Усе выступалі за ідэю аб’яднання.Падпольная дзейнасць на Бераставіччыне ў 1921-1939 гг. паводле ўспамінаў землякоў

Из истории земли Берестовицкой Лента новостей Общество

Амаль палова этнічных беларускіх тэрыторый адышла ў склад Польшчы паводле Рыжскага мірнага дагавора – пагаднення пра спыненне савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў і нармалізацыю адносін, падпісанага дэлегацыямі Польшчы, савецкіх Расіі і Украіны ў адсутнасці і без удзелу дэлегацыі Беларусі. На працягу ўсяго міжваеннага перыяду палітычнае, эканамічнае і сацыяльнае развіццё падзеленых частак працягвалася ў супрацьлеглых кірунках. Палітыка, якая праводзілася польскімі ўладамі ў заходніх рэгіёнах Беларусі, не падабалася мясцоваму насельніцтву, пра што сведчыць шырокі нацыянальна-вызваленчы рух, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі розных палітычных сіл. Усе выступалі за адзіную ідэю — аб’яднанне краю і народа. Бераставіччына ў гэтым сэнсе не была выключэннем.

Узначальвалі рух за вызваленне камуністы і прадстаўнікі іншых прагрэсіўных сіл. Моцным мабілізуючым фактарам дзейнасці камуністаў стала рашэнне другога з’езда Кампартыі Польшчы ў кастрычніку 1923 года аб аб’яднанні партарганізацый Заходняй Беларусі і стварэнні Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Баявым памочнікам КПЗБ быў камсамол Заходняй Беларусі, створаны ў пачатку 1924 года (КСМЗБ). Актыўна ствараліся пярвічкі гэтых арганізацый. Ужо ў снежні 1923 года Бераставіцкай гміне было 59 членаў КПЗБ і 28 членаў КСМЗБ. У гэты час яна займала першае месца па колькасці членаў КПЗБ у Беластоцкай акрузе.

У 1924 годзе у Вялікай Берас­тавіцы быў створаны падпольны райкам КПЗБ, які быў каардынатарам усёй рэвалюцыйнай барацьбы ў мястэчку і навакольных вёсках, згуртоўваў людзей на барацьбу за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне.

У вёсках ствараліся падпольныя ячэйкі, камуністы і камсамольцы шукалі і аб’ядноўвалі тых, хто быў рашуча настроены змагацца за лепшую будучыню. У вёсцы Жабры, напрыклад, актыўна дзейнічалі браты Уладзіслаў і Міхаіл Хвайніцкія, Уладзімір Саланевіч. Сястра Уладзіміра Саланевіча Вера Ядэйка таксама ўдзельнічала ў падпольнай дзейнасці, а праз гады расказвала пра гэта ў раённай газеце і на шматлікіх сустрэчах з падрастаючым пакаленнем. Жанчыны ўжо няма побач з намі, але засталіся яе ўспаміны, якія адлюстроўваюць перыяд народнай барацьбы за вызваленне.

***

Часта ў хаце Саланевічаў збі­раліся тайныя сходкі, падпольш­чыкі заўсёды знаходзілі тут прытулак і спагаду, хаваючыся ад польскай дэфензівы. Сувязь з рэвалюцыйна настроенай моладдзю трымаў Сяргей Восіпавіч Прытыцкі – адважны падпольшчык, герой барацьбы з польскім рэжымам, які ў маладыя гады быў цесна звязаны з нацыянальна-вызваленчым рухам на Бераставіччыне. Ён часта бываў у бераставіцкіх вёсках, прысутнічаў на сходках і вечарынках, маёўках і мітынгах, даваў парады, даручэнні, выступаў, агітаваў, заклікаў. Яго ведалі ў твар і падпольшчыкі з вёскі Жабры, у тым ліку брат Веры. Прытыцкі не раз бываў у хаце Саланевічаў. Але канспірацыя была надзвычай строгай, нават жорсткай. І Вера не магла, вядома ведаць, каторы з хлопцаў Сяргей.

Дзяўчына з цікаўнасцю прыслухоўвалася да тых размоў, што вяліся ў іх хаце. Потым ёй пачалі даваць даручэнні: аднесці ў другую вёску ці ва ўмоўнае месца ў лесе лістоўкі, падпольную літаратуру або перадаць таварышам нешта на словах. Брат вадзіў сястру на сход падпольнай камсамольскай ячэйкі, дзе яна чытала піянерскую клятву і ёй завязалі чырвоны гальштук. А потым дзяўчына стала камсамолкай. Яна ўжо была незаменнай сувязной-падпольшчыцай, расклейвала лістоўкі, у ноч на рэвалюцыйныя і савецкія святы разам з іншымі вывешвала чырвоныя сцягі. Чырвоныя сцягі зашывала ў падкладку ватоўкі. А лістоўкі ўмудралася хаваць, падрубіўшы іх у доле доўгай спадніцы. Па справах падполля Вера хадзіла ў вёскі Даўбянкі, Старынцы, Леснявічы і многія іншыя. Двойчы была ў Гаркавічах, што пад Крынкамі—яе адправілі да Прытыцкіх, якія былі родам з гэтай вёскі.

– Мне не сказалі, да каго я іду, абазначылі прыкметы хаты, і я адшукала яе, – успамінала Вера Ігнатаўна. – То была азнаямляльная вандроўка.  Сустрэў Саня (так прадставіўся), як потым выяснілася – старэйшы брат Сяргея. «Адкуль такая прыгожая дзяўчына?» – запытальна ўсміхнуўся. Запрасіў у хату. Накарміў абедам.

У другі раз Вера ўжо несла ў Гаркавічы нелегальную літаратуру. І ведала, што ідзе ў хату, дзе жыве Сяргей Прытыцкі.

Вера ведала многіх падпольшчы­каў. Па натуры таварыская, адкрытая і шчырая, яна цалкам аддалася рэвалюцыйнай дзейнасці. І страшным ударам для дзяўчыны было здрадніцтва некага з падполля. Брат Веры на доўгія шэсць год трапіў у польскую турму. А потым, у 1939-м, быў самы шчаслівы вераснёўскі дзень. Кветкі на савецкіх танках. Шчасце ў вачах і слёзы радасці. І савецкія песні, сцягі. Здавалася, сонца ўзышло над краем, над роднымі Жабрамі.

***

Вось яшчэ некалькі фактаў з раённай кнігі “Памяць”, якія сведчаць пра сур’ёзнасць намераў мясцовых падпольшчыкаў.

У 1927 годзе актывістамі з Алекшыц, Навасёлак, Жукевіч, Масалян было вырашана правесці першамайскую дэманстрацыю ў Алекшыцах. У ноч на 1 мая падпольшчыкі пайшлі па вёсках з пракламацыямі і адозвамі адзначыць маніфестацыямі гэтую дату. У многіх месцах былі вывешаны чырвоныя сцягі. 1 мая, апоўдні, калі людзі сталі выходзіць з царквы, актывісты падполля кінулі кліч: “Адзначым свята Першамая!” Прагучалі прамовы, а потым сяляне калонай рушылі па вуліцы, у неба ўзляцелі словы песні “Смело, товарищи, в ногу”. Дэманстрантаў спыніла паліцыя. Арганізатары былі арыштаваны. А за вёскай Алекшыцы пасля таго памятнага Першамая  ўстойліва замацавалася рэпутацыя асяродку падпольнага руху на Гродзеншчыне.

Вялікі палітычны рэзананс не толькі на Гродзеншчыне і ў Заходняй Беларусі, але і ва ўсёй Польшчы атрымаў мітынг у Алекшыцах, які адбыўся ў жніўні 1930 года. Мясцовыя камуністы-падпольшчыкі вырашылі выкарыстаць рэлігійнае свята і вялікае набажэнства з тым, каб правесці  мітынг з удзелам дэпутатаў (паслоў) польскага сейма ад рабочых і сялян Заходняй Беларусі І. С. Дварчаніна і   Ф. І. Валынца. Дэпутаты ў простай і даступнай форме распавялі сялянам аб прычынах цяжкага становішча народных мас у буржуазнай Польшчы, аб паліцэйскім тэроры і нацыянальным прыгнёце, заклікалі сялян да барацьбы з акупацыйным рэжымам. Мітынг быў разагнаны, шмат актывістаў арыштаваны, у тым ліку Дварчанін і Валынец. А буржуазныя газеты “Кур’ер Варшаўскі” і “Дзённік Гродненскі” прызнавалі, што самае моцнае гняздо камуністаў – у Алекшыцах. 

З цягам часу барацьба на Бераставіччыне прымала больш арганізаваныя формы, усё часцей выступленні рабочых і сялян пераходзілі ў забастоўкі з патрабаваннямі павышэння заработнай платы, паляпшэння ўмоў працы, устанаўлення 8-гадзіннага рабочага дня. 22 мая 1933 года ў лесе каля вёскі Жукевічы адбылася масоўка, на якой з прамовай выступіў тагачасны сакратар Гродзенскага акруговага камітэта камсамола Сяргей Прытыцкі, які праз некаторы час быў арыштаваны. І калі ў 1936 годзе Прытыцкаму пагражала смерць у турэмных засценках, на Бераставіччыне шырока і актыўна вялася работа па яго выратаванні, збіраліся грошы ў яго падтрымку.

Паводле кнігі “Памяць” і архіўных артыкулаў “Бераставіцкай газеты” падрыхтавала Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *