Уладзімір Ліпскі — пра Бераставіцу


«Свіцязянская русалка» – незвычайная кніга вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага, якая расказвае пра непаўторныя краявіды і гістарычнае мінулае, вядомыя помнікі і знакамітых лю-дзей Бераставіцкага, Навагрудскага, Лідскага, Зэльвенскага, Карэліцкага, Слонімскага, Смаргонскага і іншых раёнаў Гродзенскай вобласці. Такое выданне, дзе прафесійны дзіцячы пісьменнік распавядае пра пэўны рэгіён, падрыхтавана ўпершыню. Гэтай кнігай выдавецтва «Літаратура і Мастацтва» распачынае серыю зборнікаў пад умоўнай назвай «Я тут жыву». Іх мэта – праз багацейшую гісторыю нашай краіны, яе стваральнае сягоння садзейнічаць выхаванню любові да сваёй краіны, імя якой – Беларусь. Дзеці павінны ведаць гісторыю і сучасную яву сваёй Радзімы.
Уладзімір Сцяпанавіч прыязджаў у наш раён два гады таму. Вывучаў яго гісторыю, легенды і паданні, сустракаўся з мясцовым краязнаўцам, метадыстам па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны РМЦ НТ М.І.Пацэнкам, наведваў раённую бібліятэку, школьны музей, гутарыў са школьнікамі—яго непасрэднымі чытачамі. Вынікам гэтай творчай паездкі пісьменніка сталі 54 старонкі нарысаў пра Бераставіччыну ў зборніку “Свіцязянская русалка”. Раздзел пра наш край носіць назву “Бераставіца—прыгажосці крыніца”. Пісьменнік пранікнёна, у даступнай форме расказвае пра гісторыю бераставіцкай зямлі, пра нашых знакамітых землякоў, пра паходжанні назваў некаторых вёсак, пра сучаснае жыццё гарпасёлка і г.д. Кніга прызначана для дзяцей, аднак і дарослым напэўна будзе цікава па-знаёміцца з ёй. А зрабіць гэта можна ў дзіцячай бібліятэцы.  
Для даведкі: Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі нарадзіўся 6 мая 1940 года ў вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна, пісьменнік. Лаўрэат прэмій: Дзяржаўнай літаратурнай Рэспублікі Беларусь, імя Аляксандра Грына, Янкі Маўра, Васіля Віткі. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Больш за трыццаць гадоў працуе галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”. На працягу дваццаці гадоў узначальвае Беларускі дзіцячы фонд. За справы міласэрнасці адзначаны Міжнароднай прэміяй імя Альберта Швейцэра і ордэнам Святога Дзімітрыя.
Аўтар звыш пяцідзесяці кніг для дарослых і дзяцей.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *