Тыдзень роднай мовы ў Алекшыцкай школе

Лента новостей

45Родная мова пранікае ў чалавека ад зямлі, на якой ён нарадзіўся, ад людзей, сярод якіх ён жыве, ад бацькоў, якія далі яму жыццё і выгадавалі.
Я.Колас пісаў, што роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет.
У мове гучыць сэрца і душа народа. У гэтым яшчэ раз упэўніліся вучні Алекшыцкай школы, калі наведалі мерапрыемствы ў рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры, які праходзіў з 19 па 24 студзеня.
У час лінейкі, якая адкрывала тэматычны тыдзень, прагучалі цудоўныя словы беларускіх пісьменнікаў пра мову. Вучні ўпэўніліся, што кожнае слова ў нашай мове мае свой колер, і смак, і пах. У фае школы была аформлена выстава “З любоўю да роднага слова”. Вучні 10 класа наведалі мерапрыемства “Ёсць у паэта свой аблог цалінны”. Яны яшчэ раз далучыліся да цудоўных твораў Аркадзя Куляшова, успомнілі пэўныя моманты з яго жыццёвага і творчага шляху.
З вучнямі 2-4 класаў была праве­дзена лінгвістычная гульня “Ласкавае слоўка, як сонейка, грэе”. У час гульні вучні пазнаёміліся з моўным этыкетам, тлумачылі значэнне слоў, расстаўлялі націскі і правільна прамаўлялі словы. Са словамі ветлівасці складалі невялікія дыялогі. Вучні чыталі прыказкі, прымаўкі, тлумачылі іх сэнс.
Не засталіся ўбаку і вучні 5-9 класаў, якія наведалі літаратурную гасцёўню “Песня пра зубра, песня пра Беларусь” і брэйн-рынг “Скарбы роднага краю”. Конкурс выразнага чытання вершаў “У свеце слова” запомніўся вучням цудоўнымі выступленнямі Ганны Шумель, Ангеліны Кейко, Валерыі Ляпеша, Дзмітрыя Карпуця.
Напрыканцы тыдня для вучняў 5-11 класаў была праведзена гульня “Музычны калейдаскоп”. Удзельнікі конкурсу павінны былі пазнаць выканаўцу, назваць песню, слухаючы музыку. Паміж турамі конкурсу праводзіліся гульні з гледачамі. Навучэнцы разгадвалі крыжаванкі, удзельнічалі ў конкурсе “Карусель”, адказвалі на пытанні віктарыны “Мой родны край”. Дыпломы ўдзельнікаў конкурсу атрымалі шэсць вучняў школы, а лепшы вынік — у Таццяны Андрыянавай, вучаніцы 9 класа.
Тыдзень прайшоў, а роднае слова тлумачыць і далей нам ўсе дзівы свету. І словы Лелі Багдановіч павінны гучаць як лейтматыў у нашым далейшым жыцці:
Давайце не цурацца нашай мовы,
Заўжды на мове роднай размаўляць,
Бо хіба ёсць пяшчотней што,
чым словы,
Якія з вуснаў матчыных гучаць.
Яна крынічкай срэбнаю булькоча,
У паднябессе птушкаю ляціць
І зоркай разганяе цемру ночы,
Дае нам сілы і жаданне жыць.

Галіна Паплаўская, настаўніца
беларускай мовы і літаратуры
Алекшыцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *