Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ў Вялікай Бераставіцы

Лента новостей

30 мая Каталіцкі Касцёл адзначыў урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. У гэты дзень мы складаем падзяку Езусу за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае для кожнага з нас, і ўшаноўваем найбольшую таямніцу веры, якой з’яўляецца Эўхарыстыя — рэальная прысутнасць Хрыста ў хлебе і віне. Гэтую ўрачыстасць называюць яшчэ святам Божага Цела, яна адзначаецца ў чацвер пасля Найсвяцейшай Троіцы, таму што менавіта ў чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі (Вялікі чацвер).
Важным элементам свята з’яўляецца працэсія Божага Цела, якая адбываецца ў гэты дзень або ў наступную пасля яго нядзелю. Праходзіць яна звычайна па вуліцах населенага пункта і затрымліваецца каля чатырох алтароў, дзе чытаюцца фрагменты Евангелля.
Працэсія называецца эўхарыстычнай, таму што святар нясе Найсвяцейшы Сакрамэнт – Цела Хрыста. Удзел у працэсіі дае магчымасць вернікам падзякаваць Богу за ўсе дары, атрыманыя ад Яго.
Галоўная мэта ўрачыстасцяў Божага Цела — публічнае вызнаванне сваёй веры ў прысутнасць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, адданне Яму пашаны і падзяка за ўсе ласкі, а таксама перапрашэнне за знявагі, учыненыя праз чалавечую слабасць і грахі.
Урачыстай працэсіяй па вуліцах гарадскога пасёлка адзначылі свята Божага Цела і ў парафіі Перамянення Пана ў Вя­лікай Бераставіцы. Сотні вернікаў прынялі ўдзел у працэсіі, праслаўляючы Бога і даючы гэтым не толькі сведчанне сваёй веры, але і заахвочваючы іншых не баяцца паказваць сваю прыналежнасць да Хрыстовага Касцёла.
Працэсія завяршылася спевам гімна «Цябе, Бога, праслаўляем» перад пара­фіяльным касцёлам.

Ірына Міклаш, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *