Сямейны бізнес прадпрымальнікаў з Вялікай Бераставіцы

Лента новостей

Мы, народжаныя ў Савецкім Саюзе, прывыклі да сацыяльных гарантый і да таго, што кожны меў права на працу, пра што клапацілася дзяржава. Вядома, індывідуальнага прадпрымальніцтва тады не было, і калі нехта нешта дзесьці купіў, а потым перапрадаў з “накруткай”, дык гэта лічылася спекуляцыяй. Рынкавай эканомікі таксама не было, усё замяшчаў план. Зверху вырашалася, колькі і чаго нам трэба спажыць, а таксама даводзіліся адпаведныя заданні для вытворчасці. А ў ВНУ ў адукацыйных праграмах былі нават прадметы – эканоміка сацыялізму і эканоміка капіталізму. У наш час адышло ў нябыт паняцце дэфіцыту – пастаяннага спадарожніка ранейшага жыцця, не трэба стаяць у чэргах, паўсюдна ёсць багаты выбар тавараў.
Зразумела, прадпрымальніцтва нідзе не прыжывалася лёгка. Вядомы амерыканскі празаік Джон Стэйнбэк апісвае, як у адным з гарадкоў Амерыкі мясцовыя жыхары шмат гадоў таму раптам узлаваліся на працалюбівых карэйцаў, якія гандлявалі на вуліцах свежай зелянінай, і разграмілі іх лаўкі. Рухала імі прымітыўная зайздрасць, што нехта больш увішны, чым яны. Але калі праз пару дзён гаспадыні не змаглі гатаваць смачныя стравы, бо не стала свежай пятрушкі і кропу за “капейкі”, амерыканцы адумаліся. Не, яны не сталі самі корпацца ў зямлі, каб вырошчваць такую патрэбную ўсім зеляніну. Яны пажадалі, каб карэйцы ізноў занялі сваю нішу і аднавілі немудрагелісты бізнес.
У нас таксама нялёгка многім было пераступіць праз стэрэатып, што робячыся індывідуальным прадпрымальнікам, ты літаральна не ведаеш чаго чакаць, таму што гэта была “нязведаная вобласць”.
Ва ўладальнікаў магазіна “Будматэрыялы” ў г. п.В.Бераставіца Зэшутаў – сямейны бізнес. Мабыць кожны з нас хаць адзін раз рабіў там пакупкі і застаўся задаволены. Калі нейкай неабходнай рэчы няма ў іншым магазіне, самі прадаўцы прапануюць: “Спытайце ў Зэшута”. А калі і там няма, то гаспадары вам прапануюць прыйсці пазней і патрэбную рэч прывязуць пад заказ. А гэта вельмі зручна. Пра ветлівасць ужо і казаць не трэба. Што вам там не “нахамяць”, само сабой зразумела. Хто ж пойдзе туды другі раз, калі б сустрэлі вас няветліва?
Індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Зэшут – чалавек, можна сказаць, з новай, рынкавай эканомікі. Толькі аднойчы, у ранняй маладосці, ён паўтара месяца працаваў у час жніва памочнікам камбайнера. На гэтым яго вопыт працы не “на сябе” вычэрпваецца. Ён сам сабе гаспадар, вядома, будучы пры гэтым законапаслухмяным грамадзянінам. А пачынала сямейны бізнес мама – Яніна Валяр’янаўна. Некалі, амаль 20 гадоў таму яе, эканаміста, скарацілі з работы. І як аказалася, да лепшага. Але сям’я, па словах Сяргея, “з жахам” успамінае тыя часы, калі гандлявалі на марозе ў цэнтры Бераставіцы, рынак тады яшчэ не быў пабудаваны. Грошай хапала, каб за-плаціць падаткі і купіць наступную партыю тавару і каб пражыць. Пасля таго быў вагончык на рынку, потым памяшканне па вуліцы Леніна, дзе працаваў бацька Сяргея, Станіслаў Іванавіч, затым на аўкцыёне куплены будынак побач, дзе зрабілі капітальны рамонт. У планах – далейшае развіццё сямейнага бізнесу. Дарэчы, і брат Сяргея – таксама індывідуальны прад-прымальнік.
Тавар завозіцца ад аптавікоў з Гродна і Мінску. Займацца бізнесам выгадна. Да таго ж, Зэшуты ні разу не пакарысталіся дапамогай дзяржавы, разлічваюць толькі на ўласныя сілы. Менавіта так і гаворыць Сяргей:
— Нам трэба спадзявацца толькі на сябе і больш ні на каго…
У іх такая звычка, крэда. А пра тое, што гэта самадастатковыя людзі, гаворыць факт, што не ў баку яны і ад дабрачыннай дапамогі. Пра гэта яны не любяць гаварыць, і правільна, дабро робіцца не для афішыравання і каб атрымаць удзячнасць, а для душы.
У развітых краінах прадпрымальніцтва складае значны сектар эканомікі. У нас яшчэ такога няма. Таму дзяржава стымулюе развіццё дзелавой ініцыятывы. Для гэтага выдзяляецца кансультацыйная і матэрыяльная падтрымка. І калі “працэс пойдзе”, ад гэтага выйграюць і дзяржава, і людзі. А ўвогуле, за энергічнымі людзьмі будучае.
На здымку: сям’я Зэшут.
Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *