СЭРЦА ГЕТМАНА ХАДКЕВІЧА

Из истории земли Берестовицкой Культура

У сваіх папярэдніх артыкулах я расказваў аб тым, што згодна з інфармацыяй, якую прыводзіць у сваёй кнізе ўладальнік Вялікай Бераставіцы Станіслаў Казімір Касакоўскі (1837-1905), некалі ў галоўным алтары старога парафіяльнага касцёла над цыборыўмам была замацавана металічная ўрна з сэрцам легендарнага палкаводца, вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча. Прыводзіў я ўскосныя доказы і таго, што праз нейкі час пасля перабудовы касцёла ў царкву (1866), гэты саркафаг быў перапраўлены Касакоўскімі з Бераставіцы ў больш бяспечнае месца – сваю рэзідэнцыю Вайткушкі Ковенскай губерні. Там ён быў размешчаны ў алтары палацавай капліцы.
Сёння хачу вярнуцца да гэтай цікавай і інтрыгуючай тэмы і ўзгадаць яшчэ адзін момант, звязаны з дадзенымі падзеямі.
Малодшы сын Станіслава Казіміра Касакоўскага Ян Яўстах Касакоўскі (1900-1979), які жыў у першай палове ХХ ст.у Вайткушках, пазней у сваіх успамінах — “Нататках з дзіцячых гадоў 1903-1910”, апісвае вось які загадкавы выпадак, звязаны з сэрцам Хадкевіча. Прыводжу ўрывак з “Нататкаў” у перакладзе з польскай мовы.
“… З вайткушскай капліцы перыядычна па вечарах даносіўся вельмі моцны грукат. Аднойчы мы туды ўвайшлі, але ўбачылі, што ўсё там на сваіх месцах. Потым, пасля некалькіх такіх моцных водгукаў, я пераканаўся, што справа тут звязана з гетманам Каралем Хадкевічам, сэрца якога вісіць над алтаром. Апанаваныя цікавасцю, мы разам з адным вайткушскім хлопцам патаемна знялі сэрца і здзерлі папяровую стужку, што склейвала дзве металічныя паловы скрыначкі у выглядзе сэрца. На аркуш паперы высыпалі адтуль цёмнакарычневы парашок. Я моцна здзівіўся, што так магло выглядаць сэрца. Парашок усыпалі назад, заклеілі паперай шчыліну і сэрца вярнулася на сваё месца ў капліцы. Ці паўтараўся пасля гэтага шум у капліцы, не памятаю… Да таго, у вялікіх і пустых вайткушскіх калідорах часта па начах чуліся крокі, час ад часу можна было таксама чуць скрып дзвярэй каля капліцы, хаця ўсё неаднаразова правяралася і загадзя было вядома, што там абсалютна нікога няма”. Хачу яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што размова ў да­дзеным выпадку ідзе аб сэрцы палкаводца гетмана Яна Караля Хадкевіча. Справа ў тым, што постаць гэтага чалавека часамі блытаюць з асобай яшчэ аднаго прадстаўніка рода Хадкевічаў, уладальніка Бераставіцы Яна Казіміра Хадкевіча, віленскага каштэляна, які памёр у Крулеўцу (сёння Калінініград) у 1660 годзе, быў перавезены ў Бераставіцу і тут пахаваны ў старым драўляным касцёле. Пахаванне Яна Казіміра ўзгадвае ў сваіх дакументах віцебскі ваявода Ян Антоні Храпавіцкі, які асабіста прымаў удзел у гэтай урачыстасці (“Дыярыюш Я.А Храпавіцкага”). У гэтым жа касцёле ў Бераставіцы былі пахаваны і двое сыноў уладальніка мястэчка Ежы Караль (16 гадоў) і Міхал Канстанцін (12 гадоў), якія памерлі ў Варшаве падчас эпідэміі, а таксама яго жонка Соф’я Пац, перажыўшая мужа амаль на шэсць гадоў. Пасля смерці ў гонар кожнай з гэтых асобаў у драўляным бераставіцкім касцёле былі ўсталяваны эпітафійныя табліцы на лацінскай мове, акрамя табліцы Соф’і Пац, надпіс на якой быў выкананы па-польску. Дакладна вядома, што пазней, пасля разборкі драўлянага храма, эпітафіі былі перанесены ў новы мураваны касцёл (пасля 1741 г.). Усе гэтыя табліцы былі зроблены з рэдкіх пародаў мармуру.
Дарэчы, у палацы Касакоўскіх у нашым мястэчку захоўваўся каштоўнейшы архіў. Тут былі дакументы, якія ўтрымлівалі дакладную інфармацыю аб асобах, пахаваных у бераставіцкім касцёле.
Але вернемся да “Нататкаў” Касакоўскага. Прачытаўшы гэты ўрывак з тэксту, можна зрабіць выснову, што саркафаг з сэрцам гетмана Яна Караля Хадкевіча, аб якім ідзе размова, ускрываўся яшчэ да вышэйзгаданых падзей, паколькі дзве яго металічныя паловы былі склеены стужкай звычайнай паперы. Традыцыйна перад урачыстым пахаваннем сэрца такія ўрны наглуха залітоўваліся альбо шчыльна заклёпваліся.
Згодна з хрысціянскім вучэннем, у сэрцы чалавека знаходзіцца яго бессмяротная душа. Некалі культ чалавечага сэрца быў вельмі распаўсюджаны ў Еўропе. Таму працэсы экскарнацыі – аддзялення ад цела ўнутраных органаў і сэрца з далейшым іх захаваннем у асобных урнах, часта мелі месца і ў Рэчы Паспалітай часоў Яна Караля Хадкевіча. Часцей за ўсё гэта рабілася ў асяроддзі заможных і ўплывовых у грамадстве людзей.
У такі спосаб былі пахаваныя многія дзяржаўныя дзеячы нашай мінуўшчыны — Вялікі Князь Літоўскі Вітаўт (Вітольд), каралі Ўладзіслаў Ягайла, Зыгмунт (Жыгімонт) Стары, Аўгуст ІІ Моцны, які некалі надаў Вялікай Бераставіцы статус мястэчка, каралева Бона Сфорца, князёўна Ганна з Косткаў Астрожская (цёшча гетмана Хадкевіча) – ваяводзіна валынская, адна з даволі ўплывовых у свой час асобаў у дзяржаве, і многія іншыя.
Не выключэннем тут было і пахаванне вялікага гетмана Яна Караля Хадкевіча. Урна з “душой” Хадкевіча ў выглядзе металічнага сэрца была пахавана асобна ад цела. Працяглы час яна знаходзілася ў касцёле ў Вялікай Бераставіцы. Чаму, менавіта, у нашым мястэчку – яшчэ адна загадка, паколькі ў мінулым Бераставіцай увесь час валодалі Хадкевічы, сваякі Яна Караля, але толькі па іншай лініі. Праз нейкі час урна была вывезена ў маёнтак Вайткушкі графаў Касакоўскіх, што ў Вілкамірскім павеце. Там і губляецца след рэліквіі.
Малюнак выканаў гарадзенскі мастак-рэстаўратар Ула­дзімір Кіслы.
Сяргей Лушчык, г.Гродна



5 комментариев по теме “СЭРЦА ГЕТМАНА ХАДКЕВІЧА

  1. Паважаны чытач “Бераставіцкай газеты” Антон, цешусь, што мой артыкул Вас зацікавіў. Сумна, калі пытанні і заўвагі адсутнічаюць увогуле. Не выключаю, што акрамя вышэйзгаданых мной крыніц, ёсць і іншыя, больш старэйшыя. Але для гэтага патрэбен час. Калі знайду яшчэ што-небудзь цікавае па гэтаму пытанню, абавязкова паведамлю.

  2. Интересная статья. Но удивительно то. что легенда про сердце Ходкевича принадлежит только роду Коссаковских. Не пробовали ли, Вы, Сергей, найти другой источник об реальности этой легенды до Коссаковских?

  3. Паглядзець палац Касакоўскіх ў Вайткушках на старых фотаздымках можна тут http://echapolesia.pl/index.php?mact=Echa,cntnt01,showarticle,0&cntnt01issue_id=8&cntnt01article_id=140&cntnt01returnid=15.
    Здымкі выкананы ўладальнікам Вайткушак і Вялікай Бераставіцы Станіславам Казімірам Касакоўскім ў 1900-1901гг. і пайшлі на фотавыставу, якая праходзіла ў 1901 г. ў Варшаве, і на якой ўладальнік нашага мястэчка атрымаў срэбрны медаль. На здымках:

    1) Касакоўскія і іх сваякі на фоне палацу ў Вайткушках, дзе быў размешчаны саркафаг (урна) з сэрцам Яна Караля Хадкевіча. Справа за групай жанчын ў светлых сукенках узвышаецца фігура Юзэфа Касакоўскага, фундатара пабудовы новага касцёла ў Вялікай Бераставіцы. Ёсць ў цэнтры на заднім плане і аўтар фотаздымка бацька Юзэфа Касакоўскага Станіслаў Казімір.
    2) Інтэр’ер аднаго з залаў палацу. На сценах вісяць партрэты вялікіх князёў літоўскіх (каралёў польскіх). Не выключана, што гэтыя партрэты выканаў Станіслаў Шчэнсны Касакоўскі, які таксама быў ўладальнікам нашага мястэчка.
    3) Станіслаў Казімір Касакоўскі, праўдападобна, з адной з жонак (быў жанаты тры разы).
    4) Новы палац Касакоўскіх ў Вялікай Бераставіцы. Завяршэнне аддзелачных работ (1901).
    5) Так выглядала згаданая вышэй фотавыстава ў Варшаўскай ратушы. На стэндах размешчаны экспанаты.
    6) Кветнік перад фасадам палацу ў Вайткушках.

  4. Адказ на гэтае пытанне змешчаны ў самым пачатку артыкула. Былы ўладальнік некалі магутнай рэзідэнцыі графаў Касакоўскіх у Вайткушках Ян Яўстах Касакоўскі апісвае гэтыя падзеі ў сваіх “Нататках з дзіцячых гадоў”. Пазней гэтыя ўспаміны апублікавала яго дачка Соф’я Касакоўская. Аб сэрцы вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча ўзгадваюць таксама ўладальнік Вялікай Бераставіцы Станіслаў Казімір Касакоўскі ў сваёй кнізе “Monografie historyczno-geneologiczne niektorych rodzin polskich”, даследчык Роман Афтаназы ў “Dzieje rezydencji na dawnych Kresach Rzeczypospolitej”, узгадкі пра сэрца гетмана ёсць у “Польскім слоўніку геаграфічным” і ў шматлікай сучаснай гістарычнай літаратуры.
    Дадам, што Ян Яўстах у сваіх “Нататках” шмат месца адводзіць апісанню розных загадкавых і невытлумачальных з’яваў, якія адбывалісь некалі ў вялікім палацы Касакоўскіх у Вайткушках. Гэтаму прысвечаны цэлы раздзел яго ўспамінаў.
    Згодна з хрысціянскім вучэннем у сэрцы чалавека, які з праха выйшаў і ў прах абернецца, знаходзіцца яго бессмяротная душа. Таму культ чалавечага сэрца быў вельмі распаўсюджаным у Еўропе тых часоў.
    Дарэчы, кароль і таленавіты палкаводзец Стэфан Баторы, якім, будучы яшчэ юнаком захапляўся Ян Караль Хадкевіч, памёр 12 снежня 1586 г. ў Гродне, быў анатаміраваны і пахаваны згодна з яго воляй ў скляпеннях аднаго з касцёлаў горада. Праз нейкі час цела ўсёж забралі ў Кракаў. Аднак ёсць вялікая верагоднасць, што саркафаг з сэрцам караля назаўсёды застаўся ў Гродне, месца знаходжання якога да гэтага часу застаецца загадкай. Сёння гэтую праблему фактычна не ўзгадваюць.

  5. Интересная статья и рисунок. Какие исторические документы использовались автором?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *