”. Юныя акцёры з задавальненнем зга­дзіліся: змест спектакля цікавы, ролі прапісаны ў сучаснай манеры, ды і сама іх кіраўнік, Аляксандра Іванаўна, якая, дарэчы, актрыса па першай адукацыі, вырашыла сыграць ролю Мачыхі, а гэта ўжо значная падтрымка. Пачаліся рэпетыцыі, падрыхтоўка касцюмаў і дэкарацый, падбор музыкі… Безумоўна, не абыйшлося і без хваляванняў. Аднак у выніку спектакль спадабаўся гледачам, і гэта галоўнае. А прадстаўнік абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адзначыла, што нягледзячы на дастаткова складаны сцэнарый,юныя канкур­санты справіліся з задачай. Пастаноўка прадэманстравала арыгінальныя рэжысёрскія рашэнні, удала падабраную музыку, старанне юных акцёраў і іх творчы запал.
Стараліся і маленькія артысты дзіцячага драматычнага гуртка “Пятрушка”разам са сваім кі­раў­ніком Аленай Бурай. Гур­ток пачаў дзейнічаць толькі ў гэтым годзе са з’яўленнем пры сектары кінавідэабслугоўвання пасады культарганізатара. Гурт­коўцы-чацвёртакласнікі ўпер­шы­ню выступалі на сцэне, аднак невялічкі па працягласці спектакль па матывах аповеду Вадзіма Карастылёва “Воўка ў трыдзясятым царстве”, выклікаў цікавасць у гледачоў. Дзеці з задавальненнем “вандравалі” разам з галоўным героем Воўкай па любімых казках, смяяліся і суперажывалі персанажам.
Вынікі абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў стануць вядомыя пазней. У снежні на базе Іўеўскага цэнтра культуры і дасуга плануецца правесці свята “Тэатр – душа мая”, дзе будуць паказаны лепшыя спектаклі ці ўрыўкі з іх, пройдуць майстар-класы па рэжысуры, сцэнаграфіі і акцёрскаму майстэрству. Будзем спадзявацца, што нашы юныя тэатралы і іх кіраўнікі таксама трапяць у лік лепшых.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *