У Бераставіцкім раёне прайшоў конкурс па ўзнаўленні статка і штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы

Лента новостей

Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Павел Буткевіч уручае ўзнагароду заатэхніку-селекцыянеру СВК “Алекшыцы”, кіраўніку звяна па ўзнаўленні статка Эрыцы Здановіч
Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Павел Буткевіч уручае ўзнагароду заатэхніку-селекцыянеру СВК “Алекшыцы”, кіраўніку звяна па ўзнаўленні статка Эрыцы Здановіч

На Бераставіччыне вялікая ўвага надаецца развіццю жывёлагадоўлі – прыярытэтнай галіны ў аграрным сектары. У раёне была праведзена своечасовая мадэрнізацыя такой вытворчасці. Буйная рагатая жывёла ўтрымліваецца на сучасных малочнатаварных комплексах, што дазволіла аптымізаваць працэс і значна скараціць выдаткі. Напрыклад, меншая колькасць аператараў машыннага даення абслугоўвае больш кароў. Важным падмуркам павелічэння надояў у гаспадарках Бераставіччыны з’яўляецца далейшае раскрыццё генетычнага патэнцыялу нашых спрадвечных карміцелек і планамерная работа па ўзнаўленні статка. У нашым раёне склалася добрая традыцыя: кожны год тут праводзіцца традыцыйны раённы конкурс па ўзнаўленні статка і штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы. Такі конкурс з’яўляецца сапраўднай падзеяй для аграрыяў, занятых у жывёлагадоўлі. Па выніках работы ў малочнай галіне наш раён пастаянна сярод лепшых у рэспубліцы і вобласці. Ад таго, наколькі здаровай і дагледжанай будзе жывёла, а значыць і прадуктыўнай, як аднаўляецца статак, залежыць далейшы “лёс” жывёлагадоўлі ў раёне. Нарошчваць выпуск прадукцыі зараз выгадна і таму, што попыт на яе расце ў розных краінах блізкага і далёкага замежжа. Дыверсіфікацыя экспарту прыносіць новыя магчымасці для пошуку новых партнёраў, айчынную малочную якасную прадукцыю, напрыклад, сухое малако ведаюць і з задавальненнем купляюць у розных краінах.
Традыцыйны конкурс пра­фесій­нага майстэрства спрыяе здаровай канкурэнцыі і пры­ўносіць у паўсядзённую работу аптымістычны бадзёры “дух спаборніцтва”. Спецыялістам вельмі прыемна, калі ўдаецца перамагчы. Нядаўна адбыўся чарговы традыцыйны конкурс на базе СПК “Цецяроўка”. Такі выбар быў зроблены невыпадкова. На малочнатаварным комплексе “Рудаўляны” створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця малочнай жывёлагадоўлі.
IMG_6756

У час экзамену
У час экзамену

У час адкрыцця мерапрыемства ва ўрачыстай абстаноўцы быў узняты дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Затым удзельнікі конкурсу прайшлі праверку сваіх тэарэтычных і практычных ведаў. Вядома, людзі хваляваліся, таму што камісіі былі строгімі. Удзел у праверцы ведаў і практычных навыкаў прымалі галоўны заатэхнік камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Радзевіч, галоўныя заатэхнікі племяннога аддзела РУСП “Гродзенскае племпрадпрыемства” Раман Трахімчык і Лілія Жук, а таксама дацэнт кафедры акушэрства і тэрапіі Гро­дзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Аляксандр Козел.
У прыярытэце ў час конкурсу была аб’ектыўнасць, таму можна сказаць, што выйгралі ўсе ўдзельнікі спаборніцтва. У любым выпадку спецыялісты ўдасканалілі свае веды, даведаліся яшчэ больш цікавага і карыснага. Пасля экзамену можна было задаць пытанні, атрымаць кваліфікаваную кансультацыю.
Пераможцам раённага конкурсу сярод тэхнікаў па штучным асемяненні жывёлы стаў Андрэй Маціеўскі з СВК імя Варанецкага, ён набраў амаль 99 балаў са ста магчымых і заняў пачэснае першае месца. Аляксандр Якута з СВК “Цецяроўка” набраў больш за 98 балаў і заняў другое месца. На трэцім месцы – Анатоль Курстак з РУСП “Масаляны”, у яго больш за 97 балаў.
Сярод ветурачоў – гінеколагаў — Аляксандр Лазарчык з СВК “Макараўцы”, ён набраў 98 балаў і апынуўся на ганаровым першым месцы. На другім – Канстанцін Рагалевіч з СВК “Малабераставіцкі элітгас”, у яго 97 балаў. Трэцяе месца заняў Сяргей Гутоўскі з СВП “АграМір”, які набраў 95 балаў.
Са ста магчымых балаў менавіта столькі набрала ў спаборніцтве сярод заатэхнікаў — селекцыянераў Алена Анохіна з РУСП “Масаляны”, 99 балаў — Ірына Андрэева з СВК “Цецяроўка”, у яе другое месца. На трэцім месцы – Ірына Пужаль з СВП “АграМір”, у яе 97 балаў.
Сярод звёнаў па ўзнаўленні статка першае месца заняло звяно СВК “Алекшыцы” (98 балаў). На другім месцы – звяно аграфірмы “Стары Дворац” (96 балаў).
Пераможцам былі ўручаны Граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераста­віцкага райвыканкама і прэміі.
Прыемныя эмоцыі і натхненне – заўсёды неад’емныя спадарожнікі такога традыцыйнага мерапрыемства.
Конкурс прафесійнага майстэрства пацвярджае, што ўзровень спецыялістаў на Бераставіччыне расце з кожным годам.
Далейшых вам поспехаў, шаноўныя!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *