Сустрэча з маладымі людзьмі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, прайшла ў Бераставіцкім аддзеле ўнутраных спраў

Лента новостей

23 лютага, у Дзень абаронцаў Айчыны, свята сапраўдных мужчын, у раённым аддзеле ўнутраных спраў адбылася прафілактычная сустрэча з маладымі людзьмі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх або схільныя да правапарушэнняў. Пераважная большасць з іх – хлапчукі, ужо нават юнакі, але сваімі паводзінамі годнае званне будучага мужчыны — абаронцы, на жаль, пакуль не апраўдваюць. І менавіта аб тым, што трэба зрабіць, каб вырасці сапраўдным чалавекам, і ішла размова падчас сустрэчы.
Прафілактычная работа з непаўналетнімі вядзецца пастаянна, але тым не менш, рост правапарушэнняў сярод падлеткаў працягваецца, асабліва ўзрастае колькасць крадзяжоў. Таму ў рамках праграмы “Падлетак”, якая прынята з мэтай прафілактыкі злачыннасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, і адбылося гэтае мерапрыемства.
На ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх на сённяшні дзень знаходзіцца 40 падлеткаў, пераважная большасць з іх – навучэнцы Бераставіцкага і Малабераставіцкага ліцэяў (37 чалавек) і 3 школьніка (2 – Вялікабераставіцкай СШ і 1 — з Пархімаўскай БШ). Менавіта яны былі запрошаны на мерапрыемства, а таксама і тыя, у каго назіраецца схільнасць да супрацьпраўных паводзін.
Адкрываючы сустрэчу, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Маркевіч падкрэсліў сур’ёзнасць абстаноўкі, якая склалася з правапарушэннямі ў маладзёжным асяроддзі, папярэдзіў аб адказнасці, якая чакае кожнага за здзейснены неабдуманы ўчынак, аб тым, што сучасная тэхніка дапамагае раскрыць практычна кожнае злачынства.
Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Ігар Жыцкі расказаў, што ў мінулым годзе непаўналетнія здзейснілі 9 злачынстваў (крадзяжы), трое падлеткаў, якія не сталі на шлях выпраўлення, былі накіраваны ў спецустановы.
Ён звярнуў увагу на тое, што часта маладыя людзі не задумваюцца аб наступствах сваіх дзеянняў, але ў далейшым гэта можа сур’ёзна паўплываць на іх лёс: пры складанні адміністрацыйнага пратакола за з’яўленне ў стане алкагольнага ап’янення непаўналетні адразу ставіцца на ўлік да ўрача-нарколага, а гэта потым адмоўна скажацца пры атрыманні вадзіцельскага пасведчання, пры прызыве на воінскую службу правапарушальнікі не трапяць у элітныя войскі, у будучым ім будзе закрыты шлях да многіх спецыяльнасцей і прафесій.
Пракурор раёна Ала Кузьма адзначыла, што прафілактыка злачынстваў сярод непаўналетніх з’яўляецца адным з напрамкаў дзейнасці пракуратуры, растлумачэнне патрабаванняў заканадаўства праводзіцца пастаянна, каб перасцерагчы моладзь ад здзяйснення злачынстваў. А няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці. Звярнула ўвагу Ала Аляксандраўна і на тое, што падлеткі часта тлумачаць свае паводзіны тым, што “я быў п’яны і не разумеў, што раблю..” Але факт алкагольнага ап’янення не змякчае пакарання, а наадварот, абцяжарвае.
Яшчэ адзін фактар, які павінен прымусіць задумацца, — гэта матэрыяльная адказнасць, якая лажыцца на бацькоў, бо менавіта ім прыходзіцца ў прамым сэнсе расплачвацца за ўчынкі сваіх дзяцей. А з павелічэннем базавай велічыні значна ўзрасце і памер штрафаў.
У той жа час, зазначыла Ала Аляксандраўна, пракуратура стаіць на абароне правоў непаўналетніх і заўсёды стараецца даць ім шанс на выпраўленне.
Педагог сацыяльны Бераставіцкага СПЦ Алена Балінская заклікала маладых людзей навучыцца гаварыць “не!” падазроным кампаніям і шкодным звычкам. Яна таксама выказала думку аб тым, што такая мера, як грамадскія работы, да якіх прыцягваліся б самі непаўналетнія правапарушальнікі ў кошт пакрыцця штрафаў, была б куды больш дзейснай, чым пакаранне рублём бацькоў.
Аб неабходнасці зрабіць першы крок на добрую дарогу да выпраўлення гаварыў і вікарый касцёла Перамянення Гасподняга г.п.В.Бераставіца а.Анджэй Іадкоўскі. Ён тлумачыў маладым людзям, што нельга марнаваць сваё жыццё і што толькі сам чалавек павінен выбраць, якім шляхам ісці, ніхто іншы за яго гэта не зробіць.
На заканчэнне сустрэчы падлеткам паказалі відэафільм, зняты аб тых непаўналетніх, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Асабіста мне як маці было балюча глядзець кадры і слухаць прызнанні дзяцей, якія толькі за кратамі зразумелі ўсю сур’ёзнасць таго, што яны нарабілі, і ўсю адказнасць, якую ім трэба цяпер несці.
Спадзяюся, што фільм не пакінуў абыякавымі і тых, для каго ён быў спецыяльна падрыхтаваны. Як і экскурсія ў ізалятар часовага затрымання, каб паглядзець, у якіх умовах даводзіцца знаходзіцца тым, хто стаў на шлях правапарушэнняў і злачынстваў. Бо арганізатары мерапрыемства хацелі менавіта таго, каб кожны малады чалавек задумаўся аб тым, што паламаць сваё жыццё вельмі проста, а вось паправіць і рэабілітаваць сябе – шлях доўгі і складаны.
Ірына Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *