Успаміны аб афганскай вайне застануцца назаўсёды…

Лента новостей

IMG_242625 гадоў таму апошнія савецкія войскі пакінулі тэрыторыю Афганістана. Амаль дзесяцігадовая вайна, якая зацягнула ў сваё гарніла каля трыццаці тысяч беларускіх салдат і афіцэраў, закончылася. Сярод тых, хто адчуў яе на сабе, быў і наш зямляк Віктар Каваленя. Асабіста для яго сёлета мінула ўжо 30 гадоў, як ён вярнуўся з Афганістана.

Пасля заканчэння школы і здачы выпускных экзаменаў у 1981 годзе юнак з Кашанцаў адразу пайшоў працаваць трактарыстам у тагачасны калгас “Чырвоны Кастрычнік”, адтуль і быў прызваны ў армію ў красавіку 1982 года. Службу Віктар пачаў у танкарамонтным батальёне ў Нара-Фамінску, што недалёка ад Масквы. Так здарылася, што праз некалькі месяцаў падхапіў запаленне лёгкіх і трапіў у шпіталь. Усхваляваныя бацькі прыслалі тэлеграму, што прыедуць праведаць сына. Але сустрэцца ім не давялося: за два дні да іх меркаванага прыезду Віктар атрымаў загад аб накіраванні ў Афганістан.
Там ён апынуўся ў танкарамонтным батальёне, які размяшчаўся непадалёку ад Кабула. Засялілі салдат спачатку ў палаткі, а потым для іх пабудавалі шчытавыя казармы. Цяжка было адразу прызвычаіцца да перападаў тэмпературы, калі днём было вельмі горача, а ноччу апаноўваў страшэнны холад. Салдатам, якія служылі ў гэтым батальёне, даводзілася рамантаваць ваенную тэхніку, якая была 2пашкоджана ў баях. Віктар расказвае, што, бывала, яна настолькі раскалялася на сонцы, што проста немагчыма было да яе дакрануцца. Не­пасрэдна ў баявых дзеяннях салдаты рамбату ўдзел не прымалі, але вайна ёсць вайна, і аўтамат, пры­знаецца Вік­тар, быў заў­сёды пад рукой. Даводзілася трапляць і пад абстрэлы, калі выязджалі па запчасткі ці прадукты, не раз даводзілася глядзець у вочы смерці.
У лістападзе 1983 года прыйшла телеграма з дому, што памёр бацька. Віктар атрымаў звальненне, каб з’ездзіць на апошняе развітанне. Але на пахаванне, на жаль не паспеў. 10 дзён на радзіме і зноў вяртанне ў спякотны Афганістан. Назад ехаў без страху, як кажа – сіла звычкі: вайна стала ўжо штодзённасцю.
У цэлым, у Афга­ністане Віктар Кавале­ня правёў 13 месяцаў. У снежні 1983 года ён за­хварэў на жаўтуху і быў адпраўлены ў шпіталь у Фергане (Узбекістан). У лютым наступнага года пасля выпіскі са шпіталя яго зноў накіроўваюць у Афганістан, але іх часць ужо да гэтага часу была выведзена адтуль, таму даслужваў свой тэрмін Віктар у Нара-Фамінску.
Пасля дэма­білі­зацыі Віктар вярнуўся ў родныя Кашанцы і зноў сеў за руль трактара ў СВК “АграМір”, дзе працуе і да сённяшняга дня.
І калі баявых узнагарод на кіцелі воіна-інтэрнацыяналіста не было, то іх замянілі працоўныя. У 1986 годзе Віктар Каваленя быў узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”, неаднаразова атрымліваў і іншыя ўзнарагоды за добрасумленную працу.
3Немнагаслоўны, як і большасць “афганцаў”, Віктар не любіць гаварыць аб падзеях той далёкай і чужой вайны, але прызнаецца, што ўспаміны аб ёй не пакідаюць яго і да сённяшняга дня.
Любая вайна – гэта трагедыя для яе ўдзельнікаў, бо немагчыма заставацца абыякавым, сустракаючыся твар у твар са смерцю. І хоць час ляціць і прыглушае ўспаміны, але тое, што давялося перажыць воінам-інтэрнацыяналістам у Афганістане, назаўседы пакінула незабыўны след у іх памяці.
Ірына Міклаш, фота аўтара і з сямейнага архіва
Віктара Кавалені



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *