Сям’я Пяцельчыц – удзельнік абласнога конкурсу «Уладар сяла»

Лента новостей Общество

Неверагодна яркім і насычаным выдаўся мінулы ўік-энд для жыхароў Гродзеншчыны, якія сабраліся ў Слоніме на святкаванне Дня беларускага пісьменства. Традыцыйна гэта падзея сабрала і маладыя сем’і, якія з’ехаліся з розных куткоў Прынёманскага краю з мэтай пазмагацца за званне “Уладара сяла”.

Сярод дзесяці сямей-удзель­ніц былі і прадстаўнікі Бера­ставіччыны – мнагадзетная сям’я Валяр’яна і Вікторыі Пяцельчыц з аграгарадка Канюхі.

З дня нараджэння гэтай сям’і мінула ўжо восем гадоў, кожны з якіх поўны кахання, падтрымкі і вернасці. Валяр’ян і Вікторыя выхоўваюць чатырох цудоўных дзетак, якіх лічаць сваім галоўным багаццем і дасягненнем – сыноў Мікіту і Уладзіслава і дачушак Сняжану і Анастасію. Дружныя і згуртаваныя, яны заўсёды падтрымліваюць адзін аднаго, у гэтым і крыецца сакрэт іх сямейнага шчасця. А яшчэ, як прызналіся самі Пяцельчыцы – яны любяць вясковае жыццё і не гатовыя мяняць яго на гарадское.

Падчас свята маладыя сем’і прадэманстравалі сваё майстэрства: арыгінальныя “візітныя карткі”, фірменныя стравы і пачастункі, уменне хутка запрэгчы каня, спраўляцца з пілой і сякерай, падтрымліваць адзін аднаго ў спартыўных спаборніцтвах і на сцэне і шэраг іншых.

І хоць у тройку лідараў сям’і Пяцельчыц увайсці не ўдалося – крыху не хапіла балаў – яны дастойна справіліся з усімі выпрабаваннямі, якія прадугледжваў конкурс.

— Канешне, крыўдна, што не мы сталі пераможцамі, бо вель­мі шмат часу і сіл паклалі на падрыхтоўку да абласнога этапу, але галоўнае ж не гэта, — усмі­хаецца мама чатырох дзетак Вікторыя Пяцельчыц. – Галоўнае, што мы атрымалі велізарны вопыт, сталі больш згуртаванымі і ўважлівымі адзін да аднаго.

Увогуле кажучы, мы ні разу не пашкадавалі, што прынялі ўдзел, бо праграма была вельмі цікавая, і ўражанняў засталося на год уперад, асабліва ў дзяцей. Прыемна было пазнаёміцца ​​і пагутарыць з іншымі сем’ямі-ўдзельніцамі.

Хацелася б сказаць вялікі дзякуй кіраўніцтву КСУП “Мака­раўцы” ў асобе намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алесі Мікалаеўны Капіцы і супрацоўнікам РК ГА “БРСМ”, якія аказалі нам вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў конкурсе, падтрымлівалі нас і словам і справай і былі побач у самыя адказныя моманты.

Гэты конкурс даў магчымасць нашай маладой сям’і паказаць сябе, і, як гаворыцца, паглядзець на іншых. Безумоўна, уражанняў і эмоцый засталася маса, і ўсе яны – незабыўна прыемныя, — падагульніла Вікторыя Пяцельчыц.

Анжаліка Дудко



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *