Сяўба азімых збожжавых прайшла на Бераставіччыне ў аптымальны тэрмін

Лента новостей Сельское хозяйство

2016_03_14_1Пад ураджай наступнага года азімых збожжавых культур на зерне ў гаспадарках Бераставіччыны адведзена 9550 гектараў. Пад жыта — 50 гектараў, пад пшаніцу — 4760, пад трыцікале – 4540, пад ячмень – 200 гектараў.
Якаснаму насенню пастаянна надаецца ў нас вялікая ўвага. Па словах галоўнага агранома Бераставіцкай раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Таццяны Жыўлюк, сяўба азімых збожжавых прайшла на Бераставіччыне ў аптымальны тэрмін якасным насенным матэрыялам да другой рэпрадукцыі. Пры захаванні сучасных тэхналогій можна разлічваць, што расліны раскрыюць свой багаты патэнцыял.
Айчынныя вучоныя прыкладваюць усе намаганні, каб парадаваць аграрыяў. Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробству займаецца вывядзеннем новых перспектыўных гатункаў. Напрыклад, нядаўна вытворцам быў прапанаваны новы гатунак жыта Паўлінка. Ён знайшоў сабе прымяненне на Бераставіччыне ў СВК “Пархімаўцы”, і нездарма. Традыцыйная запатрабаваная культура – жыта зараз атрымлівае сапраўдную “другую маладосць”. Радзімай яго з’яўляецца Азія – Турцыя, Іран, Афганістан. Адтуль жыта распаўсюдзілася і на еўрапейскія тэрыторыі многія стагоддзі таму, а славяне пачалі яго культываваць у часы Кіеўскай Русі. Сама назва “жыта” гаворыць аб тым, наколькі такое зерне было важнае для жыцця. Культура гэтая не патрабуе асабліва ўрадлівай глебы, яна быццам сама стараецца “дапамагчы чалавеку”. Жыта запатрабаванае ў харчовай прамысловасці краіны. У залежнасці ад умоў вырошчвання зерне яго ўтрымлівае ад 9 да 17 працэнтаў бялку і цэлую скарбонку вітамінаў. Па сваіх пажыўных якасцях жыта саступае толькі пшаніцы. У апошні час з’явілася шмат адметных гатункаў хлеба з гэтых дзвюх культур. Так яны ўдала дапаўняюць адна адну. Жыта выкарыстоўваецца таксама ў вытворчасці крухмалу, спірту. А ў размолатым выглядзе такое зерне і вотруб’е з’яўляюцца выдатным канцэнтраваным кормам для буйной рагатай жывёлы і свіней. Зялёная маса жыта таксама прымяняецца для кармлення жывёлы. Сеецца гэтая культура і як сідэрат, бо з’яўляецца адным з лепшых папярэднікаў. Гатунак Паўлінка высокаўраджайны, устойлівы да палягання.
Новая азімая пшаніца Мроя пасеяна ў КСУП “Пагранічы-Агра”. Яна створана шляхам адбору з гібрыднай папуляцыі. Сярэдняя ўраджайнасць Мроі – 66 цэнтнераў з гектара, а пры спрыяльным надвор’і і належным доглядзе яна можа даць і 82 цэнтнеры з гектара каштоўнага зерня. У СВК “Малабераставіцкі элітгас” пасеялі новы гатунак пшаніцы Аўгусціна. Яна адаптаваная да нашых кліматычных умоў, устойлівая да захворванняў. Такая пшаніца можа даць высокі ўраджай.
Трыцікале новага гатунку Дынама высеяна ў КСУП “Малабе­раставіцкі элітгас” і КСУП “Пагра­нічны-Агра”. Культура таксама нясе ў сабе багаты патэнцыял.
Зрабіўшы стаўку на ранейшыя апрабаваныя і новыя перспек­тыўныя гатункі азімых збожжавых, аграрыі могуць спадзявацца, што іх чаканні апраўдаюцца.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *