Старадварэцкія школьнікі адправіліся ў госці да суседзяў

Лента новостей

У рамках абласной акцыі “Да суседзяў” вучні Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы  наведалі школьны гісторыка-этнаграфічны музей Вярэйкаўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.

Вучні пазнаёміліся з цікавымі экспанатамі, з гісторыяй, ваеннымі і працоўнымі подзвігамі аднавяскоўцаў. Падарожжа па музеі правяла яго кіраўнік Вольга Грышкевіч.

Кожны аддзел музея адкрыў для вучняў шмат цікавага і невядомага.

Так, дзеці даведаліся, што піянерская дружына носіць імя Ніны Хомка, якая ў гады вайны выратавала піянерскі  сцяг, а потым усё жыццё працавала ў мясцовай школе, а пярвічная арганізацыя БРСМ носіць імя Івана Ясюкевіча, былога вучня школы, які загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу ў Афганістане. Дарэчы, родны брат яго пражывае ў аграгарадку Стары Дворац.

Пры правядзенні гістарычнай віктарыны нашы вучні актыўна адказвалі на пытанні, адшуквалі і называлі прадметы, пра якія ішла гаворка. У гэтым, вядома, дапамагалі і заняткі, экскурсіі, якія праводзяцца ў нашым школьным музеі.

Вельмі зацікавілі вучняў этнаграфічныя народныя гульні, якія правяла ў музеі музыкальны кіраўнік школы Ірына Ядзейка.

Пасля наведвання музея дзеці  пазнаёміліся са школай, прыгожымі, прасторнымі класамі. Асаблівую зацікаўленнасць выклікала наведванне трэнажорнай залы, дзе кожны вучань мог пазаймацца на трэнажорах і пагуляць у тэніс.

Задаволеныя паездкай да суседзяў, усю дарогу дадому вучні дзяліліся ўражаннямі і меркаваннямі.

Акцыя “Да суседзяў” дае магчымасць больш цесна пазнаёміцца з установамі, якія знаходзяцца побач, адкрыць для сябе штосьці новае і проста знайсці новых сяброў.

Нездарма кажуць: “Блізкі сусед лепш, чым далёкая радня”.

Зоя Уцепяргенава, класны кіраўнік 6 класа Старадварэцкага

ясляў-сада-базавай школы

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *