Стыпендыяты Фонду міру з Бераставіччыны

Лента новостей

Традыцыйна два разы ў год Гродзенскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Беларускі  фонд міру” рамках рэалізацыі  праграмы “Адораныя і таленавітыя – будучыня свету” ўстанаўлівае спецыяльныя  стыпендыі для лепшых навучэнцаў і студэнтаў Гродзеншчыны.

Кандыдатаў на атрыманне гэтай стыпендыі прадстаўляюць раённыя аддзяленні Фонду міру. Сёлета ад Бераставіччыны на атрыманне стыпендыі Фонду міру былі вылучаны вучаніца 8 класа Паплаўскага ясляў-сада-базавай школы Марыя Гурская і дзевяцікласнік Пархімаўскай базавай школы Аляксей Арцюхевіч.

Марыя Гурская выхоўваецца ў мнагадзетнай сям’і, мае добрыя здольнасці да вучобы, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці сваёй навучальнай установы. У школе яе характарызуюць як старанную, працавітую і вельмі адказную вучаніцу.

Актыўным удзельнікам класных, школьных і многіх раённых мерапрыемстваў з’яўляецца і Аляксей Арцюхевіч. У мінулым навучальным годзе ён наведваў факультатыў “Дзікая прырода Беларусі”, дзе актыўна займаўся даследчай дзейнасцю. І гэта дало свой плён: у лістападзе 2016 года Аляксей  стаў пераможцам абласнога этапу  рэспубліканскага конкурсу эколага-біялагічных работ навучэнцаў.

3 лютага старшыня Бераставіцкага раённага аддзялення Беларускага фонду міру Валянцін Арцюхевіч наведаў установы адукацыі, дзе вучацца Марыя і Аляксей, і ўручыў ім Ганаровыя граматы “За высокія паказчыкі ў вучобе і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці”, памятны нагрудны знак “Стыпендыят Фонду міру” і саму стыпендыю ў памеры трох базавых велічынь. Валянцін Аляксеевіч падзякаваў стыпендыятам за старанную вучобу і іх дасягненні, а таксама заклікаў іншых вучняў прыкладаць усе намаганні для  атрымання   стыпендыі Фонду міру.

Дарэчы, Валянцін Арцюхевіч заўважыў, што ўручэнне стыпендый Беларускага фонду міру становіцца магчымым з-за падтрымкі і добраахвотных ахвяраванняў, якія робяць грамадскаму аб’яднанню ў тым ліку і жыхары,  і працоўныя калектывы раёна. У мінулым годзе больш за 40 арганізацый і ўстаноў Бераставіччыны пералічылі грашовыя сродкі на рэалізацыю праграм дзейнасці Беларускага фонду міру, і за гэта старшыня  раённага аддзялення выказаў усім шчырую падзяку.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *