Таццяна Жэнгелевіч стала “Лепшым намеснікам старшыні сельскагаспадарчай арганізацыі па ідэалагічнай рабоце”

Актуально Лента новостей Человек и его дело

Сёлетнім пераможцам індывідуальнага раённага спаборніцтва за званне “Лепшы па прафесіі” ў намінацыі “Лепшы намеснік старшыні сельскагаспадарчай арганізацыі па ідэалагічнай рабоце” стала Таццяна Жэнгелевіч з СВК “Малабераставіцкі элітгас” (на здымку). Адзначу адразу, што чалавек гэты не выпадковы ў сваёй прафесіі, а гэта самае галоўнае для паспяховай самарэалізацыі. Шмат разоў мы сустракаліся з ёю, калі рыхтаваліся матэрыялы для газеты. І адразу было бачна, як проста, уважліва і добразычліва яна ставіцца да людзей, паважае іх працу, якая ў аграрным сектары хіба ці не самая цяжэйшая, чым дзе – небудзь яшчэ, і як такою ж узаемнасцю плацяць ёй яны. А калі ёсць узаемапавага, будзе і паразуменне.
Ды і яшчэ адно цікавае назіранне ў мяне было – тон у яе аднолькавы, калі яна гаворыць з тымі, у каго пасада вышэйшая, чым у яе, і з простымі людзьмі, а гэта верная прыкмета самадастатковасці чалавека.
— Я ведала, куды іду, калі назаўсёды выбірала вёску, — расказвае пра сябе Таццяна. – У нас дынастыя. Бацька мой быў намеснікам старшыні ў гэтай гаспадарцы, таму я ўяўляла, што працаваць з людзьмі не так проста. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта вярнулася дамоў, на малую радзіму. Працавала начальнікам аддзела кадраў у сельгаскааператыве, а з 2004 года стала намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце. Я заўсёды спачуваю людзям, калі яны расказваюць пра свае праблемы, а іх бывае нямала. З самага пачатку вырашыла для сябе, што краевугольны камень у вырашэнні розных пытанняў – справядлівасць. Хутка, без зацягвання трэба вырашаць праблемы, гэта самы просты і лепшы шлях.
Сумленне для Таццяны – унутраны кантралёр. І людзі гэта адчуваюць і ёй давяраюць. У гаспадарцы клапоцяцца пра пажылых і нямоглых людзей, інвалідаў, ветэранаў вайны і малалетніх вязняў канцлагераў, пра шматдзетныя сем’і і іншых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Іх віншуюць са святамі, стараюцца дапамагчы матэрыяльна. Дапамагаюць, калі трэба, і з рамонтам дома, і дзецям перад пачаткам навучальнага года. Калі пажылы і адзінокі чалавек не можа вырошчваць на сваім участку бульбу, не пакінуць і яго без увагі. Напрыклад, у гэтым годзе выдзелілі па 300 кілаграмаў клубняў.
І не толькі такі клопат пра мясцовых жыхароў у полі зроку Таццяны Сяргееўны і старшыні сельгаскааператыва, але яшчэ і арганізацыя вольнага часу дарослых і дзяцей. Ён павінен праводзіцца карысна і змястоўна. Напрыклад, прапагандуецца здаровы лад жыцця. І гэта не на словах, а для таго, каб на самай справе ўвасобіць задумку, арандуецца спартыўная зала ў Малабераставіцкай сярэдняй школе. Разам з трэнерам Анатолем Пашкевічам дарослыя і дзеці ўдзельнічаюць у розных спаборніцтвах. Многія тут захапляюцца спортам. І якая гэта радасць для бацькоў, што іх дзеці не прадстаўлены самі сабе ў той час, калі дарослыя працуюць, а занятыя карыснай справай, развіваюць свае здольнасці і стараюцца дасягнуць большага. За кошт гаспадаркі пастаянна дакупляецца спортінвентар, аднаўляецца спартыўная форма для каманды.
СВК “Малабераставіцкі элітгас” закупіў сваю ўласную музычную апаратуру. Мастацкі кіраўнік Аляксандр Сяўко разам з іншымі нераўнадушнымі людзьмі, сярод якіх, вядома, і Таццяна Жэнгелевіч, арганізуюць на святы цудоўныя вечары адпачынку.
Праводзяцца і розныя акцыі. Для бібліятэкі былі сабраны кнігі, якія дома людзі ўжо прачыталі і якія “здабылі другую маладосць” і, магчыма, парадуюць некага яшчэ.
А колькі ў сельгаскааператыве надзённых спраў, якія патрабуюць “умелай рукі” ідэолага! Здараецца, што і ў нерабочы час прыходзіцца аб’язджаць сем’і або абавязаных асоб, якія не жадаюць працаваць і ўтрымліваць уласных дзяцей. І дома разумеюць, што ў жонкі і маці такая работа. Таццяну Сяргееўну чакаюць з нецярпеннем, таму што менавіта яна – апора сваёй дружнай сям’і, а муж ва ўсім ёй дапамагае. Ён родам з Вілейкі, служыў на мяжы. Калі пазнаёміліся, ён дзяўчыне адразу спадабаўся сваёй рашучасцю і надзейнасцю, а застацца жыць вырашылі ў гэтых маляўнічых мясцінах. Зараз ён вядучы інжынер па маркетынгу ў СВК “Пархімаўцы”. У сям’і двое дзяцей. Сын Артур ужо закончыў школу, а калі вучыўся, дык неаднаразова ўдзельнічаў у алімпіядах па працоўным навучанні і займаў прызавыя месцы ў раёне і вобласці. Дачка Анжаліка вучыцца ў пятым класе і авалодвае ігрой на фартэпіяна. Муж падтрымлівае жонку ва ўсіх яе справах, разумее спецыфіку работы, і яны разам імкнуцца, каб дзеці былі выхаванымі, дастойнымі і чулымі людзьмі. У двухпакаёвай кватэры Жэнгелевічаў утульна, а па выхадных пахне смачнымі мамінымі пірагамі.
— А чаму кватэра двухпакаёвая? – пытаюся я. – У вас жа разнаполыя дзеці. Ці не маглі за столькі гадоў палепшыць вашай сям’і ў гаспадарцы жыллёвыя ўмовы?
— Ды неяк за праблемамі іншых людзей некалі было вырашаць асабістыя, — саромеецца Таццяна. – Добра, што ўсе працаўнікі ў нас у сельгаскааператыве забяспечаны жыллём.
І ў гэтым яна ўся – сціплая і добрая жанчына. Яна і прывабная менавіта сваёй душэўнай цеплынёй, што і адзначаюць калегі па рабоце, а таксама працаўнікі гаспадаркі. І калі ёсць прымаўка: “Не месца красіць чалавека, а чалавек месца”, дык гэта пра яе. Такое ўражанне склалася ў мяне ўжо даўно.
– Не заўсёды бывае проста. Я б нічога не дасягнула адна без шчырай падтрымкі і парад кіраўніцтва – ранейшага старшыні Анатоля Коханава і цяперашняга – Антона Вярышкі, — гаворыць Таццяна Сяргееўна. –Я вельмі ўдзячна таксама нашай вясковай моладзі, бо без яе энтузіязму не было б многіх добрых спраў. І мне ад душы хочацца пакланіцца ўсім руплівым працаўнікам, з якімі разам мы падтрымліваем і нясём далей гонар элітнай гаспадаркі, якіх не так шмат у рэспубліцы.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *