Сярод экспанатаў выстаўкі скарбаў у Гродне ёсць і скарб, знойдзены ў Мінчыках Бераставіцкага раёна

Год малой родины

“Хтосьці хавае, хтосьці знаходзіць…”. Так называецца выстаўка скарбаў Беларусі, якая адкрылася 30 чэрвеня ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі. У прасторнай Сенатарскай зале Новага замку выстаўлена каля 30 скарбаў, знойдзеных на тэрыторыі Гродна, Гродзенскай вобласці і Мінска. Сярод іх і скарб, знойдзены ў Мінчыках Бераставіцкага раёна.

Скарбы можна падзяліць па тэмах: манетныя, бытавыя, фамільныя, гістарычныя. Цікавасць у даследчыкаў прабуджаюць гістарычныя рэчы, якія зніклі на пэўны час, а потым іх нечакана знайшлі. І адраджаецца гісторыя.
Вялікую частку ўсіх прад­стаўленых скарбаў складаюць медныя, срэбныя, залатыя манеты розных часоў і эпох. Гэта антычныя манеты Сярэднявечча, Вялікага княства Літоўскага, Каралеўства Польскага, Расійскай імперыі і іншых краін свету пачатку ХХ стагоддзя.
Найбольш цікавыя фамільныя скарбы Чацвярцінскіх з Жалудка, Венжык-Відаўскіх з Гродна, Нямцэвічаў з Цецяроўкі. Высокамастацкі срэбны посуд з Мінскага скарбу можна разглядаць гадзінамі. У бераставічан жа цікавасць з гістарычнага пункту гледжання, безумоўна, выклікае скарб, знойдзены 18 жніўня 1989 года на тэрыторыі пагранзаставы Мінчыкі ваеннаслужачымі в/ч 2141 М. Каленчуком і В. Касцецкім падчас здабычы пяску на месцы былога фальварка Цецяроўка.
Скарб уяўляе сабой гістарычныя рэчы, які збіраліся родам Нямцэвічаў на працягу двух з паловай стагоддзяў. Пачынальнікам калекцыі з’яўляўся Юліян Урсын-Нямцэвіч.
У склад скарбу ўваходзілі 68 прадметаў. Гэта сталовае срэбра, вайсковыя атрыбуты, узнагароды, ювелірныя кубкі, манеты Рэчы Паспалітай і Англіі 1920-ых, дакументы на імя польскага ротмістра Ежы Урсын-Нямцэвіча (1892-1951), апошняга ўладальніка маёнтка Цецяроўка. Скарб быў схаваны ў верасні 1939 года пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР.
Род Нямцэвічаў вядомы ў Беларусі. Напрыклад, Станіслаў Францішак (1753-1817) – дзяржаўны дзеяч ВКЛ, гродзенскі маршалак і губернатар. Юліян (1758-1841) – вядомы польскі пісьменнік і гісторык.
У пачатку ХХ стагоддзя Ням­цэвічы парадніліся з Каса­коўскімі бераставіцкай лініі і пражывалі ў маёнтку Цецяроўка. Цікавасць да гэтага роду я праявіў, вывучаючы спадчыну Касакоўскіх на Бераставіччыне. У кнізе А. Гладышчука “Нямцэвічы. Сапраўдная гісторыя” (Мінск, 2009) сустрэў пісьмо Ежы Урсын-Нямцэвіча ад 28 студзеня 1990 года, які з’яўляецца непасрэдным удзельнікам хавання памятных рэчаў пад Мінчыкамі.
Пісьмо з’явілася водгукам на публікацыю артыкула “Тайна скарбу” ў “Гродзенскай праўдзе” ад 26 жніўня 1989 года. З ліста Ежы стала вядома, што свае памятныя рэчы хавалі трое чалавек: ён сам, дзядзька-вайсковец Ежы Урсын-Нямцэвіч, уладальнік маёнтка Цецяроўка, і яго 16-гадовы сын Юзаф. Аўтар ліста меў на той час 15 год. Хавалі найбольш каштоўныя сямейныя рэліквіі. Гэта два срэбныя імянныя кубкі канца ХVII-XVIII стагоддзяў Юліяна Урсын-Нямцэвіча. Адзін з іх зроблены ў Гданьску майстрам М. Якабам і аздоблены рэльефнымі выявамі сцэн, якія датычацца святаў, звязаных з Раством Хрыстовым. У другім кубку варшаўскі майстар Т. Клімашэўскі ўмацаваў калекцыю з дваццаці манет і медалёў XIV–XVIII стагоддзяў.
Сярод вайсковых памятных рэчаў – бронзавая булава Андрэя Урсын-Нямцэвіча, камандзіра пераможнай бітвы з туркамі пад Венай у 1683 годзе. Булава сімвалічная, мае серыю партрэтаў ваяроў паміж шчытамі з пчоламі. Булава, як джала, напамінае ворагам аб небяспецы. Ёсць тут і рынграф афіцэрскі XVIII ст. часоў паўстання Тадэвуша Касцюшкі (1794 г.), ад’ютантам якога быў Юліян Урсын-Нямцэвіч. На бронзавай шчытападобнай пласціне награвіраваны польскі арол у кароне з медальёнам на грудзях.
У мінчыцкай калекцыі таксама тры ўзнагароды – знакі палкоў войска Польскага 1920-1929 гадоў, якія належалі ротмістру Ежы Урсын-Нямцэвічу, апошняму ўладальніку Цецяроўкі. Сталовае срэбра – прыданае Людвікі Марыі Касакоўскай (1893-1978), жонкі ротмістра Ежы Урсын-Нямцэвіча і старэйшай дачкі ўладальніка маёнтка ў Вялікай Бераставіцы Юзафа Касакоўскага (1866-1917). Лепшым узорам высомастацкай вытанчанай работы сярод сталовых прадметаў з’яўляецца збан туалетны, срэбны з ванначкай.
Вялікая выстава скарбаў будзе цікавая не толькі для гісторыкаў і апантаных краязнаўцаў, але і для шырокага кола дапытлівых жыхароў Бераставіччыны.
Андрэй Втарушын, настаўнік гісторыі мастацтваў Бераставіцкай ДШМ, краязнаўца.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *