Трыццаты сезон на жніве працуе Валянцін Цяслоўскі

Лента новостей

Трыццаты сезон на жніве працуе старшы камбайнер СВК “Малабераставіцкі элітгас” Валянцін Цяслоўскі (на здымку). Як і ў кожным занятку, тут патрэбна майстэрства, якое здабываецца вопытам, памножаным на зацікаўленасць і старанне. Ва ўсіх гаспадарках ёсць людзі, якія ствараюць сапраўдны “касцяк” калектыву. На іх раўняецца моладзь. Адзін з такіх працаўнікоў у элітгасе – Валянцін Цяслоўскі, выдатны прафесіянал і цікавы чалавек.
У гэтым годзе камбайнер убіраў рапс, а новае насенне гэтай запатрабаванай і выгаднай культуры ўжо прадаецца пакупнікам з вобласці. Калі ў мінулым годзе ў СВК “Малабераставіцкі элітгас” яго было 450 тон, дык у гэтым – 1209! Парадавала ўраджайнасць – 29,9 цэнтнера з гектара. Пра ўборку збожжавых старшыня Анатолій Коханаў гаворыць, што праблемы ў гэтым годзе зрабіла палегліца, інакш, безумоўна, тэмп яе быў бы больш хуткім. Стараюцца ўбіраць ураджай як мага лепш, не страчваць вырашчанае багацце.
А “азам” прафесіі Валянціна Цяслоўскага навучыў бацька, таксама камбайнер гэтай жа гаспадаркі. Пачынаў свой працоўны шлях хлопец разам з ім на камбайне СК — 5 “Ніва”. Першы раз бацька ўзяў сына ў поле малаціць, калі той толькі закончыў пяты клас. Былі яны ў перадавіках, а самае галоўнае, што бацька даў адчуць Валіку, якая гэта важная справа – жніво, і на ўласным прыкладзе паказаў, як трэба любіць сваю прафесію .
Пасля службы ў арміі Валянцін завочна вывучыўся на агранома ў Навагрудскім сельгастэхнікуме, але кажа пра такую спецыяльнасць коратка і ёміста: “Гэта не маё”. Больш падабаецца яму быць механізатарам і камбайнерам. Калі за справу бярэцца Цяслоўскі, у калектыве разумеюць, што ўсё будзе зроблена выдатна.
— Камбайнеру патрэбны зрок і рукі. Жаць – гэта як на гармоні іграць, умець трэба, — гаворыць Валянцін, сапраўдны майстар сваёй справы.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *