У Бераставіцкай ветэрынарнай аптэцы дапамогуць хатнім гадаванцам

Лента новостей

IMG_3188Здароўе жывёлы не менш важнае, чым чалавека. У сельгаскааператывах вялікая ўвага надаецца прафілактыцы і своечасоваму лячэнню “братоў нашых меншых”. Ветэрынарыя зараз значна пай­шла наперад. Нават у невялікіх раённых цэнтрах можна набыць сучасныя эфектыўныя прэпараты і не толькі. Упэўніцца ў гэтым можна ў Бераставіцкай ветэрынарнай аптэцы. Загадчык Аксана Заяц (на здымку) па спецыяльнасці ветэрынар і вельмі цікава расказала мне, чым можна дапамагчы жывёле ў гаспадарках, а таксама хатнім гадаванцам. Адразу было відаць, што яна ў сваёй прафесіі – чалавек не выпадковы. З дзяцінства яна любіла жывёлу, і зараз рэалізуе свой патэнцыял. Спецыялісты з сельгаскааператываў могуць тут набыць нават падручнікі, каб аднавіць ці ўдасканаліць свае веды.
Антыбіётыкі, вакцыны, разнастайныя прэпараты для лячэння захворванняў можна знайсці тут. Пастаянныя кліенты ветаптэкі – сельгаскааператывы і людзі, якія трымаюць жывёлу. Нават чалавек, які завёў сабаку, можа атрымаць тут карысную інфармацыю і канкрэтную дапамогу. Напрыклад, сабака можа захварэць чумкай, калі не прыняць своечасовых прафілактычных мер. Смяротнае захворванне выклікаецца небяспечным вірусам. Таму лепш адразу папярэдзіць страту хатняга любімца, чым потым шкадаваць аб тым, што ўжо не вярнуць дарагі час. Страціць “сябра сям’і” для многіх людзей няпроста, асабліва для дзяцей. Ведаю выпадак, калі ў знаёмых памёр сабачка, дык плакалі не толькі дзеці, але і дарослыя. А потым купілі маленькага шчанючка такой жа пароды і нават падобнага знешне на папярэдняга, ды нават так і назвалі. Толькі прышчэпку яму ўжо зрабілі адразу.
А з цікавых прэпаратаў мне давялося ўбачыць у аптэцы “сабачы анты-стрэс”. Аказваецца, нярвовыя сабачыя паводзіны таксама паддаюцца карэкцыі. Жывёла, як і чалавек, пакутуе ад стрэсу і гэта разбурае здароўе. Можна купіць хатняму гадаванцу заспакаяльнае, а таксама спецыяльны комплекс вітамінаў і мінералаў, каб падтрымаць здароўе.
Ёсць у ветаптэцы спецыяльны корм для катоў, а таксама адмысловыя ашыйнікі ад непажаданых насякомых для катоў і сабак. У любым выпадку тут пастараюцца дапамагчы, нават калі прэпарата няма, магчыма, яго прывязуць пазней.
Аксана прыемны чалавек, добрая мама і гаспадыня. У іх з мужам трое дзяцей. Двое ўжо выраслі і працуюць, а малодшанькая Ульяна ходзіць у школу. Як тата, яна любіць спяваць, а мама можа навучыць яе свайму кулінарнаму майстэрству.
Што любіць гатаваць Аксана, было цікава мне.
— Мы аддаем перавагу простым стравам, — адказала яна. – Любім стравы з бульбы, салаты, печыва. Галоўнае, каб было смачна.
Сапраўды, думаецца, што кожны з намі згодзіцца — і салаты з зеляніны, і печаная бульба з сялёдачкай, і дранікі са смятанай, і яшчэ цэлы шэраг простых страў нікога не пакінуць раўнадушнымі. Калі ў чалавека работа па душы, дома пануе цёплая атмасфера, шчырая падтрымка і згода – гэта і ёсць звычайнае чалавечае шчасце. Няхай яно будзе ў кожнага з нас.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *