Тэхніка любіць добрыя рукі

Лента новостей Сельское хозяйство

IMG_0012Снежаньскі сцюдзёны дзень толькі набіраў сілу, быццам не хацеў пачынацца, шэрае зацягнутае неба не пакідала ніводнага шанцу прабіцца ўніз сонечнаму промню, а ў мехмайстэрні СВК імя Варанецкага панавала зладжаная рабочая абстаноўка. Механізатары так былі захопленыя сваёй справай – рамонтам тэхнікі, што не адразу ўдалося і дапытацца, дзе іх начальства. Яно аказалася побач, і таксама занятае, бо неадкладна вырашала нейкае надзённае пытанне. І толькі праз некалькі хвілін я змагла пагутарыць з галоўным інжынерам Юзэфам Гардзейкам.
Спецыяліст не толькі падрабязна расказаў мне, якая выдатная ў гэтай гаспадарцы тэхніка, і як добра яе даглядаюць, але нават прадставіў для параўнання карціну па вобласці, расказаў пра раёны, дзе яму давялося пабываць. Вядома, Бераставіччына вельмі выйграе ад такога параўнання, у чым не прыходзіцца сумнявацца, таму і арганізуюцца ў нас абласныя і нават рэспубліканскія мерапрыемствы, пераймаецца іншымі сельгаскааператывамі перадавы вопыт. Заробкі ў механізатараў у СВК імя Варанецкага дастойныя не толькі, напрыклад, у час сяўбы або жніва, але і тады, калі яны займаюцца складаным рамонтам. Людзі зацікаўлены ў выніках сваёй працы, і пра работнікаў у гаспадарцы клапоцяцца. Бытавыя ўмовы ў майстэрні належныя, а з сакавіка і да лістапада кожны год, калі вядуцца палявыя работы, працаўнікоў два разы на дзень бясплатна кормяць.
Мне было прапанавана самой упэўніцца, як належна захоўваецца энергаэфектыўная тэхніка ў гэтай гаспадарцы. Як на парадзе пастаўлены ў боксах у прыгожы стройны рад дагледжаныя камбайны. Зернеўборачных тут 10, з іх 5 — імпартныя. Апошні “Лексіён — 580” купілі 6 гадоў таму. Служыць тэхніка добра, бо яе берагуць і своечасова рамантуюць. Магутныя “жалезныя коні” адпачываюць зараз ад клопатаў на хлебнай ніве і быццам “набіраюцца сілы” для наступных напружаных сезонаў. Галоўны інжынер гаспадаркі Юзэф Гардзей і механізатар Антон Іядкоўскі яшчэ раз разам са мной ад душы палюбаваліся камбайнамі, якія забяспечаць будучыя здабыткі на жніве, калі зноў залатым патокам у агульны багаты куфар пальецца збожжа з новага ўраджаю.
Можна шчыра павіншаваць нашых землякоў з новай перамогай! У традыцыйным нядаўнім раённым аглядзе машынных двароў, калі правяралася пастаноўка тэхнікі на захаванне, стан майстэрняў і бытавыя ўмовы, СВК імя Варанецкага заняў першае месца.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *