Трагедыя вёскі Верхаўляны

Беларусь помнит Лента новостей Общество

22 сакавіка ў Беларусі ўспамінаюць журботную дату. 78 гадоў таму разам з усімі жыхарамі фашысты спалілі вёску Хатынь. Мірная беларуская вёска, якая налічвала 26 двароў, была цалкам знішчана фашыстамі. Загінулі 149 чалавек, з іх 75 дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, самаму малодшаму было ўсяго 7 тыдняў. Праз 26 гадоў на месцы трагедыі адкрылі мемарыял, які стаў сімвалам памяці мірных ахвяр усіх так званых «вогненных вёсак». Тут створаны адзіныя ў свеце могілкі, на якіх сімвалічна пахавалі 186 беларускіх вёсак, што падзялілі лёс Хатыні. Не абмінула гэтая навала і наш раён. У гады вайны фашыстамі была спалена вёска Верхаўляны. Успаміны жыхаркі в. Верхаўляны Соф’і Карытка аб гэтай трагічнай падзеі надрукаваны ў раённай кнізе “Памяць”. Сёння мы прапануем іх увазе чытачоў нашай газеты:

— Дзясяткі гадоў прайшло з таго часу, як нямецкія фашысты спалілі нашу вёску Верхаўляны, але той бесчалавечны ўчынак стаіць перад вачыма і цяпер. Мы ніколі яго не забудзем, не павінны яго забыць і нашы нашчадкі.

Наша вёска каля лесу, вада блізка. Месца выгаднае. Часта прыходзілі партызаны, людзі, чым маглі, дапамагалі: хто бялізну памые, хто што-небудзь з адзення дасць, хто харчоў. Заходзілі і да мяне. Карміла не раз.

Гэта прадаўжалася нядоўга. Відаць, нехта данёс, што вёску наведваюць партызаны. Як цяпер помню той жудасны дзень, які назаўсёды запомніўся, — 20 мая 1942 года.

Было гэта ў нядзелю. Зранку пачулі шум машын, страляніну ў лесе. Немцы акружылі сяло, забралі і пагналі ў бок Малой Бераставіцы мужчын і хлопцаў, усіх каля сарака чалавек. У 11 гадзін страляць перасталі, немцы паехалі. Незвычайная трывожная цішыня апанавала вёску. Затым цішыню парушыў плач жанчын, крык дзяцей. Жанчыны не ведалі, што рабіць, куды падацца. Потым даведаліся, што мужчын пагналі ў Саколку, затым у Беласток. Там яны былі да 20 ліпеня.

Неаднойчы мы ездзілі ў Беласток, вазілі перадачы мужчынам. Потым перадачы браць перасталі.

Мы жылі ў пастаянным прад­чуванні бяды. I не памыліліся. 20 ліпеня зноў наехалі немцы, людзі былі падняты на ногі. Пачуўся страшны крык. Галасілі жанчыны, у страху туліліся да сваіх маці малыя. Нас усіх, хто быў у вёсцы, выгналі ў суседнюю вёску Гольні. Прадчуванне вялікага няшчасця сціскала сэрцы, мы здагадваліся, што будуць рабіць ворагі.

Вёску падпалілі ў трох месцах. Крытыя саломай хаты палалі, як свечкі, а ў хатах гарэла наша дабро, нажытае потам і мазалём. 3 адчаем глядзелі мы на языкі полымя, што шугала ў самае неба, як рушыліся сцены, падалі стрэхі.

Людзей агортваў жах, усё жывое нібы разумела страшэнную людскую бяду. Вылі сабакі, мычалі каровы.

У мяне нібы акамянела сэрца. Я стаяла і ўжо не магла плакаць. Пяцёра дзяцей туліліся да мяне.

Цэлы дзень гарэла вёска. Пад вечар фашысты ссеклі ўсе дрэвы, танкамі перамясілі зямлю, затым выраўнялі. Там, дзе ўчора яшчэ была вёска, ляжала роўная пляцоўка. Нішто тут не нагадвала людскога селішча.

Так і засталіся мы, жанчыны, з дзецьмі без жылля, без маёмасці. Неўзабаве яшчэ адна, самая страшная, бяда як абухом ударыла па галаве, аглушыла: мы даведаліся, што няма больш у жывых нашых мужчын. Жанчыны сталі ўдовамі, дзеці — сіротамі.

Так я засталася з дзецьмі. Малодшаму з іх быў толькі адзін год. Пайшлі мы ў Гольні да мужавай цёткі. У яе і жылі. Колькі пакут перанеслі, колькі гора выцерпелі — цяпер і ўспамінаць страшна. Галадалі, есці не было чаго, дзеці хадзілі жабраваць. Так і туляліся мы, аж пакуль нашы войскі немцаў не прагналі. Тады лягчэй было, хоць свабодна, без страху па сваёй зямлі хадзіць сталі. Спачатку хлеў склалі, затым хату пабудавалі. Потым з кожным годам жыццё наладжвалася. Падрасталі дзеці. Цяпер ужо і ўнукаў маю.

Падрыхтаваў Сяргей Хілюта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *